Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акторы баяцца граць у экранізацыі Быкава. Але рэжысэр спадзяецца зьняць фільм да канца году


Кадар з трэйлеру
Кадар з трэйлеру

На краўдфандынгавай плятформе talaka.by працягваецца збор сродкаў на экранізацыю апавяданьня Васіля Быкава «Народныя мсьціўцы». Аўтар праекту і рэжысэр — 29-гадовы Аляксандар Меліхавец.

Ідэя экранізаваць Быкава ў яго ўзьнікла гадоў 10 таму, а ў 2009 годзе пачалася праца над сцэнарам, і тады ж быў зьняты трэйлер да кінафільму з удзелам вядомых актораў Купалаўскага тэатру — заслужанага артыста Георгія Маляўскага, Уладзімера Рагаўцова і Сяргея Краўчанкі.

Сюжэт апавяданьня такі: падзеі адбываюцца на мяжы 1950–1960-х гадоў. Чацьвёра вяскоўцаў старэюць, хтосьці працуе, хтосьці паціху сьпіваецца, хтосьці больш-менш уладкаваўся ў жыцьці. Аднойчы ў вёску наведваецца той, каго даўно лічылі зьніклым — чэкіст Вусаў, які калісьці ссылаў, катаваў і забіваў бацькоў і братоў галоўных герояў. Але ён дагэтуль не пакараны. Больш за тое, цяпер у Вусава пэрсанальная пэнсія, гонар і павага. За пляшкай гарэлкі героі вырашаюць адпомсьціць чэкісту — забіць яго...

Аўтар праекту і рэжысэр Аляксандар Меліхавец па спэцыяльнасьці — інжынэр-будаўнік, скончыў БНТУ. З падлеткавага ўзросту цікавіўся рэжысурай, тэхналягічным працэсам вытворчасьці кіно. Здымаў кліпы, гульнявыя ролікі, у тым ліку пра Максіма Багдановіча, дакумэнтальныя замалёўкі.

Аляксандар Меліхавец
Аляксандар Меліхавец

Аляксандар Меліхавец адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

— Як ідуць справы? На вашу думку, сама ідэя — зьбіраць сродкі талакой — яна ў Беларусі выканальная?

— Сама ідэя талакі вельмі добрая і вельмі патрэбная. Калі ўзяць чыстую матэматыку: да прыкладу, 1 мільён чалавек ахвяруе па 1 даляру ў месяц, то для самога чалавека гэта амаль незаўважна, але на 1 мільён даляраў можна зрабіць шмат сацыяльных праектаў, да якіх у дзяржавы ці то рукі не даходзяць, ці няма сродкаў.

Але ў нас сама сыстэма збору грошай праз talaka.by пакуль яшчэ недасканалая. Спачатку цісьнеш кнопачку, што ты абяцаеш пералічыць сродкі. Потым прыходзіць СМС, каб ты аплаціў. Дык вось на сёньня абяцана 3300 дэнамінаваных рублёў, а аплачана толькі 600 рублёў. Сам праект — 12 000 дэнамінаваных рублёў (6 тысяч даляраў). Дзякуй усім тым, хто адгукнуўся. Я думаў, будзе горш. Хаця зразумела, што прыхільнікаў творчасьці Быкава нашмат больш. І на сёньняшні дзень, мне падаецца, трэба вынайсьці нейкі рэальны, даступны ўсім інструмэнт данясеньня інфармацыі і аплаты. На «Талацэ» гэта ня вельмі зручна пакуль. І неабходна, каб чалавек, які аддаў сваю капейчыну, потым убачыў, што яна пайшла на добрую справу. А пакуль, магчыма, няма яшчэ даверу. Але сама ідэя клясная!

— Але вернемся да ідэі фільму і яе ўвасабленьня. У трэйлеры задзейнічаны сапраўды «зорны» склад Купалаўскага тэатру: Георгі Маляўскі, Уладзімер Рагаўцоў і ўжо нябожчык Сяргей Краўчанка. Ці застанецца хто з гэтага складу ў фільме?

— Наўрад ці. Георгі Маляўскі здымацца адмовіўся. Я многім акторам прапаноўваў, многім роля падыходзіла, але шмат хто адмаўляўся. Розныя былі прычыны. Але некаторыя проста перасьцерагаліся, казалі: «Бо гэта ж Быкаў!» Аднаго вядомага актора (ня буду называць прозьвішча) павінны былі ўзнагародзіць дзяржаўным мэдалём, і ён пабаяўся, што могуць быць наступствы. Тым акторам, што зьняліся ў трэйлеры, я вельмі ўдзячны. Але фільм будзе з новымі акторамі. Ёсьць папярэдняя дамоўленасьць, але тут трэба ўлічваць яшчэ шмат чыньнікаў — ня толькі іхнюю згоду, але іхні графік. Шмат што залежыць яшчэ і ад грошай, бо людзям трэба плаціць за іхнюю працу.

Сцэнар завязаны на пяці акторах, прычым чатырох можна замяніць, а адна фігура — цэнтральная, на ёй засяроджана ўся дзея, усе дыялёгі, і некалькі актораў адмовіліся. Зараз на галоўную ролю ёсьць згода актора Купалаўскага тэатру Міхася Зуя. Ён, мне падаецца, вельмі таленавіты. Дый наагул у фільме будзе склад больш малады, чым у трэйлеры. Бо ў Васіля Быкава героям паміж 30 і 40. Я хацеў з пэўных прычын іх крыху «састарыць», таму ў трэйлеры падбіраліся больш салідныя, дарослыя акторы. Цяпер будуць маладыя, але таксама таленавітыя, добрыя.

Фрагмэнт з трэйлеру да кінафільму
Фрагмэнт з трэйлеру да кінафільму

— А ня страшна экранізаваць самога Васіля Быкава? Як бы геніяльна ні паставілі, усё адно будуць крытыкаваць...

— Так, я ўсё гэта разумею. Страшна — гэта ня тое слова... Але, па-першае, мне гэта хочацца зрабіць, і мне гэта цікава. Чаго я хацеў бы дамагчыся гэтай экранізацыяй, калі фільм выйдзе? Па-першае, абудзіць цікаўнасьць да самога твору — няхай людзі яго абавязкова прачытаюць, бо я перакананы, што яго не чытала абсалютная большасьць беларусаў.

— Бальшыня ўсё ж больш ведае пра ваенную прозу Быкава...

— Так, але ў Быкава спэцыфічная проза. Ён піша не пра баі, баталіі, у Быкава заўсёды псыхалёгія, камэрныя, складаныя ўзаемаадносіны некалькіх чалавек. Цяпер зьявілася шмат фільмаў пра вайну ня вельмі добрых, і гэта ўжо, так бы мовіць, «антыбрэнд». То бок трэба перачакаць пэўны час — гадоў 5, а можа і 10, каб зноў зьвярнуцца да гэтай тэмы. Пачакаць, каб глядач адпачыў і можна было б экранізаваць таго ж Быкава, які, дарэчы, мала экранізаваны. Я глядзеў усе экранізацыі — і савецкія, і постсавецкія. І нягледзячы на тое, што там былі вялікія бюджэты, здымалася прафэсійнае кіно — удалых ня так шмат.

Першы сцэнар я напісаў у 2009 годзе. Але цяпер я яго перарабіў, бо мне падалося, што ўжо трэба здымаць па-іншаму. Тэкст Быкава я не кранаў — гэта ж Быкаў! Вядома, ёсьць пэўныя скарачэньні. Ёсьць некалькі ўставак маіх: сон героя, трызьненьне, але, я думаю, гэта ў кантэкст упісваецца. Я дадаў крыху сюррэалістычнасьці.

Наконт пытаньня, што будзе шмат незадаволеных — я лічу, што Быкаву ад яшчэ адной экранізацыі, няхай сябе і сярэдняй, ніякай шкоды ня будзе. А яшчэ адзін напамін, каб людзі зьвярнуліся да яго кніг, пачыталі — не пашкодзіць. Я не хачу разглядаць вялікія нашы постаці, кшталту Быкава, Купалы, Коласа, Багдановіча, як забранзавелыя постаці, як манумэнты. Я хачу бачыць жывых людзей, жывыя ідэі. Я хачу данесьці тое, што Быкаў сказаў гэтым творам: пра рысы, уласьцівыя беларусам — пра талерантнасьць беларусаў, якая ўжо ўсім намуляла, пра людзкасьць... Зразумела, што б я ні зьняў — будуць крытыкаваць, гаварыць, што дрэнна зьнята тэхнічна, але на гэта ня трэба азірацца. Трэба рабіць. Я ня супраць, калі хтосьці возьмецца за тое ж самае ці за іншыя творы Быкава, зробіць гэта лепш за мяне, нават геніяльна — няхай робіць. Але чамусьці мала хто з рэжысэраў адважваецца экранізаваць Быкава! Амаль ніхто...

— І ўсё ж такі: калі можна будзе пабачыць фільм «Народныя мсьціўцы»?

— Шмат што залежыць ад фінансаў. Бюджэт мы заклалі досыць сьціплы. Можна ўзяць прафэсійную камэру ў арэнду за 50 даляраў у суткі, а можна — за 1 тысячу. Фільм будзе доўжыцца крыху больш за гадзіну — то бок «поўны мэтар».

Фільм я хацеў бы завяршыць сёлета да канца году. Спадзяюся, атрымаецца з пракатным пасьведчаньнем — каб людзі пабачылі. Фільм будзе зьняты на беларускай мове і зь беларускімі акторамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG