Намесьнік старшыні кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк заявіў карэспандэнту Свабоды, што яго арганізацыя ня супраць кангрэсу, але супраць прафанацыі кангрэсу. А сёньняшняе рашэньне Ўладзімера Някляева не было нечаканым:
— Ён нам казаў, што можа прыняць такое рашэньне ў выпадку, калі «сямёрка» не дамовіцца пра кангрэс. Ён цягам двух гадоў займаўся гэтым пытаньнем, каб быў кангрэс і адзіны кандыдат. Для яго гэта было вельмі важным. Вось ён і прыняў такое рашэньне.
— Сёньня, як апавядаюць іншыя ўдзельнікі, падчас пасяджэньня «сямёркі» ён выказаўся за кангрэс, а «Гавары праўду» выступіла супраць...
— Ён не прапаноўваў сёньня на «сямёрцы» праводзіць кангрэс. Ён казаў, што правядзеньне кангрэсу яшчэ магчымае, хаця ўжо мала часу. Мы за кангрэс, але часу на яго правядзеньне ўжо няма. Трэба было займацца гэтым на пачатку году. А фэйкавы кангрэс, на якім ня будзе дэлегатаў, нармальна абраных, — гэта будзе прафанацыя кангрэсу і ганьбішча.
— Але было галасаваньне на «сямёрцы»: пяць «за» і двое «супраць»...
— Гэта так Лябедзька расказвае, і гэта не адпавядае сапраўднасьці. Сёньня Лябдзеька даў некарэктную інфармацыю пра кангрэс. Мы наогул прапанову Някляева сёньня не разглядалі. На «сямёрцы» разглядалася магчымасьць: ці магчыма правесьці кангрэс, ці не. Частка ўдзельнікаў сказала, што гэта яшчэ магчыма. Частка сказала, што з-за недахопу часу яго правесьці ўжо немагчыма. І там быў іншы расклад, ня «пяць на два». Мы дамовіліся гэта не камэнтаваць. Мы не дамовіліся праводзіць кангрэс, бо не было неабходнай колькасьці галасоў.
Адносна сыходу Ўладзімера Някляева Сяргей Вазьняк выказаўся так:
«Гэта жыцьцё. Гэта рашэньне чалавека, якога мы ўсе лічым сваім настаўнікам, сябрам. Ён сказаў цёплыя словы ў наш адрас, і мы яму кажам цёплыя словы. Ён прыняў такое рашэньне, бо для яго вельмі прынцыповым было правядзеньне кангрэсу з выхадам на адзінага кандыдата. Мы таксама гэтага хацелі, але, на жаль, часа сышоў. Тацяна Караткевіч слушна напісала, што яна ўпэўнена, што Някляеву будзе месца ў яе выбарчай кампаніі, калі гэтая кампанія адбудзецца».
Тацяна Караткевіч сказала, што Ўладзімер Някляеў застаецца для яе настаўнікам і сябрам: «Гэта жыцьцё, і яно працягваецца. Ён сказаў, што будзе жыць і працаваць дзеля Беларусі. Ён застаецца важным чалавекам у маім жыцьці».
На сваёй старонцы ў фэйсбуку Тацяна Караткевіч напісала: «Шквал званкоў: што стаіць за заявай Уладзімера Някляева аб сыходзе з актыўнай палітыкі? Гэта — жыцьцё. Але ён застаецца маім настаўнікам і сябрам. Я ведаю: Уладзімер Пракопавіч першым адгукнецца, калі мне трэба будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі, і ён увойдзе ў каманду маіх (нашых) давераных асобаў. Таму што мы давяраем адзін аднаму. Жыцьцё працягваецца».