24 лютага ўчастковы інспэктар Цэнтральнага РАУС Гомеля, маёр міліцыі Сяргей Жытнікаў склаў адміністрацыйны пратакол на прававога інспэктара Беларускага незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Леаніда Судаленку — за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які прайшоў у абласным цэнтры 19 лютага.
«Я не зьбіраюся хавацца, — кажа Леанід Судаленка. — Пагадзіўся пайсьці ў міліцыю па званку, не чакаючы позвы. Маёр Жытнікаў склаў у дачыненьні да мяне пратакол паводле часткі 1 артыкула 23.34 КаАП — парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Патлумачыў, што мяне міліцыя ідэнтыфікавала на падставе здымкаў. Запытаў яшчэ, ці буду я пярэчыць, што знаходзіўся ў калёне, ішоў па ходніках вуліцы Савецкай ад плошчы Паўстаньня і да плошчы Леніна, дзе выступаў на мітынгу. Я падпісаў пратакол, зрабіўшы на яго пісьмовыя заўвагі: «З пратаколам ня згодны, аргумэнты нязгоды прадстаўлю суду. Апрача таго, выказваю нязгоду з пачаткам вядзеньня ў адносінах да мяне адміністрацыйнага працэсу».
Леанід Судаленка сказаў, што маёр міліцыі адхіліў усе ягоныя хадайніцтвы, у тым ліку на прысутнасьць здымачнай групы. Не было далучана да справы і пісьмовае рашэньне камітэту ААН па правах чалавека, які 28 сьнежня 2015 году прызнаў неабгрунтаванай забарону Гомельскім гарвыканкамам ягонай просьбы наконт правядзеньня масавага мерапрыемства ў Дзень абароны правоў чалавека.
«Хадайнічаў таксама, каб міліцыя прыпыніла вядзеньне супраць мяне адміністрацыйнай справы, пакуль урад Беларусі ня зробіць захадаў адносна прывядзеньня беларускага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у адпаведнасьць зь міжнароднымі абавязаньнямі, як тое рэкамэндаваў Камітэт ААН. Але ніводнага з хадайніцтваў маёр Жытнікаў да справы не далучыў. Папярэдзіў толькі, што пратакол дашле ў суд, і ўжо адтуль мне трэба чакаць позвы на разбор», — сказаў Леанід Судаленка.
Напярэдадні з Цэнтральнага РАУСу тэлефанавалі яшчэ васьмі грамадзкім актывістам і блогерам, якія, на думку міліцыянтаў, спрычыніліся да арганізацыі найбольш масавай за апошнюю чвэрць стагодзьдзя акцыі пратэсту — «Маршу недармаедаў». Тэлефонныя запрашэньні ў міліцыю атрымалі Васіль Палякоў, Уладзімер Кацора, Анатоль Паплаўны, Уладзімер Няпомняшчых, Максім Філіповіч, Дзьмітры Сабураў, Мікалай Пяшко, Віктар Рубцоў.
«Сёньня на паседжаньні створанага нядаўна камітэту руху „За адмену дэкрэту № 3“, — тлумачыць намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў, — было вырашана не хадзіць у міліцыю безь пісьмовай позвы. Мы павінны бачыць, хто і ў якасьці каго выклікае актывістаў. Такая сумятлівая рэакцыя праваахоўных органаў празь пяць дзён пасьля „Маршу недармаедаў“ сьведчыць, што паступіла каманда разабрацца з найбольш актыўнымі яго ўдзельнікамі. Відаць, улады напалохаліся незвычайнай актыўнасьці гараджанаў. Але, як падаецца, уладам трэба больш думаць, як адмяніць дэкрэт, а не як прыціснуць апазыцыйных актывістаў. У іншым разе сацыяльнае напружаньне будзе толькі ўзрастаць».
Паводле маёра Жытнікава, позвы ў міліцыю дасланыя ўсім вышэйзгаданым удзельнікам нядзельнага шматтысячнага «Маршу недармаедаў».
Тым часам у камэнтарах наконт выклікаў актывістаў у міліцыю гамельчукі пішуць: «Сорам будзе, калі цяпер мы не падтрымаем тых людзей, якія зарганізавалі гэты пратэст мірна і цывілізавана. Інакш хто мы будзем?»