Кінарэжысэр Аляксей Туровіч экранізаваў апавяданьне Васіля Быкава «Жоўты пясочак». Ён жа выступіў і прадусарам, узяўшы на сябе ўсе фінансавыя выдаткі. Дзяржава ня ўклалася ніводнай капейкай.
Усе ролі ў крыху больш як гадзінным фільме выканалі тэатральныя артысты зь Менску, Віцебску, Бабруйску. Стужка цалкам змантаваная, але праца затармазілася на этапе зьвядзеньня і агучваньня. Як кажа Аляксей Туровіч, прычына банальная — скончыліся грошы. З тае ж прычыны пакуль не ўдаецца зрабіць і беларускамоўны дубляж.
Дзяржава не сасьпела да таго стану, каб фінансаваць фільм пра Курапаты
За візуалізацыю знакамітага твору, які расказвае пра канвэер расстрэлаў «ворагаў народу» ў Курапатах пад Менскам, браліся многія беларускія творцы. Але з розных прычын іх задумы так і не былі ўвасобленыя ў жыцьцё. Чаму тое, што не ўдалося Ігару Дабралюбаву ці Сяргею Шульгу, рэалізаваў Аляксей Туровіч?
«Напэўна, нават мэтры, як Ігар Міхайлавіч Дабралюбаў, наіўна спадзяваліся на падтрымку дзяржавы. Дабралюбаў — мой настаўнік, але хай ён мне прабачыць: на нешта разьлічваць было проста нерэальна. Дый каштарыс аказаўся зусім не малы. Напачатку Міністэрства культуры нешта нават думала, але пасьля выхаду карціны „Эпілёг“ паводле раману Івана Шамякіна (я там, дарэчы, выканаў ролю маладога мастака), якая паказвае жабрачы стан інтэлігенцыі, Дабралюбава залічылі да апазыцыі. Дый сам ён ужо быў крытычна настроены да ўладаў. Думаю, за старыя заслугі маглі прафінансаваць нешта іншае, але ніяк ня „Жоўты пясочак“. Таксама браўся за працу Сяргей Шульга, іншыя рэжысэры, але з тым жа посьпехам. Відавочна, што дзяржава ніколі ня дасьць грошай на такі фільм».
У «Жоўтым пясочку» Васіля Быкава расказваецца, як шасьцёх зьняволеных сумнавядомай менскай турмы НКВД вязуць на расстрэл ва ўрочышча Курапаты. Сьмяротнікі — людзі самыя розныя, у апошнія гадзіны жыцьця кожны заняты сваімі ўласнымі думкамі, але абʼядноўвае ўсіх адно: сытуацыя не пакідае ніякага выбару. Людзі пакорліва цярпяць, нават калі зьяўляецца магчымасьць абяззброіць адзінага вартавога — памочніка камэнданта. Але замест гэтага выштурхоўваюць загрузлы «аўтазак», каб прысьпешыць расправу і апынуцца на дне ямы з жоўтым пясочкам...
Па словах Аляксея Туровіча, прэмʼерны паказ можна было б ладзіць і праз два тыдні, але не хапае 7 тысяч даляраў на фінішнае зьвядзеньне дыялёгаў, сынхронных шумоў, мікшаваньне музыкі. Пры гэтым рэжысэр трымаецца думкі, што прасіць дапамогі ва ўладаў, якія проста не сасьпелі да разуменьня маштабу і наступстваў сталінскіх рэпрэсіяў, — абсалютна марная задума. Але ад ахвяраваньняў дзеля агульнай справы не адмовіцца:
«Я ўсё рабіў за ўласныя грошы. Зь „Беларусьфільмам“ працаваў як ІП, пералічваў ім за строі, за рэквізыт, за „палутарку“, у якой герояў вязуць на расстрэл. Дамаўляўся, каб зрабіць і паставіць на кузаў „будку“, шукаў падвалы, каб абсталяваць катавальні НКУС. Адпаведна, плаціў ня толькі здымачнай групе. На жаль, рэсурсаў не хапае, буду кідаць кліч пра народную карціну на ўвекавечаньне ахвяраў Курапатаў. У мяне досыць вялікі досьвед арганізацыі здымачнага працэсу — стужкі „Трэба жыць“, „Сынок“, „Яблык месяца“ і г. д. У нейкі момант адчуў, што магу адужаць і такую складаную экранізацыю. Актораў сабраў з усёй Беларусі — зь менскіх тэатраў, зь Віцебску, з Бабруйску. Былі прыкамандзіраваныя да Ратамкі, дзе вяліся здымкі. Мая жонка гатавала абеды, я вазіў, каб людзі не былі галодныя».
Адным з галоўных плюсаў кінакарціны Аляксей Туровіч называе яе стопрацэнтную беларускую прапіску. Дагэтуль ці не апошняй экранізацыяй твораў Васіля Быкава быў фільм «У тумане» рэжысэра Сяргея Лазьніцы — сам ён родам зь Беларусі, але даўно жыве ў Нямеччыне. У тым выпадку сродкі на праект былі эўрапейскія, а здымалі пераважна ў Латвіі:
«Пад свой фільм Сяргей Лазьніца атрымаў добрае фінансаваньне, у яго была паўнавартасная здымачная група. Тут сытуацыя зусім іншая, з катэгорыі, як кажуць, „не да жыру“. Але, як мне падаецца, удалося стварыць адпаведны антураж, падабраць добрыя тыпажы — ад селяніна Аўтуха і белагвардзейца Валярʼянава да камуніста Шэстака і чэкіста Сурвілы, якога ў фільме сыграў я. Пазнавальных зорак няма, адмыслова падбіраў людзей, якія б найбольш адпавядалі сваім прататыпам. Падчас пробаў некаторых давялося нават мяняць месцамі, бо ў працэсе знаёмства станавілася зразумела, што камусьці больш пасуе іншая роля, а не першапачаткова вызначаная. Было складана. Але галоўнае, што фільм практычна гатовы, за выняткам апошніх тэхнічных штрыхоў».
Ня кожны прафэсіянал гатовы экранізаваць такі складаны псыхалягічны твор
Зьвядзеньнем стужкі «Жоўты пясочак» займаецца гукарэжысэр Сяргей Шункевіч. У ягоным актыве дзясяткі мастацкіх фільмаў. Для «Жоўтага пясочку» ён напісаў музыку. Кажа, што абмежаваны бюджэт вымагаў ад рэжысэра сумяшчэньня шмат якіх функцыяў, якія пры іншым раскладзе павінны былі б выконваць асобныя людзі:
«Найперш, не было мастака па касьцюмах, гэтую функцыю выконваў сам Аляксей Туровіч. Не было мастака-пастаноўшчыка — зноў жа, гэтым займаўся ён. Адначасова быў рэжысэрам на пляцоўцы і здымаўся ў адной з роляў. Фактычна арганізатар усяго вытворчага працэсу. То бок адзін чалавек выцягнуў на сваіх плячах паўнавартаснае мастацкае кіно. Калі ў гэтым кантэксьце ўспамінаць таго ж Лазьніцу, то ў яго быў бюджэт у раёне 2 мільёнаў эўра, паўнавартасная здымачная група, найлепшыя прафэсіяналы на ўсіх пазыцыях. Зробленае Аляксеем унікальнае яшчэ і таму, што ён адважыўся рызыкнуць і зрабіць тое, што да яго не ўдалося нават мэтрам. Ды яшчэ за свае грошы. Бо адна з прычын, чаму „Жоўты пясочак“ так і не зьнялі, — няўпэўненасьць. Матэрыял настолькі сурʼёзны, глябальны і эмацыйны, што ня кожнаму па сілах зь ім справіцца».
Сяргей Шункевіч падкрэсьлівае, што «Жоўтаму пясочку» апрыёры ня сьвеціць камэрцыйная аддача. Таму працу Аляксея Туровіча варта разглядаць хутчэй як своеасаблівы гуманітарны жэст, чым як спосаб зарабіць грошы:
«Карэктным будзе параўнаньне ці не, але ў нас ёсьць прыклад Андрэя Курэйчыка, які працуе прыкладна ў тым жа кантэксьце — то бок здымае за свае грошы ці за адрасна прыцягнутыя. Але ён бярэцца толькі за тое, што дасьць аддачу, іншымі словамі, рэалізуе заведама камэрцыйныя праекты. Фільм Аляксея Туровіча „Жоўты пясочак“ адпачатку некамэрцыйны. Калі падыходзіш да гэтага матэрыялу, абсалютна зразумела, што гэта ня той прадукт, які можа прынесьці вялікую колькасьць грошай ці сабраць поўныя глядацкія залі. Але разам з тым гэта матэрыял нацыянальнага парадку».
Што падштурхнула рэжысэра ўкласьці ўласныя сродкі, разумеючы, што вярнуць іх няма як? Аляксей Туровіч тлумачыць, што пераломным момантам стала турэмная адседка — ягонымі словамі, за злачынства, якога ён не ўчыняў. У 2009 годзе на падставе ананімнага паведамленьня аўтамабіль Туровіча абшукалі на наяўнасьць наркотыкаў, але безвынікова. У 2010-м яго абвінавацілі ў «распусных дзеяньнях у дачыненьні да асобы, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту», і асудзілі на 6 гадоў пазбаўленьня волі. Вызваліўся праз 4 гады, вярнуўся ў прафэсію.
Пераконвае, што справа супраць яго была сфабрыкаваная, а выкрасьлены з жыцьця час застанецца на сумленьні тых, хто арганізаваў гэты «спэктакль»:
«Калі супраць мяне сфабрыкавалі справу і ўрэшце пасадзілі, я рэальна ўбачыў, што судзьдзі, сьледчыя, пракурорскія работнікі — гэта адданыя слугі дыктатуры. Я на ўласныя вочы ўбачыў, як тая машына перамолвае сотні чалавечых лёсаў, што ў „Жоўтым пясочку“ апісвае і Быкаў. І вось тады падумаў: калі выжыву, абавязкова зраблю фільм. Не пра сябе, а пра Курапаты, дзе знайшлі апошні шлях ні ў чым не вінаватыя людзі. Я да канца жыцьця буду настойваць, каб мой прысуд быў перагледжаны. Не выключаю, што камусьці не спадабалася мая актыўнасьць, калі я быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. І ў гэтым палягае ідэалёгія дыктатуры — трымаць людзей у страху, каб яны не разьвіваліся. Людзі хочуць жыць, працаваць, а куды ўсё потым ідзе? На армію, на міліцыю, на першых дармаедаў ад улады».
Дзяржава, якая не асудзіла масавыя рэпрэсіі, засталася ў сталінскім мінулым
Аляксей Туровіч кажа, што хоць паміж сёньняшнім днём і падзеямі ў апавяданьні «Жоўты пясочак» Васіля Быкава — восем дзясяткаў гадоў, паралелі напрошваюцца адназначныя:
«У Курапаты людзі траплялі зломленыя, пад катаваньнямі, справы ў масе сваёй сфабрыкаваныя. Паглядзіце, асуджаныя на расстрэл выцягваюць з балота машыну НКУС, толькі крымінальнік Гром зьдзекаваўся з чэкістаў і зь сяброў па няшчасьці — давайце, дурні, штурхайце сабе на пагібель. Над імі быў толькі адзін канваір, маглі папросту яго заваліць. Але людзі надламаныя, дэмаралізаваныя. Я сам прайшоў праз тое, як у турме ламаюць чалавека. Не абавязкова самі — падсаджваюць забойцаў, рэцыдывістаў. Па першым часе таксама думаў: лепш не пярэчыць, падпісаць, што скажуць, міжволі прагінаўся пад іх сыстэму. А потым падумаў: ну чаму я так раблю, чаму здаюся? Апрытомнеў і кажу сьледчаму: не, так ня пойдзе. У выніку два з паловай гады з чатырох адседзеў у адзіночнай камэры, па 10 дзён трымалі распранутым. Толькі таму, што не здаваўся...»
У фільме «Жоўты пясочак» зьняліся беларускія артысты. У ролі аднаасобніка Аўтуха — Міхаіл Мацьвееў, царскага афіцэра Валярʼянава — Генадзь Трацякоў, паэта Зайкоўскага — Аляксей Міхалоў, крымінальніка Фэлікса Грома — Уладзімер Лебедзеў, камуніста Шастака — Валянцін Салаўёў, сьледчага НКУС — Аляксей Туровіч, памочніка камэнданта — Аляксей Верашчака.
Рэжысэр, актор, прадусар Аляксей Туровіч нарадзіўся ў 1959 годзе ў Глыбокім Віцебскай вобласьці. Рос без бацькоў у інтэрнаце на Ашмяншчыне. Да войска працаваў трактарыстам, быў кіроўцам вялікагрузных аўтамабіляў у Сыбіры, кіраваў цягнікамі менскага мэтрапалітэну. У 1994-м скончыў школу-студыю на базе кінастудыі «Беларусьфільм». Як рэжысэр зьняў шэраг фільмаў, найбольш вядомыя зь іх — «Турма для кума», «Сынок», «Яблык Месяца», «Трэба жыць». Зьняўся амаль у паўсотні стужак, сярод якіх «Анастасія Слуцкая», «Franz+Polina», «Ліст да Фэліні», «Паскораная дапамога», «Кантракт са сьмерцю», «Вам — заданьне» і г.д. Балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на парлямэнцкіх выбарах 2008 году.