2014 год падкасіў міт пра беларускую стабільнасьць

Андрэй Ягораў

Чым 2014 год, які вось-вось адыдзе, найбольш запомніўся беларускім палітыкам і экспэртам?

Кіраўнік Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў падзеі 2014 году камэнтуе «ў адваротным адліку»:

«Калі лічыць ад апошняга, то гэта, вядома, той валютны крызіс, які напаткаў Беларусь напрыканцы году, і зьвязаныя зь ім кадравыя перастаноўкі.

Далей — узнаўленьне і інтэнсыфікацыя беларуска-эўрапейскага супрацоўніцтва. Фактычна гэта — узнаўленьне дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем.

Безумоўна, сярод найважнейшых падзеяў — перамовы па Ўкраіне ў Менску. І наагул уся гэтая сытуацыя вакол Украіны, дзе Беларусь спрабуе балянсаваць, каб, з аднаго боку, не ўхіліцца ад расейскага курсу, а з другога — захаваць як бы крэдыт сваёй незалежнасьці.

Гэта і падпісаньне дамоваў аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу, і адначасова гандлёвыя войны з Расеяй, якія паказваюць усю бессэнсоўнасьць гэтай ініцыятывы.

Атрымаўся такі, можа, геапалітычны год для Беларусі. Ён зьвязаны з традыцыйнымі для Менску ваганьнямі паміж Усходам і Захадам. Але яны сёлета вельмі абвастрыліся ў сувязі з расейскай агрэсіяй супраць Украіны».

Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што яму 2014 год найбольш запомніўся «рэвалюцыяй годнасьці» ва Ўкраіне:

«І той расейскай агрэсіяй, якая, на жаль, пачалася пасьля таго, як украінцы пазбавіліся ад свайго дыктатарскага рэжыму.

Натуральна, гэтая падзея запусьціла і паскорыла шмат якія працэсы. У тым ліку і ўнутры Беларусі. Таму і запомнілася тое аднаўленьне, тая новая папулярнасьць беларускай мовы і нацыянальнай культуры. Гэта сапраўды шалёна папулярныя курсы беларускай мовы, гэта вышыванкі. І ўсё тое, што з гэтым зьвязана. Гэта, безумоўна, быў трэнд 2014 году.

І, натуральна, запомнілася вызваленьне палітычных вязьняў. Мы нарэшце пабачылі на волі некаторых людзей, якія даволі шмат часу правялі за кратамі. І гэта — добрыя падзеі».

Сяргей Мусіенка

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «EcooM» Сяргей Мусіенка сказаў Свабодзе, што падзеі ў Беларусі сёлета вызначаюцца «сур’ёзнымі выклікамі, якія падкідваюць нам суседзі»:

«Тая ж сытуацыя ва Ўкраіне. Яна была настолькі нестандартная, настолькі нетыповая. Але Беларусь вельмі прыстойна паказала сябе ў гэтай сытуацыі.

Ну, і расейскі крызіс. І тое, што за ім пайшло. Як мы яму супрацьстаялі. І як супрацьстаім.

То бок — гэта тыя выклікі, якія нам падкідваюць жыцьцё і бліжэйшыя суседзі. Але жыцьцё не стаіць на месцы. Я спадзяюся, што дынаміка гэтых працэсаў і разьвіцьцё гэтага супрацьстаяньня ў 2015 годзе будуць спадаць».

Аляксандар Ярашук

«Галоўнае ў 2014 годзе — тое, што быў канчаткова скасаваны міт пра беларускую стабільнасьць», — лічыць старшыня Беларускай канфэдэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

«Курс, які доўжыцца ўжо 20 год, ніякіх пэрспэктываў нашай краіне не нясе. І, з майго пункту гледжаньня, сёлета створаны ўсе ўмовы для яго банкруцтва. Падзеі напрыканцы году з валютай, ажыятажам — сымбалічныя.

Мне падаецца, сёлета закладзеныя пэўныя працэсы, якія будуць мець працяг і ў 2015-м. Запускаюцца сур’ёзныя працэсы, на якія кіраўніцтва краіны не зьвяртае ўвагі. Ня мае нават значэньня, як пройдуць чарговыя прэзыдэнцкія выбары.Усё роўна ў сукупнасьці са зьнешнімі падзеямі, якія маюць вельмі вялікае значэньне для Беларусі, закладзены новы альгарытм разьвіцьця падзей і працэсаў. І ён абавязкова прывядзе да нейкіх пераменаў у Беларусі ў будучыні».