«Двухгадовыя перамовы беларускай апазыцыі па вылучэньні адзінага кандыдата і вызначэньні сумеснай праграмы на прэзыдэнцкія выбары 2015 завяршыліся безвынікова, — гаворыцца ў заяве Някляева. — У сувязі з гэтым заяўляю пра свой выхад з апазыцыйных структур, у тым ліку з грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду“, актывістам якой я назаўжды ўдзячны за працу і падтрымку. Незалежнасьць і дэмакратычная будучыня Беларусі застаюцца для мяне найважнейшай каштоўнасьцю. Дзеля гэтага я буду працаваць і далей».
Паводле зьвестак БелаПАН, пра выхад з апазыцыйнай кааліцыі (у якую ўваходзяць «Гавары праўду», Партыя БНФ, рух «За свабоду», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет») Уладзімір Някляеў заявіў таксама сёньня на паседжаньні «сямёркі», дзе безвынікова абмяркоўвалася пытаньне аб скліканьні Кангрэсу дэмакратычных сілаў і вылучэньні на ім адзінага кандыдата ў прэзыдэнты.
Уладзімір Някляеў быў адным з найбольш імаверных прэтэндэнтаў на вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2015 году. Паводле апошніх дадзеных НІСЭПД, ён безумоўны лідэр сярод апазыцыйных палітыкаў па электаральным рэйтынгу (7,6% у адкрытым пытаньні і 9,4% у закрытым).
Апазыцыйным сілам да гэтага часу так і не ўдалося дамовіцца аб вылучэньні адзінага кандыдата, а на паседжаньні «сямёркі» 8 красавіка не было дасягнута і пагадненьне аб правядзеньні Кангрэсу дэмсілаў.
7 красавіка рэспубліканская рада «Гавары праўду» прыняла рашэньне вылучаць кандыдатам у прэзыдэнты актывістку Тацяну Караткевіч.
Уладзімер Някляеў
Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 году ў горадзе Смаргонь Гарадзенскай вобласьці.
Беларус. Праваслаўны.
Скончыў сярэднюю школу № 1 г. Смаргоні.
1961–1966 Менскі тэхнікум сувязі.
1969–1973 Завочна навучаўся на філялягічным факультэце Менскага пэдагагічнага інстытуту.
1971–1972 Вучыўся на аддзяленьні паэзіі Літаратурнага інстытуту ў Маскве. Пакінуў інстытут і вярнуўся ў Менск.
1966 Працаваў па спэцыяльнасьці ва Ўладзівастоку, Тайшэце і Нарыльску.
1967–1971 Працаваў радыёмэханікам у менскім тэлевізійным атэлье.
1972–1975 Літаратурны супрацоўнік рэдакцыі газэты «Знамя юности».
1975–1978 Рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск».
1978 Член Саюзу пісьменьнікаў СССР.
1978–1987 Старэйшы рэдактар галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачаньня.
1987–1998 Галоўны рэдактар часопіса «Крыніца».
1996–1999 Галоўны рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва».
Быў сябрам Рады творчай і навуковай моладзі пры ЦК ЛКСМБ, сябрам Беларускага тэатральнага аб’яднаньня.
1998–2001 Старшыня праўленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.
1999 Зьехаў зь Беларусі ў Польшчу па палітычных матывах. Вярнуўся ў Менск у 2003 годзе.
2001 На 13-м пазачарговым зьезьдзе Саюзу беларускіх пісьменьнікаў напярэдадні выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь прапанаваў рэзалюцыю, у якой сьцьвярджаў, што дзейны прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу і ня мае права вылучаць сваю кандыдатуру.
2005–2009 Кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтру.
2010 Ініцыятар грамадзкай кампаніі «Гавары праўду».
Першы раз ажаніўся ў 19 гадоў. Жонка Людміла была на 5 гадоў старэйшая за Ўладзімера і зь дзіцем. Зь Людмілай Някляеў пражыў 35 гадоў. Акрамя дачкі Людмілы — Ілоны, у іх ёсьць таксама супольная дачка Ева.
Другая жонка Ўладзіміра, Вольга, на 20 гадоў маладзейшая за Ўладзімера Някляева.
Прэміі і ўзнагароды
1979 Прэмія Ленінскага камсамолу за кнігу «Вынаходцы вятроў».
1986 Ордэн «Знак Пашаны» за ўклад у літаратуру.
1998 Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы (у галіне літаратуры) за кнігу вершаў і паэм «Прошча».
2009 Ляўрэат першай прэміі I Міжнароднага фэстывалю славянскай паэзіі «Поющие письмена».
На пачатку 2010 году Някляеў узначаліў грамадзянскую кампанію «Гавары праўду», якая адразу стала адной зь вядучых сіл у апазыцыйным руху Беларусі. Балятаваўся ў прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 году.
У дзень галасаваньня, 19 сьнежня 2010 году, быў зьбіты да непрытомнасьці ў цэнтры Менску па шляху на мірную акцыю пратэсту. З чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Празь некалькі гадзін быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спэцслужбаў.
Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле «Масавыя беспарадкі». З моманту зьбіцьця 19 сьнежня да пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанёс чатыры гіпэртанічныя крызы і ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам.
30 сакавіка абвінавачаньне перафармулявана на «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх». 20 траўня суд Фрунзенскага раёну Менску прыгаварыў Някляева да двух гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на два гады.
Паводле сацыялягічных апытаньняў апошніх гадоў, Уладзімер Някляеў — самы папулярны апазыцыйны палітык Беларусі. Паводле дасьледаваньня НІСЭПД за сакавік 2015 году, рэйтынг Някляева — 7,6%, зь мінулага году ён вырас больш як у два разы.