Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў быў адным зь нямногіх, з кім можна было ўдарыць па руках — і гэтае рашэньне не перагледжвалася, — Лябедзька


Уладзімер Някляеў (зьлева) і Анатоль Лябедзька (справа), 2014 год
Уладзімер Някляеў (зьлева) і Анатоль Лябедзька (справа), 2014 год

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў, што на пасяджэньні «сямёркі» кампанія «Гавары праўду» і Партыя БНФ не падтрымалі прапанову Ўладзімера Някляева аб правядзеньні кангрэсу дэмсілаў.

«Была прапанова Ўладзімера Някляева правесьці кангрэс паводле правілаў, якія агучваліся, за выключэньнем збору подпісаў. Сёньня гэтая прапанова была разгледжана. Пяць структур падтрымалі гэтую прапанову, а дзьве выступілі супраць. Рашэньне праводзіцца па схеме — «кансэнсус мінус адзін».

Пытаньне пра кангрэс можа ўзьнікнуць, калі нехта сфармулюе нейкія новыя ўмовы да тых, што ўжо агучваліся. Сёньня пяць структур заявілі, што яны гатовыя праводзіць кангрэс за ўласныя сродкі, бо ніхто на гэта не выдзяляе ніякіх грошай. Гэта трэба было праводзіць уласнымі намаганьнямі, у вельмі жорсткім рэжыме часу, практычна тры месяцы займацца гэтым пытаньнем. Супраць выступілі Партыя БНФ і «Гавары праўду».

Атрымалася, што Ўладзімер Някляеў зрабіў адну заяву, а «Гавары праўду» выказала іншую пазыцыю.

Сёньня ж спадар Уладзімер зрабіў заяву пра свой выхад з апазыцыйных структураў.

Лябедзька: «Выйсьці чалавек можа толькі адтуль, дзе ён знаходзіцца. Гэта заява пра выхад з „Гавары праўду“. Я думаю, лепш зьвяртацца па камэнтар да самога Някляева. Калі структура не падтрымлівае лідэра, то ён тады робіць крокі даволі радыкальныя. У мяне была такая сытуацыя ў 2006 годзе, калі частка партструктураў не хацелі прызнаваць рашэньне кангрэсу. Тады я заявіў, што калі гэта будзе рашэньне большасьці палітрады, то я сыходжу ў адстаўку. Тады структура падтрымала мяне, інакш я пайшоў бы ў адстаўку.

А што тычыцца таго, што Някляеў сыходзіць з палітыкі, то я лічу, што гэта аслабленьне. Бо ўсё ж пры ўсім пры тым Някляеў быў адным зь нямногіх, з кім можна было ўдарыць па руках — і гэтае рашэньне не перагледжвалася. Апошнім часам узьнікаюць такія сытуацыі, што могуць і па руках біць, але потым гэтае рашэньне не зьяўляецца плянам дзеяньняў. Таму ў гэтым пляне гэта дрэнны крок. Вось зь Някляевым я дамаўляўся пра ўсё. Пра любыя варыянты, і прэзыдэнцкай кампаніі ў тым ліку. Асабіста зь ім».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG