Ад сёньня ў продаж паступае флягманская мадэль Geely Atlas, на якую робіцца асноўная стаўка. Цэны на красовэр да апошняга трымаліся ў таямніцы, хоць раней віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка і прагаварыўся, што машына будзе каштаваць ад 17 да 25 тысяч даляраў, залежна ад камплектацыі.Неўзабаве пасьля гэтага начальнік камэрцыйнай службы «БелДжы» Кірыл Шаламіцкі зьняпраўдзіў чыноўніка, паабяцаўшы, што цэньнік будзе ніжэйшы, у чым патэнцыйныя пакупнікі змогуць пераканацца 15 сьнежня.
Але аказалася, што цэны ня толькі ня сталі меншымі ў параўнаньні з тымі, што анансаваў віцэ-прэм’ер, а нават падрасьлі. Як вынікае з прэйскуранту дылерскіх цэнтраў, цяпер разьбежка складае ад 17 500 да 26 300 даляраў у эквіваленце.
- Geely Atlas (Standard) 2,0 МКП 4 × 2 — $ 17 500;
- Geely Atlas (Comfort) 2,0 МКП 4 × 2 — $ 19 850;
- Geely Atlas (Comfort) 2,4 АКП 4 × 2 — $ 20 850;
- Geely Atlas (Luxury) 2,4 АКП 4 × 2 — $ 22 550;
- Geely Atlas (Comfort) 2,4 АКП 4 × 4 — $ 22 900;
- Geely Atlas (Luxury) 2,4 АКП 4 × 4 — $ 24 300;
- Geely Atlas (Flagship) 2,4 АКП 4 × 4 — $ 26 300.
Радыё Свабода параўнала: кошт умоўна беларускага аўтамабіля ня толькі параўнальны з мадэлямі ўсясьветна вядомых брэндаў, якія пры гэтым яшчэ патрабуюць мытнага афармленьня, але ў шэрагу выпадкаў іх пераўзыходзяць.
Аўтамабільная вытворчасьць на прадпрыемстве «БелДжы» пачалася ў канцы лістапада. Мадэльную лінейку складаюць флягманскія красовэры Geely Atlas NL 3 і NL 4, а таксама кампактны сэдан.
Паводле беларускіх чыноўнікаў, спачатку з канвэера будуць сыходзіць 60 тысяч аўто штогод з пэрспэктывай павелічэньня магутнасьці да 120 тысяч. Пры гэтым не выключаецца, што можна будзе штампаваць нават 250 тысяч «беларускіх кітайцаў». Плянуецца, што тэхніка будзе пастаўляцца найперш у Расею.