Наста Пілюгіна, блогерка
Вясна, безумоўна, — гэта час любові. Гэта можа быць каханьне да супрацьлеглага полу, пяшчота да сваякоў ці самазахапленьне. У апошнім выпадку прагназуецца велізарная колькасьць сэлфі.
Закаханасьць жа можа павялічыць колькасьць неабгрунтаваных рашэньняў. Таму перад тым, як вызначыцца зь нечым, спачатку падумайце і толькі пасьля дзейнічайце. Іначай вы можаце стаць героем тэлевізійнай прапаганды.
Перад тым, як паехаць на летні адпачынак у пошуках смачнага марозіва і бясплатнага вайфаю, ёсьць сэнс пільна папрацаваць, каб ніхто і не пасьпеў назваць вас дармаедам.
Магчыма, нехта з вас захоча абнавіць свой гардэроб. Ідэя добрая, але варта расплянаваць свой бюджэт так, каб хапіла на чарговы падатак.
Як Бык Быкам зычу новых знаёмстваў, якія б адлюстраваліся і на колькасьці чытачоў.
Увага, спадарства! Мне трэба вас папярэдзіць. Як сьпяваў клясык, «Ты не чакай, сюрпрызаў ня будзе». Так што, бярыце ініцыятыву ў свае рукі і дасягайце немагчымага!
Сяржук Бахун, дырэктар ТАА «Гайсак»
У канцы красавіка многія беларусы пачуюць грукат за дзьвярыма. Але ня варта пужацца, што гэты грукат можа быць ад «шэрых быкоў», якія час ад часу скачуць па краіне. Гэты грукат будзе належаць сапраўдным Быкам, якасьці якіх — дабрыня, спакой, моц і неверагодная ўпартасьць. Менавіта дзякуючы гэтым якасьцям многія беларусы нарэшце даробяць свае важныя справы. Хтосьці пасадзіць бульбу, хтосьці дапіша кнігу, а хтосьці выберацца на доўгачаканы актыўны адпачынак (напрыклад, на сплаў па віруючых веснавых рэках)...
Карацей, кожны мусіць паставіць сабе за мэту дарабіць у гэты час адну (можна і больш) зь незавершаных важных спраў! І тады моц дапамогі ад Быка вам будзе гарантаваная. У адваротным выпадку, калі вы ня ўдарыце палец аб палец дзеля ажыцьцяўленьня сваёй мэты, вы рызыкуеце атрымаць ад Быка страту цікавасьці да праяў дапамогі. Так што ўзнагароджаныя будуць тыя, хто верыць у сябе і гатовы прыкласьці намаганьні для вырашэньня задачы!
А ўвогуле канец красавіка і амаль увесь травень будзе спрыяць працалюбівым беларусам пагодай. У вольны ад працы час можна будзе атрымаць асалоду ад чытаньня новага нумару часопіса ARCHE, далучыцца да хваляў Радыё Свабоды альбо нарэшце наведаць Купалаўскі тэатар.
Галоўнае — не ўключайце тэлевізар, бо ад яго могуць быць пашкоджаныя нэрвовыя клеткі.
Не гнявіце Быка, і тады вы атрымаеце добрага і надзейнага памочніка!
Кацярына Сумарава, мастачка
Пэрыяд уладараньня Быка прынясе ўзбагачэньне духоўнае і матэрыяльнае, бо зоркі гавораць пра агульнанацыянальны выезд на лецішчы!
Закладаем у глебу надзеі на новы ўраджай самасьвядомасьці, песьцім парасткі свабоды і назіраем за цьвіценьнем беларускай сакуры ды бэзу!
Распусьцяцца шматлікія кветкі, але ж пачнуць «распускацца» дзеці і падлеткі ўсіх знакаў задыяку.
Бык спрыяе сумесным намаганьням бацькоў і дзяцей у завяршэньні навучальнага году!
У людзей творчых прафэсій пасьля працяглай зімовай мэдытацыі і зьвяртаньня ўнутр сябе пачнецца пэрыяд плёну, натхненьня і рэалізацыі буйных творчых праектаў. Гэты пэрыяд прынясе непазьбежную і пасьпяховую капіталізацыю, адпаведную таленту.
Зоркі паспрыяюць у каханьні шчырым, сьмелым і рашучым.
Тое самае тычыцца і спраў камэрцыйных.
Беларусы! Бярыце Быка за рогі!!!