Гараскоп Свабоды: Рак

Надыходзіць час Ракаў. Як рыхтавацца? На што спадзявацца і куды, у якой рацэ ці пад які корч схавацца? Беларусы робяць свае прагнозы і складаюць гараскоп надзеяў на гэты год.

Васіль Дранько-Майсюк, драматург

Your browser doesn’t support HTML5

Гараскоп Свабоды. Васіль Дранько-Майсюк


Калі мне было тры гады, адзін хлопчык, дурэючы, пачаў мяне тапіць. Раптам ён завішчаў і кінуўся наўцёкі. Яго за палец ухапіў рак. З таго часу я ганарыўся, што паводле знаку задыяка зьяўляюся Ракам.

Калі вы нарадзіліся пад гэтым сузорʼем, то ўся ваша натура вызначаецца артыстычнай парадаксальнасьцю! Вы можаце быць як Янка Купала — вонкава маўклівымі і засяроджанымі, а ў сваіх творах надзвычай жарснымі, экспрэсіяністычнымі. Пачуцьці ў вас часам апярэджваюць думкі, вам бывае цяжка засяродзіцца на нечым адным, але гэта не перашкодзіць вам пакінуць пасьля сябе вялікі творчы сьлед. Прыклад гэтаму — Алаіза Пашкевіч. Часта вы любіце адзіноту, як героі-філёзафы з твораў Кузьмы Чорнага. Часам вам уласьцівая небеларуская шчодрасьць, як Магдалене Радзівіл, а часам вы здаяцеся ня тымі, кім вас звыклі лічыць. Прыклад гэтаму Пятро Глебка. Многія ня любяць яго за выразную савецкасьць, але мала хто ведае, што ён — аўтар цэлага сузорʼя дзівосных вершаў, сярод якіх вылучаецца «Ты падбірала лён і пела...»

Ракі ня толькі хаваюцца па сваіх норах і пячорах. Марк Шагал мілаваўся са сваёй каханай Бэлай у віцебска-парыскім небе, а Пятро Клімук стаў першым беларусам, які зьдзейсьніў палёт у космас.

Людзі, якіх я тут назваў, нарадзіліся пад сузорʼем Рака. Кожны зь іх творча-нечаканы, парадаксальны, незвычайны.

Калі вы сапраўдныя Ракі — творча зьдзіўляйце, захоўвайце ўнутраную свабоду і сонечнае ўспрыняцьце рэчаіснасьці.

Алена Макоўская, кіраўнік Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»

Your browser doesn’t support HTML5

Гараскоп Свабоды. Алена Макоўская


Ракі — гэта пастаянны рух: два крокі наперад, адзін назад. У выніку ніколі не застаесься на месцы і, адпаведна, не адпачываеш. А яшчэ настрой Рака моцна залежыць ад фазаў месяца. Таму непастаянным і загадкавым Ракам вельмі складана пажадаць нечага трывалага. Хіба што толькі зачапіцца клюшняй за тое, што будзе падавацца прывабным і вартым. Пры гэтым кожны Рак мусіць усьведамляць, што ступень прывабнасьці будзе мяняцца цягам сутак, ці з прыліву па адліў, альбо цягам месяца, залежна ад таго, у якой вы фазе.

Яшчэ зычу Ракам не заглыбляцца ў свае дэпрэсіі і крыўды, менш самакапацца і самазакопвацца. Памятайце, што пры гэтым вы можаце выпадкова закапаць тое, што вам дарагое і блізкае. Пасьля будзеце ламаць галаву і шукаць! Такім чынам, болей аптымізму і веры ў будучыню.

Што ведаю дакладна, дык гэта тое, што 15–16 ліпеня для Ракаў беларусаў, якія жывуць у краіне і па-за яе межамі, — дні сустрэчаў на Бацькаўшчыне, у якіх будуць браць удзел і іншыя знакі задыяка. Гэта добрая нагода пагаварыць, аднавіць старыя сувязі, завязаць новыя і распрацаваць шэраг пэрспэктыўных праграмных дакумэнтаў. Хацелася б, каб на сустрэчу завіталі і Ракі, і ня Ракі — дзяржчыноўнікі. Пэўная, што гэта будзе ім карысна таксама. Таму, калі вы жывяце далёка і яшчэ нічога не заплянавалі на гэты час, плянуйце прыезд у Менск. Сустрэнемся!

Аляксей Янукевіч, старшыня партыі БНФ

Your browser doesn’t support HTML5

Гараскоп Свабоды. Аляксей Янукевіч


Калі сонца заходзіць у сузорʼе Рака, пачынаецца найлепшая частка лета. Менавіта на гэтую пару прыпадаюць даты бліскучых перамогаў нашых гераічных продкаў над чужынскімі заваёўнікамі з захаду ды з усходу — 28 чэрвеня 1660 году пад Палонкай ды 15 ліпеня 1410 году пад Грунвальдам. І таму гэтыя дні будуць вельмі спрыяльныя для таго, каб годна адзначыць угодкі тых лёсавызначальных перамогаў. Але часам падаецца, што сёньняшняя Беларусь сама падобная да рака: залягла на дно або наагул рухаецца назад. І нават паводле афіцыйнага дня незалежнасьці нарадзілася пад знакам Рака ў 1944 годзе.

Але мы з вамі добра ведаем, што Беларусь утварылася шмат стагодзьдзяў таму і жыве пад знакам Пагоні. І таму гэтым летам, а таксама ва ўсе далейшыя часы, удача будзе асабліва спрыяць тым, хто носіць вопратку з выявамі Пагоні ды бел-чырвона-белага сьцягу, упрыгожвае адпаведным чынам свой дом або аўтамабіль ці ровар. А падарунак з нацыянальнымі сымбалямі, які вы зробіце, абавязкова вернецца вам новымі надзейнымі сябрамі.

Увосень чакаецца прыезд у Беларусь трох тысяч расейскіх вайскоўцаў. Тут варта прыгадаць прымаўку пра тое, што французы сыходзяць, не разьвітаўшыся, а расейцы разьвітваюцца, ды не сыходзяць. Таму пакуль гаспадыні рыхтуюцца перад візытам тысяч няпрошаных гасьцей хаваць сала ды яйкі, гаспадарам — асабліва калі яны жадаюць застацца гаспадарамі на сваёй зямлі — варта ўжо цяпер актыўна выказаць свой пратэст супраць прыезду расейскіх вайскоўцаў. У выпадку такіх вашых дзеяньняў у кароткатэрміновай пэрспэктыве ня выключаныя непрыемнасьці ў выглядзе штрафаў ды адміністрацыйных арыштаў, але канчатковая перамога нас з вамі не абміне.

І, нарэшце, гэтае лета абяцае быць цудоўным для дзяўчат і хлопцаў, якія вырашаць далучыцца да суполкі «Моладзі БНФ». Вас чакаюць новыя сябры, цікавыя сустрэчы ды вандроўкі, захапляльная дзейнасьць на карысьць Бацькаўшчыны.

Дарагія сябры! Менавіта цяпер надышоў той час, каб ажыцьцяўляць усе вашы задумы ды мары! Зоркі кажуць, што ўсё ў вас атрымаецца.

Наперад!

Жыве Беларусь!