Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягнік кангрэсу адышоў, — Янукевіч


Belarus - The Congress of Belarusian Popular Front Party in Minsk 11Oct2014
Belarus - The Congress of Belarusian Popular Front Party in Minsk 11Oct2014

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч пракамэнтаваў вынікі пасяджэньня дэмакратычнай кааліцыі (Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), руху «За свабоду», кампаніі «Гавары праўду», Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) і Партыі БНФ), на якім прынялі рашэньне не праводзіць кангрэс дэмсілаў. Ён заявіў карэспандэнту Свабоды, што пытаньне пра кангрэс канчаткова закрыта.

«Насамрэч на гэтым тыдні ўзьнікла ідэя зноў паўторна абмеркаваць такую сытуацыю з правядзеньнем кангрэсу. Аднак, на наша перакананьне, гэты цягнік адышоў, прычым адышоў яшчэ напрыканцы мінулага году.

На гэты момант да абвяшчэньня выбараў застаецца максымум тры месяцы. І абсалютна відавочна, што з тэхнічных меркаваньняў часу належным чынам падрыхтаваць і правесьці кангрэс проста ўжо немагчыма.

Натуральна, калі сабраць кожнага, хто здольны прыехаць без усялякай працэдуры адбору дэлегатаў, то тэарэтычна яго можна было б правесьці. Але такі скамечаны кангрэс магчымы быў бы толькі ў выпадку папярэдняй дамоўленасьці адносна кандыдатаў: калі ўсе пагадзіліся на аднаго і трэба яго толькі зацьвердзіць.

Калі вядзецца пра канкурэнцыйны кангрэс — а гучалі розныя кандыдатуры, што калі кангрэс адбываецца, то і Анатоль Лябедзька зьбіраецца туды прэтэндаваць, і Сяргей Калякін, і прадстаўнік „Гавары праўду“; ня выключана, што ў такім выпадку свае рашэньне перагледзеў бы і рух „За свабоду“, і, магчыма, Партыя БНФ; то бок, калі б адбываўся кангрэс, то ён быў бы канкурэнцыйны, — то гэта мае на ўвазе абавязковую канкурэнцыю на ўзроўні вылучэньня дэлегатаў, арганізацыю належнага працэсу.

І таксама тое, што мы неаднаразова падкрэсьлівалі: кангрэс нам цікавы і мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі ён сапраўды дазваляе закрануць шырэй беларускае грамадзтва, паінфармаваць беларускае грамадзтва, каб сапраўды адбывалася ня толькі канкурэнцыя асобаў, але і канкурэнцыя праграмаў і ідэяў. Належным чынам усё гэта арганізаваць і запусьціць да абвяшчэньня выбараў немагчыма. А пасьля абвяшчэньня выбараў гэта ўжо ня мае сэнсу. Таму, па вялікім рахунку, сёньня было канстатавана, што цягнік адышоў. І, зрэшты, па факце калегі з гэтым пагадзіліся».

Я думаю, што „Гавары праўду“ — не апошняя арганізацыя, дзе зьмена пакаленьняў адбываецца і адбудзецца

Таксама Аляксей Янукевіч пракамэнтаваў заяву Ўладзімера Някляева пра выхад з апазыцыйных структураў.

«Я моцна паважаю спадара Ўладзімера Някляева. Мне шкада, што ў беларускай дэмакратычнай палітыцы ён ня будзе прадстаўляць кампанію „Гавары праўду“. Ён адзін з твараў, якія, безумоўна, рабілі апазыцыю больш прывабнай. Але хоць спадар Уладзімер і ня надта доўга быў у беларускай палітыцы, можна сказаць — пяць гадоў, усё роўна гэта аб’ектыўны працэс зьмены пакаленьняў. Я думаю, што „Гавары праўду“ — не апошняя арганізацыя, дзе зьмена пакаленьняў адбываецца і адбудзецца. Гэта чакае пераважную большасьць структураў, у тым ліку і „сямёркі“. Таму працэс нармальны, аб’ектыўны, і спадзяюся, што спадар Уладзімер у справе адстойваньня незалежнасьці і прамоцыі беларушчыны ўвесь свой талент усё роўна будзе прысьвячаць нашай беларускай справе»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG