Нямала беларусаў скарысталіся дэвальвацыяй расейскай валюты, каб прыдбаць у Расеі ўжываныя машыны. На піку наплыву аўтамабіляў з суседняй краіны ў Беларусі штодзень рэгістравалася да паўтысячы машынаў. Паводле Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, шмат якія машыны з Расеі маюць крымінальнае мінулае.
У Магілёве аўтарынак — на гарадзкім ускрайку. Большасьць тых, хто прыяжджае прадаваць машыны, чакаюць пакупнікоў ля варотаў. Заезд на рынак платны: сто тысяч рублёў. На самім рынку — некалькі дзясяткаў аўто, ля варот жа, на невялікай пляцоўцы, машынаў значна болей. Рух няспынны: нехта, не дачакаўшыся свайго пакупніка, ад’яжджае, нехта пад’яжджае. Прадаць машыну ў Магілёве, прызнаюцца аўтаўладальнікі, дужа цяжка.
«Усе чакаюць, што кошты могуць панізіцца, бо цяпер вельмі вялікі наплыў машын з Расеі», — тлумачаць прадаўцы аўтамабіляў:
«Вось тут працэнтаў мо трыццаць машын з Расеі. Людзі чакаюць, што мо яшчэ што з рублём здарыцца з Новага году. Цяпер і расейцы пачалі скупляць ужываныя машыны. У іх цэны на машыны падняліся. То бок яны зразумелі, што ім — усё. Курс даляра падняўся ў два разы, таму і кошты яны сталі падымаць самі».
Паводле суразмоўцаў, наплыў у Беларусь машын з Расеі аціхае.
«З улікам трыццаціпрацэнтнага падатку на валюту там ужо нявыгадна купляць, то бок кошты зраўняліся».
Тым ня менш, на іхнюю думку, расейскі рынак яшчэ доўга застанецца асноўным пастаўшчыком аўтамабіляў у Беларусь, бо ён перапоўнены аўтамабілямі, у тым ліку і дзякуючы заводам, якія ўзьвялі замежнікі, пакуль адносіны з расейцамі былі добрымі:
«Расейцы хочуць езьдзіць на новых машынах, таму імкнуцца іх часьцей мяняць. Для іх машына ўзростам шэсьць-сем гадоў — гэта ўжо не машына. Для нас — гэта ого як добра. Яны ідуць у салён, першы ўнёсак зрабілі. У іх крэдыты больш даступныя. На іх бяруць новую машыну. Заводаў дужа шмат. Якія для іх санкцыі? Жылі яны за расейскія рублі і будуць жыць за іх. Для іх рубель — гэта рубель».
Стаўленьне расейцаў да беларускіх пакупнікоў рознае. Магілёўскія аўтаўладальнікі прызнаюцца, што расейцы, прадаючы машыны, нярэдка ашукваюць беларусаў. Падрабляюць дакумэнты пра тэхнічны стан, збываюць крадзеныя. Таму ў Беларусі неахвотна купляюць машыны з расейскімі транзытнымі нумарамі.
«Я вось сам працую ў Расеі кіроўцам. Ежджу па іхніх рэгіёнах. Стаўленьне да нас не такое, як да таджыкаў, лепшае, але ж... Бульбашы, кажуць, такія, што і лом бяруць на эвакуатарах», — выказваецца адзін з гандляроў.
На пытаньне, колькі можна зарабіць на продажы прыгнанай з Расеі машыны, на аўтарынку пэўна не адказалі. Заявілі: нам бы сваё ўкладзенае адбіць.
Пра кепскі гандаль кажуць і прадаўцы аўтазапчастак. Яны зазначаюць, што з павелічэньнем у горадзе прыватнага аўтапарку пакупнікоў не паболела. Спадзяюцца, што ўвесну гандаль ажывіцца, хоць і прызнаюцца, што апошнімі гадамі ранейшая тэндэнцыя ўжо ня спраўджваецца:
«Відаць, і не дадасца пакупнікоў. Людзі сталі жыць бядней, але ж заробак нібыта ўсім плацяць. Зьявілася шмат машынаў новых, а старых — паменела», — мяркуе адзін з прадаўцоў аўтазапчастак.
Ягоная каляжанка дадае, што пакупніцкая здольнасьць у патэнцыйных пакупнікоў зьмяншаецца ўжо каторы год. Што да прыгнаных з Расеі машын, то гандлярка жартам адзначае, што яны яшчэ не пасьпелі паламацца:
«У нас і ўвесну былі кепскія таргі. У параўнаньні зь мінулымі гадамі мой бізнэс перажывае ня лепшыя часы».
«Нам нічога не застаецца, акрамя як спадзявацца на зьмены ў эканоміцы», —тлумачыць сваё бачаньне сытуацыі яшчэ адзін гандляр. На ягоную думку, праблемы з валютай — толькі вяршыня эканамічнага крызісу ў Беларусі:
«Тут справа не ў валюце. Калі ў простых людзей будуць добрыя заробкі, тады і нам будзе прасьцей. Нашы людзі езьдзяць на машынах да апошняга. Яны трацяць грошы на харчаваньне, мінімальна — на адзежу, а запчасткі — гэта ня першая неабходнасьць».