Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гараскоп Свабоды: Вадалівы


Надыходзіць час Вадаліваў. Як рыхтавацца? На што спадзявацца і куды сьцяліць саломку? Беларусы робяць свае прагнозы і складаюць гараскоп надзеяў на гэты год.

Вадаліў
Вадаліў

Аляксандар Лукашук, дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода (дзень народзінаў — 6 лютага)

Калі неба зацягнутае хмарамі, цяжка пабачыць нават тыя плянэты, якія бачым няўзброеным вокам: Мэркурый, Вэнэра, Марс, Юпітэр і Сатурн. Але ёсьць адна плянэта, якую бачна заўсёды, хоць не заўсёды ясна, што бачна: гэта Зямля. Для зямлян у Беларусі ў мяне тры навіны.

Першая — усім будзе сьвятлей. Дні стануць даўжэй, сувязь 4G прыйдзе і ў ваш тэлефон, а відэа і жывыя трансьляцыі Свабоды можна будзе глядзець у выдатнай якасьці.

Другая — усім будзе цяплей. Новы прэзыдэнт ЗША зрушыць зь месца столькі нерухомых раней рэчаў, паняцьцяў, пагадненьняў, што адкрыюцца такія прасторы, пачнецца такі рух, выйдуць на паверхню такія энэргіі, што палітычная, эканамічная і сацыяльная тэмпэратура прымусіць забыцца на лютаўскія маразы. Градусьнік, які будзе ўсё гэта дакладна паказваць па-беларуску, называецца Радыё Свабода.

Трэцяя — усім будзе лепш. Замежнікі будуць прылятаць бязь візаў, каб пакаштаваць біядранікі (мінэральныя ўгнаеньні і пэстыцыды цяпер занадта дарагія), цэны на нерухомасьць для пакупнікоў наблізяцца да ўзроўню «Кэмпінскага» (менш за 2 рублі), а чытачоў і гледачоў Свабоды чакаюць фантастычныя адкрыцьці новых кантынэнтаў, глыбіняў і вяршыняў на самай загадкавай і прыгожай з усіх плянэтаў Сусьвету — Беларусі.

Крысьціна Вітушка, экспэрт па разьвіцьці бізнэсу (дзень народзінаў — 18 лютага)

Надыходзіць час Вадаліваў.

Як рыхтавацца? На што спадзявацца і куды сьцяліць саломку? Скажу адразу: салому сьцяліць — гэта марнатраўства, бо ўсё роўна пад вадой пагніе. Час Вадаліву — гэта час бязь мяккіх пасадак, чарнавікоў і без запаснога выйсьця, гэта час жыцьця на поўную моц па поўнай праграме. Запатрабаванымі будуць рашучыя, творчыя, праўдзівыя і натхнёныя асобы.

На пэрыяд уладарства Вадаліву вам важна вызначыцца, на чый млын ліць ваду? Бо калі млын абераце слушна, то будзе вам па выніках і мука, і хлеб, і дабрабыт, і прыплод, і сябры, і грошы. А калі станеце на чужы млын ваду ліць, то ўсе выгоды пойдуць абы-каму: вам застанецца толькі сьліну глытаць, назіраючы, як нехта іншы пірагі і кумпякі трушчыць ды мёдам запівае.

Але найгоршы варыянт, калі вы будзеце проста ліць ваду, не на які ні на млын, а так — дзеля працэсу. Напрыклад, у сацыяльных сетках ці на партыйных сходах, на працы ці ў сям’і. Тады рызыкуеце з вадой выліць і немаўля, і выйгрышны лятарэйны квіток, і віно, якое хавалі на чорны дзень. Пэрыяд Вадаліву — вялікая рызыка для схільных да пераліваньня з пустога ў парожняе, паспрабуйце ў гэты пэрыяд заняцца нейкай рэальнай справай.

Знак Вадаліву — паветраны. Дыхайце глыбока і сьмела. Шукайце мэты ў космасе і не сумнявайцеся — яны для вас дасяжныя. Вы хацелі дакрануцца да зор? Цяпер — самы час!

Паветраны Вадаліў дасьць другое дыханьне справе вашага жыцьця: калі раней нешта ня клеілася, кульгала, рыпела і ня сунулася наперад — паспрабуйце пачаць усё наноў, цяпер гарантавана атрымаецца.

Час Вадаліву — час сяброўства. Новыя і старыя сябры, зь якімі зьвядзе вас гэты час, будуць надзейныя і сапраўдныя. Менавіта пра такое сяброўства гавораць «Не разьлі вада». Удалы пэрыяд і для заканчэньня канфліктаў — Вадаліў загасіць пажар варажнечы, калі ўсе бакі выкажуць гатоўнасьць прыняць мір.

Час Вадаліву — выпрабаваньне для здароўя. Існуе рызыка прамачыць ногі і займець ручаі пад носам. Сьцеражыцеся. Выбірайце цёплыя і сухія месцы для жыцьця. Для прафіляктыкі прымайце ванны з водарам хвоі і сьмела ліце ваду на камяні ў лазьні.

У пэрыяд Вадаліву рэкамэндуецца слухаць пералівы мэлёдыяў, часьцей наведваць канцэрты і набываць ліцэнзаваныя запісы. Аматарам выяўленчага мастацтва рэкамэндуецца на час Вадаліву засяродзіцца на акварэлі дый іншых водных тэхніках.

Для каханьня час Вадаліву спрыяльны толькі пры ўмове, што яно палымянае і ня згасьне ні пры якіх атмасфэрных зьявах. Кахаць як Вадаліў — значыць бескампрамісна аддавацца жарсьці, ніколі не паўтарацца, тануць у віры пачуцьцяў і вынырваць адтуль яшчэ больш закаханым.

Зычу вам адчуць, як кахаюць Вадалівы!

Павал Бераговіч, прадпрымальнік і культуртрэгер (дзень народзінаў — 9 лютага)

Вадаліў, як вядома, вельмі крэатыўны знак. Пакуль вада льецца са збанка, так прыемна падумаць пра чарговыя велізарныя праекты...

Але пэрыяд студзеня-лютага — гэта пэрыяд падвядзеньня рэальнага фінансавага выніку папярэдняга году, пэрыяд зьвядзеньня бухгальтарскага балянсу, які жорстка пакажа, што ты напрацаваў летась і на што мусіш абапірацца сёлета.

Я чакаю, што студзень-люты апусьціць мяне на зямлю і пакажа, што ўсё прапала. Прыбытку няма, выдаткі растуць, свая дзяржава лічыць за дармаеда і прысылае чарговыя прывітаньні на туалетнай паперы, а чужая патрабуе сплаціць вар’яцкія кошты за газ.

Але калі зусім апусьцяцца рукі, трэба запарыць моцную чорную гарбатку, узяць разэтку з малінавым варэньнем і забрацца пад цёплую коўдру з кнігай «Айчына. Маляўнічая гісторыя». І прачытаць пра 10 стагодзьдзяў гісторыі тваёй зямлі. І зразумець, што ўсё, што не забівае нас — робіць нас мацнейшымі.

І калі скончыцца гэтае штогадовае ліхалецьце — настане час надзеі і час падзеяў. Але гэта будуць ужо не неабгрунтаваныя летуценьні, а цьвярозыя разьлікі і паступовыя ўчынкі, якія абапіраюцца на наяўныя сілы і сродкі.

І тады для Вадаліва няма нічога немагчымага. Усё будзе вельмі лёгка атрымлівацца ў яго, выклікаючы непаразуменьне і зайздрасьць з боку іншых знакаў Задыяку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG