У якой форме і зь якімі мэтамі можа адбыцца грамадзкі дыялёг паміж уладай і апазыцыяй? Ці зьяўляецца намер сесьці за адзін стол з Лукашэнкам «здрадай дэмакратыі»? Ці гатовая да такога дыялёгу апазыцыя і ці можа яна абʼяднацца дзеля патэнцыйнага ўдзелу ў круглым стале з уладай? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Інтэрвію тыдня» адказвае лідэр руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.
— Вы адзін зь нямногіх палітыкаў, хто даволі абгрунтавана ў асобным допісе нядаўна выказалі сваё стаўленьне да ідэі круглага стала. Як бы вы коратка тут акрэсьлілі свае адносіны да гэтай ідэі?
— За больш як 20-гадовы пэрыяд кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ўжо ня першы раз узьнікае ідэя правядзеньня круглага стала, нейкіх перамоваў паміж апазыцыяй і ўладай. Але вынікаў ад тых спробаў не было, а сам час і ідэю перамоваў Лукашэнка выкарыстоўваў для ўмацаваньня сваёй улады.
Але я бачу адрозьненьні паміж сытуацыяй ранейшай і цяперашняй. І тады, і цяпер была пэўная пагроза для ўлады Лукашэнкі, але тады яна зыходзіла знутры — ад незадаволенасьці грамадзтва, ад дзеяньняў апазыцыі, якая тады была моцная і абʼяднаная. Цяпер гэтая пагроза ідзе звонку. І на коне стаіць ня толькі ягонае знаходжаньне на пасадзе прэзыдэнта, а ўвогуле існаваньне Беларусі як незалежнай дзяржавы. І гэты чыньнік прымушае ўлады задумацца аб правядзеньні перамоваў унутры беларускага грамадзтва, аб фармаваньні пэўнага грамадзкага кансэнсусу ў ключавых пытаньнях — найперш пытаньнях незалежнасьці і далейшага разьвіцьця краіны.
— Але як праблема пагрозы незалежнасьці краіны можа дапамагчы круглы стол?
— Каб эфэктыўна супрацьстаяць пагрозе страты незалежнасьці, трэба абʼяднаць усё беларускае грамадзтва. Аляксандар Лукашэнка 20 гадоў толькі і рабіў , што дзяліў беларусаў на ляяльных да ягонай улады і ўсіх астатніх. Сёньня паўстала неабходнасьць абʼяднаць беларусаў вакол пытаньня незалежнасьці. І ўжо ня так важна, ці будуць за адным круглым сталом знаходзіцца тыя, хто па-ранейшаму верыць у гэтую ўладу, і яе праціўнікі. Бо пытаньне захаваньня незалежнасьці павінна абʼядноўваць усё беларускае грамадзтва.
— Натуральна, што многія больш радыкальна настроеныя людзі прымаюць ідэю круглага стала як нейкую здраду. Што б вы ім адказалі?
— Можна бясконца чакаць палітычнай сьмерці гэтага рэжыму. Частка апазыцыянэраў і аналітыкаў займаецца гэтым ужо 20 гадоў. Але хацелася б бачыць нейкія пэрспэктывы для краіны. Таму дзеля гэтага можна ахвяраваць нейкімі старымі крыўдамі і падумаць, што можам разам зрабіць для краіны.
Трэба казаць пра ўмовы і варункі, на якіх сустрэча павінна адбыцца. Натуральна, што калі за круглы стол сядзе разрозьненая апазыцыя, якая ня мае супольнага парадку дня, кожны з удзельнікаў якой прыйдзе са сваімі праблемамі і пытаньнямі, эфэкту ад гэтага ня будзе. Улада проста зробіць імітацыю, зробіць выгляд, што кагосьці паслухала — і на гэтым усё скончыцца. За прадстаўнікамі апазыцыі павінны стаяць грамадзкія інтарэсы. Сёньня ёсьць унікальная магчымасьць прадстаўляць інтарэсы людзей, незадаволеных эканамічнай і сацыяльнай палітыкай уладаў. Сытуацыя з дэкрэтам аб «дармаедах» падштурхнула палітычныя і грамадзкія сілы на працу зь незадаволенымі людзьмі і адстойваньнем іхных інтарэсаў.
— Але ці можа апазыцыя фармальна абʼяднацца ў нейкую агульную структуру, калі зьявіцца такая непасрэдная патрэба? Здаецца, на гэта трэба ня больш за некалькі дзён. Але ці сапраўды гэта так лёгка?
— Гэта складаны працэс, і амбіцыі палітычных лідэраў нікуды не падзенеш. Але перадусім трэба думаць пра тыя рэчы, якія важныя для краіны і для грамадзтва. На сёньня я бачу ў першую чаргу неабходнасьць супольных дзеяньняў у супрацьстаяньні «русскому миру». Лукашэнка тут нічога ня можа альбо ня хоча рабіць, а апазыцыйныя партыі маюць свае прапановы ў гэтым кірунку.
