Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд адхіліў апэляцыю Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухаркі, асуджаных на сьмерць


Вячаслаў Сухарка пасьля абвяшчэньня прысуду
Вячаслаў Сухарка пасьля абвяшчэньня прысуду

30 траўня ў Вярхоўным судзе агучаны вэрдыкт судовай калегіі, якая цягам мінулага дня разглядала апэляцыйныя скаргі Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухаркі, асуджаных да найвышэйшай меры пакараньня — расстрэлу.

Судовая калегія не знайшла падставаў для адмены ранейшага прысуду Жыльнікаву і Сухарку, пакінуўшы скаргу без задавальненьня.

Старшынём судовай калегіі Вярхоўнага суду, якая разглядала апэляцыю Жыльнікава і Сухаркі, быў Сяргей Гураў. Пракурор Алег Буйленкаў адмовіўся даваць камэнтар прадстаўнікам недзяржаўных мэдыя.

Пракурор Алег Буйленкаў
Пракурор Алег Буйленкаў

29 траўня падчас разгляду апэляцыйнай скаргі Аляксандар Жыльнікаў заявіў, што асабіста ён не забіваў трох чалавек, якія сталі ахвярамі злачынства.

Аляксандар Жыльнікаў
Аляксандар Жыльнікаў

Вячаслаў Сухарка сваю віну ў забойстве прызнаў цалкам і не спрабаваў абскарджваць прысуд. Скаргу ад яго імя падала абаронца. Падчас учорашняга паседжаньня Сухарка быў выдалены з судовай залі пасьля таго, як пачаў сьпяваць у жалезнай клетцы.

Вячаслаў Сухарка
Вячаслаў Сухарка

​Жыльнікаў на пытаньне карэспандэнта Свабоды пасьпеў сказаць, што будзе падаваць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. «Гэта будзе ня проста прашэньне, а скарга на гэты прысуд. Што такое? Суцэльная лухта, няма ніякія доказаў!»

Абвінавачаных выводзяць пасьля суду
Абвінавачаных выводзяць пасьля суду

Сухарка, паводле ягонага адваката, яшчэ ня вызначыўся, ці будзе прасіць аб памілаваньні. У клетцы пасьля абвяшчэньня пастановы судовай калегіі ён усьміхаўся.

Падаць прашэньне аб памілаваньні асуджаныя на сьмерць могуць цягам 10 дзён.

Праваабаронца: «Гэта немагчыма разглядаць як прагрэс у пытаньні адмены сьмяротнага пакараньня»

Праваабаронца цэнтру «Вясна» Андрэй Палуда ў камэнтары для Свабоды зьвярнуў увагу на момант, калі была адхіленая апэляцыя на чарговыя сьмяротныя прысуды.

Андрэй Палуда
Андрэй Палуда

«Заўважце, што гэта адбылося адразу пасьля „Менскага дыялёгу“, пасьля міжнародных канфэрэнцый з удзелам прадстаўнікоў Эўропы і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія уваходзяць у групу па вывучэньні адмены сьмяротнага пакараньня.

Атрымліваецца, пад гэтыя размовы ў нас паралельна выконваюцца сьмяротныя прысуды і выносяцца новыя. На маю думку, гэта немагчыма разглядаць як прагрэс у пытаньні адмены сьмяротнага пакараньня, праваабаронцы „Вясны“ адназначна асуджаюць такую практыку».

Паводле Андрэя Палуды, апэляцыйны парадак разгляду скаргаў, які быў уведзены параўнальна нядаўна, дазваляе больш дэталёва разглядаць абставіны злачынстваў і зьмяншаць верагоднасьць судовых памылак.

«Учора адвакаты выявілі шмат доказаў таго, што сьмяротныя прысуды Жыльнікаву і Сухарку магчыма замяніць на пажыцьцёвыя, але сёньняшні вэрдыкт судовай калегіі паказаў, што да іх, на жаль, зноў не прыслухаліся», — падсумаваў Андрэй Палуда.

У сьнежні 2015 году ў сваёй кватэры былі забітыя хлопец і дзяўчына. Як раней выявілі сьледчыя, 27-гадовая выхавальніца дзіцячага садку і былая актывістка БРСМ Аліна Шульганава «замовіла» 44-гадоваму суседу Аляксандру Жыльнікаву і яго сябру Вячаславу Сухарку свайго былога сябра, які сышоў ад яе да іншай.

Быўшы п’янымі, Жыльнікаў і Сухарэнка нанесьлі дзьвюм ахвярам 140 удараў нажом, забралі з кватэры грошы і каштоўныя рэчы і ўцяклі. Пасьля затрыманьня выявілася, што зламысьнікі датычныя да яшчэ аднаго забойства жыхара Калодзішчаў, які здаваў аднаму зь іх кватэру.

Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка былі прыгавораныя да сьмяротнага пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці. Аліну Шульганаву асудзілі да 12 гадоў пазбаўленьня волі без канфіскацыі маёмасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG