Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 нестандартных спосабаў ашчадзіць на дэвальвацыі


Цэны ў рублях пакуль стрымліваюць: дзесьці — на загад кіраўніка краіны, дзесьці — таму што пакуль не прайшла індэксацыя. Тавары, кошты на якія вызначаюцца ў замежнай валюце, пералічваюцца на беларускія рублі паводле курсу Нацыянальнага банку, які прыкладна на 20 працэнтаў меншы за курс камэрцыйных банкаў. Гэта значыць, разьлічваючыся ў беларускіх рублях па курсе Нацыянальнага банку, можна някепска ашчадзіць, перад гэтым здаўшы даляры ці эўра паводле курсу абменьніка.

Авіяквіткі

Нацыянальная авіякампанія «Белавія» прадае квіткі ў эўра. Але вы маеце права заплаціць і беларускімі рублямі. Напрыклад, пералёт Менск — Хэльсынкі — Менск каштуе 2 308 850, што роўна 195 далярам паводле афіцыйнага курсу і прыкладна 166 — паводле камэрцыйнага. Ашчаджаем амаль 30 даляраў. Ашчадзіць 15–20 працэнтаў можна і на пералётах па такіх папулярных маршрутах, як Менск — Амстэрдам, Стакгольм, Барсэлёна, Лёндан, Парыж, Рым, Мілян і іншыя.

Замежная страхоўка

Тыя, чыё здароўе застрахаванае ў замежных кампаніях, будуць атрымліваць кампэнсацыю за лекаваньне ці лекі паводле курсу Нацыянальнага банку на дзень лекаваньня. Напрыклад, патраціўшы 1 000 000, фактычна мы заплацім 72 даляры, калі мяняць грошы ў абменьніку паводле курсу 13900. А кампэнсацыю атрымаем у далярах, яна будзе разьлічвацца паводле курсу Нацыянальнага банку (11 030). Такім чынам, мы атрымаем 84 даляраў. Ашчаджаем 12 даляраў.

Бэнзін

Дзесяць літраў А-95 сёньня каштуюць 114 000 рублёў, што адпавядае 8,2 даляра паводле курсу абменьнікаў. Кошты пакуль не праіндэксаваныя ў адпаведнасьці са зьменай курсаў, таму запраўка аўто «пад завязку» будзе добрай інвэстыцыяй. Калі ўлічыць, што кошт літры бэнзіну ў нас традыцыйна прыроўніваецца да кошту даляра, то бліжэйшым часам літар бэнзіну падвысіцца прыкладна да 14 000 рублёў.

Сплата крэдыту

Тых, хто пасьпеў аформіць растэрміноўку на плязму ці смартфон у беларускіх рублях зь фіксаванай сумай штомесячных выплатаў, можна толькі павіншаваць. Дэвальвацыя істотна абнізіць даляравы эквівалент вашай запазычанасьці. Аднак пасьля зьяўленьня некалькіх курсаў валютаў крамы перасталі выдаваць тавары ў растэрміноўку.

Жэтоны на мэтро

Бадай што самае народнае і зручнае ўкладаньне падчас дэвальвацыі — набываць жэтоны на мэтро. Кошты праезду могуць падняцца неўзабаве, а жэтоны, у адрозьненьне ад талёнаў, не зьмяняюцца. Праўда, падчас эканамічных крызісаў улады ўводзяць абмежаваньні на продаж жэтонаў у адны рукі. Напрыклад, у 2011 годзе за раз можна было купіць толькі два жэтоны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG