Дырэктар ПВТ, вязень калёніі, лідэр прафсаюзаў… Што стала з былымі кіраўнікамі БРСМ

Ілюстрацыйнае фота

Новым кіраўніком Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі стаў 31-гадовы Дзьмітры Варанюк, цяперашні кіраўнік Менскага абласнога камітэту арганізацыі. Народжаны ў Ташкенце, ён рос у Магілёве, вучыўся ў Магілёўскім унівэрсытэце імя Куляшова, затым у Акадэміі кіраваньня.

БРСМ быў утвораны ў 2002 годзе праз аб’яднаньне «Беларускага саюзу моладзі» і «Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі», лічыць сябе пераемнікам савецкага камсамолу і актыўна падтрымлівае палітыку дзейных уладаў (за што атрымаў мянушку «лукамол»). Аляксандар Лукашэнка называе БРСМ «надзейным партнэрам». Арганізацыя дзейнічае як на ўнёскі чальцоў, так і на грошы зь дзяржаўнага бюджэту.

Паводле самой арганізацыі, у яе ўваходзяць 477,5 тысячы чалавек (у тым ліку 16,2 тысячы ў «моладзевых атрадах аховы парадку»), але шмат беларусаў заяўлялі пра прымусовы або таемны запіс у чальцы БРСМ.

Кіраўніцтва БРСМ як кар’ерны трамплін (не заўсёды)

Стваральнікам БРСМ лічыцца Ўсевалад Янчэўскі, які з 1997 па 2001 гады быў першым сакратаром БПСМ, затым стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, пабыў памочнікам Лукашэнкі і начальнікам галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня (2008–2013), затым стаў «куратарам адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сфэрах інфарматызацыі, тэлекамунікацый і высокіх тэхналёгій» і ўрэшце ў сакавіку 2017 году быў прызначаны дырэктарам Парку высокіх тэхналёгій. Менавіта ён агучыў курс уладаў на пабудову «ІТ-краіны».

Першым чалавекам, прызначаным на пасаду першага сакратара ЦК БРСМ, быў Аляксандар Нахаенка. На пасадзе ён прабыў год (2002–2003), пасьля займаў кіроўныя пасады на камэрцыйных прадпрыемствах, у тым ліку ад 2008 году ў «Амкадоры» (спачатку намесьнік гендырэктара, ад 2013 году — чалец Рады дырэктараў), у 2015 годзе быў прызначаны першым намесьнікам старшыні Гандлёва-прамысловай палаты Беларусі, ад 2017 году — генэральны дырэктар зьвязанай з «Амкадорам» кампаніі «ПМІ Інжынірынг».

Міхаіл Орда, архіўнае фота

Міхаіл Орда кіраваў БРСМ у 2003–2006 гадах, пасьля стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, дзе быў намесьнікам старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, у 2014 годзе прызначаны кіраўніком праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, ад 2016 году таксама чалец Савету Рэспублікі. Сьцьвярджаецца, што пасьля яго прапагандысцкая актыўнасьць БРСМ зьменшылася.

Леанід Кавалёў, архіўнае фота

Ягоны наступнік Леанід Кавалёў неўзабаве мае выйсьці на волю — у 2012 годзе яго асудзілі на 7 год калёніі за хабар. Пасьля БРСМ Кавалёў крыху папрацаваў у Менскім аблвыканкаме, потым — намесьнікам Віцебскага гарвыканкаму, а апошнія паўтара года да арышту — намесьнікам старшыні Віцебскага аблвыканкаму.

Юры Крывадубскі, які ўзначальваў БРСМ з 2008 па 2010 год, пасьля «камсамолу» стаў дырэктарам менскага стадыёна «Дынама», у 2013 годзе «па ўласным жаданьні» (пасьля таго як Лукашэнка скрытыкаваў кіраўніцтва стадыёну, кажучы «трэба ўсіх пасадзіць») сышоў з пасады і стаў намесьнікам дырэктара па ідэалягічнай працы ў футбольным клюбе «Менск». Ад 2017 году пра ягоную дзейнасьць не чуваць.

Ігар Бузоўскі, архіўнае фота

Потым БРСМ узначаліў Ігар Бузоўскі, які да таго пяць год працаваў у ідэалягічным упраўленьні адміністрацыі Лукашэнкі. Ён прабыў на пасадзе да сьнежня 2014 году — затым на два гады стаў намесьнікам старшыні адміністрацыі Лукашэнкі і нефармальным «галоўным ідэолягам», але быў звольнены з фармулёўкай «у сувязі зь пераходам на іншую працу». На новую пасаду перайшоў толькі праз чатыры месяцы — быў прызначаны кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску.

Які лёс чакае Андрэя Белякова, які кіраваў БРСМ ад 2015 году, пакуль незразумела. Паводле чутак, што перадае «Наша Ніва», яго звольнілі нібыта за «правалы ў працы». Пакуль Белякоў застаецца чальцом Савету Рэспублікі.


Чытайце таксама: 626 тысяч піянэраў і акцябратаў: адкуль іх нагналі?