Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі лічыць, што ўлада можа пагадзіцца на правядзеньне агульнанацыянальнага круглага стала, але няма падстаў меркаваць, што гэта прывядзе да трансфармацыі палітычнага рэжыму ў Беларусі.
Галоўны рэдактар газэты «Народная Воля» Ёсіф Сярэдзіч падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам выступіў з прапановай правесьці агульнанацыянальны круглы стол. Паводле Сярэдзіча, гэтую прапанову прэзыдэнт прынамсі не адкінуў.
Размаўляючы з карэспандэнтам Свабоды, Класкоўскі зьвярнуў увагу на тое, што спробы правесьці круглы стол у Беларусі ў тым ці іншым выглядзе раней ужо мелі месца:
«Быў так званы шырокі дыялёг у 1999 годзе. І потым, калі Ўладзімер Макей узначальваў Адміністрацыю прэзыдэнта, была створана Грамадзка-кансультатыўная рада. Але тыя экспэрымэнты былі ня надта ўдалыя. І ў першым выпадку сарваўся гэты дыялёг, і другім разам была згорнутая праца, прычым некаторыя яе ўдзельнікі былі абвінавачаны ў радыкалізьме і дэструктыўных заявах. Таму, калі глядзець на рэтраспэктыву, можна казаць, што ўлада ў нейкіх цяжкіх для сябе сытуацыях ці проста дзеля таго, каб напаказ Захаду нешта выставіць, можа прыбягаць да такіх формаў», — кажа ён.
Класкоўскі не выключае магчымасьці правесьці вялікі круглы стол, асабліва ў сёньняшніх умовах: эканамічны крызіс, крызіс у дачыненьнях з Расеяй і імкненьне Лукашэнкі нармалізаваць адносіны з Захадам.
«Гэта тыя чыньнікі, якія могуць падштурхоўваць уладу да пэўных сцэнараў такога кшталту. Мне здаецца, што нядаўняя „Вялікая размова з прэзыдэнтам“ 3 лютага — гэта якраз быў такі пробны шар, хоць і ня надта ўдалы, бо такі фармат аказаўся яшчэ больш маніпуляцыйны, чым звычайныя прэс-канфэрэнцыі. Шмат каму проста не далі выказацца, а калі там і выступаў Яраслаў Раманчук, то ўсё роўна ляйтматыў быў такі, што Лукашэнка мудрэйшы і ведае лепей, чым гэтыя лібэральныя тэарэтыкі. Таму мой прагноз такі: ня выключана стварэньне такой структуры, але вялікае пытаньне, наколькі далёка захоча ўлада пайсьці ў сапраўдным, а не бутафорскім дыялёгу з грамадзтвам. Увогуле, улады і апазыцыя павінны паміж сабой дыскутаваць у парлямэнце. У нармальных дэмакратыях апазыцыя сыстэмная, і там ня трэба прыдумляць нейкія рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта, бо апазыцыя рэальна ўдзельнічае ў палітычным жыцьці і мае сваю трыбуну», — кажа аналітык.
Доказам таго, што апазыцыю Лукашэнка не зьбіраецца дапускаць да рэальнага ўдзелу ў палітычным жыцьці, на думку Класкоўскага, служыць нежаданьне ўлады мяняць выбарчае заканадаўства адпаведна з рэкамэндацыямі АБСЭ.
«Сказаўшы „А“, улада мусіць казаць „Б“, бо гаварыльня дзеля гаварыльні нікому не патрэбная. Гэта значыць, так ці інакш, хаця б пакрысе, трэба ладзіць нейкія палітычныя рэформы, каб апанэнты дзейнай улады мелі магчымасьць рэальна ўдзельнічаць у палітыцы. Але пакуль ня бачна такога жаданьня ва ўлады, і ёсьць вялікае пытаньне, наколькі ў прынцыпе яна здольная трансфармавацца», — кажа экспэрт.