Баранавічы — 26 лютага, 12.00
Акцыя «Мы не дармаеды» адбудзецца на плошчы Леніна.
«Мяне не зьдзіўляе, што першымі сілавікоў нацкавалі на дэманстрантаў у Гомелі. Гэта рэакцыя на распачатую ў межах кампаніі „Мы не дармаеды“ эстафэту Маршаў недармаедаў у рэгіёнах. Такім чынам улада хоча лякалізаваць пратэст на кухні і не дапусьціць, каб ён распаўсюдзіўся па вуліцах і плошчах краіны. Калі ў нядзелю сотні людзей выйдуць на вуліцу ў Баранавічах, значыць, улада можа выкінуць складзеныя раней адміністрацыйныя пратаколы ў сьметніцу», — пракамэнтаваў будучую акцыю старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
Бабруйск — 26 лютага, 12.00
Акцыя пачнецца на плошчы Леніна. У сацыяльных сетках паведамляецца, што акцыя будзе насіць мірны характар:
«Мы далучаемся да агульнанацыянальнай кампаніі супраць неканстытуцыйнага дэкрэту № 3. Зьбіраемся 26 лютага ў 12.00 на плошчы Леніна, каб аб’яднацца і мірна выказаць уладам свой пратэст».
Берасьце — 26 лютага, 12.00
Акцыя пачнецца на плошчы Леніна, каля аблвыканкаму. Арганізатараў няма, людзі зьбіраюцца праз сацыяльныя сеткі.
Віцебск — 26 лютага, 12.00
Акцыя пачнецца на плошчы Перамогі. Як паведаміла Свабодзе віцебская актывістка БХД Тацяна Севярынец, у гэты ж час на плошчы будзе адбывацца афіцыйнае мерапрыемства — Масьленіца.
«Масьленіца будзе з аднаго боку, мы — з другога. Думаю, што пэўныя захады ўлады будуць рабіць, каб перашкодзіць маршу недармаедаў. Як мы будзем дзейнічаць, вызначым на месцы», — сказала Севярынец.
***
На мінулых выходных пратэсты супраць падатку «на дармаедзтва» прайшлі ў Менску, Гомелі, Берасьці, Віцебску, Горадні.
17 лютага ў Менску адбылася найбуйнейшая ў краіне за апошнія гады дэманстрацыя, удзел у ёй узялі ад 2 да 3 тысяч чалавек. Ачолілі акцыю Мікола Статкевіч, Уладзімер Някляеў, лідэры анархічнага руху Беларусі.
19 лютага ў Гомелі ня менш як 1000 чалавек прайшлі маршам і скандавалі лёзунгі супраць дэкрэту «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».
Па некалькі соцень удзельнікаў сабралі акцыі ў Віцебску, Горадні і Берасьці. Яны таксама прайшлі ў нядзелю, 19 лютага.
Акцыі прайшлі без інцыдэнтаў і без папярэдняга ўзгадненьня з уладамі.