Другі блёк пытаньняў — гэта эканоміка. Моцная дзяржава будзе тады, калі яна існуе ва ўмовах вольнага рынку, калі ня душыцца прадпрымальніцкая ініцыятыва, калі законы спрыяюць бізнэсу і інвэстыцыям. Нікуды не падзецца і ад пытаньня падзелу і разьмеркаваньня ўладных паўнамоцтваў. Гэта магчыма толькі праз свабодныя выбары. Тая частка грамадзтва, якая не задаволеная дзеяньнямі ўлады, павінна мець сваіх прадстаўнікоў у заканадаўчай уладзе.
— Задача апазыцыі — зьмяніць уладу. Альбо шляхам выбараў, альбо іншым, больш радыкальным шляхам. А тут, калі апазыцыя, напрыклад, ідзе на круглы стол з уладай, ці азначае гэта «мы ўжо не імкнёмся скінуць Лукашэнку, мы зь ім дамаўляемся»?
— Ні ў якім разе мы не павінны размаўляць пра шляхі захаваньня сёньняшняй улады. Прадметам нашай размовы мусіць быць новая Беларусь — незалежная, дэмакратычная, дзе шануюцца правы і свабоды грамадзянаў, дзе дзейнічаюць законы, а ня ўказы вэртыкалі. І Лукашэнка, як мне здаецца, таксама пачынае гэта разумець. Іншае пытаньне, ці знойдзе ён сабе месца ў новай Беларусі.
— Інтарэс апазыцыі ў правядзеньні круглага стала відавочны. Але ў чым інтарэс Лукашэнкі ісьці на гэты круглы стол? Ён можа сказаць «хай ідзе як ідзе, і ня трэба ніякіх зьменаў»?
— Галоўны інтарэс апазыцыі — не пасядзець за адным сталом з Лукашэнкам, а дамагчыся рэальных зьменаў. Калі будзе відаць, што адбываюцца сурʼёзныя незваротныя працэсы, ёсьць сэнс у гэтым удзельнічаць. Калі гэта чарговая балбатня, то пасьля першай сустрэчы круглы стол і спыніцца.
Лукашэнка мае свой інтарэс ад кансалідацыі беларускага грамадзтва. Бо, страціўшы незалежнасьць, ён страціць усё
Лукашэнка мае свой інтарэс ад кансалідацыі беларускага грамадзтва. Бо, страціўшы незалежнасьць, ён страціць усё. Ён страціць ня толькі ўладу, але і пэрспэктывы для сябе самога і для самой сямʼі. Ён ужо немалады чалавек і павінен задумвацца пра сваю будучыню. Ці яму давядзецца зьехаць з гэтай тэрыторыі, якая будзе кантралявацца Крамлём, — а Крэмль яму ніякіх гарантыяў ня дасьць. Ці ён здолее заставацца і жыць у незалежнай Беларусі, дзе паважаюцца законы.
— Мы ня можам забыцца на мінулае, у якім былі і зьніклыя палітыкі, і зьняволеньні пасьля 19 сьнежня 2010 году. І што — забыцца на ўсё гэта? Адны так і кажуць: ня трэба палохаць цяперашнюю ўладу люстрацыямі і рэпрэсіямі.
— Усе гэтыя цёмныя старонкі беларускай гісторыі не павінны быць забытыя. Але судзьдзямі тут мусяць стаць не прадстаўнікі апазыцыі ці ўлады. Першае пытаньне, якое трэба выносіць на парадак дня —незалежная судовая сыстэма. І пасьля, у незалежным судзе, які не кіруецца званкамі, няхай абвінавачваныя даказваюць сваю невінаватасьць у падзеях мінулых гадоў.
— Ці можна казаць, што ўлада цяпер аслабла? Ці гэта толькі ілюзія і колькасьць незадаволеных дэкрэтам аб «дармаедах» нічога не мяняе ў моцы ўлады, якая мае тыя ж вэртыкалі і сілавыя структуры?
— Улада, на маю думку, сёньня даволі моцна дэзарыентаваная. Тая падушка бясьпекі, якую яна выкарыстоўвала ў эканоміцы, цяпер проста зьдзьмутая, і абаперціся няма на што. Спадзяваньні знайсьці нейкія крэдыты ў краінах трэцяга сьвету не апраўдваюцца. У пляне эканомікі сытуацыя амаль безвыходная.
Яшчэ горш сытуацыя выглядае з электаральнай падтрымкай Лукашэнкі. Калі раней ён абапіраўся на падтрымку сваіх прыхільнікаў, то зараз гэтая база моцна размытая. Частка адышла ў лягер прыхільнікаў рускага сьвету, і іхныя галовы прамытыя прапагандай. Частка людзей ацэньвае пустыя кашалькі і ня верыць у палітыку Лукашэнкі. Гэта стварае пэўныя пагрозы для далейшага ўтрыманьня сытуацыі. І тут недастаткова будзе абапірацца толькі на сілавыя структуры, на якія таксама бракуе грошай.