Паглядзець незалежны фільм, які займеў нечаканы посьпех у беларускіх кінатэатрах, можна будзе на Tut.by ад 3 чэрвеня.
У раніцу пятніцы, 3 чэрвеня беларуская незалежная камэдыя «ГараШ» пры падтрымцы мабільнага апэратара МТС зьявіцца на партале Tut.by для бясплатнага прагляду. Пракатны пэрыяд завершаны. Далей «ГараШ» будуць прапаноўваць як франшызу, то бок як своеасаблівую пілётную сэрыю для будучага працягу.
«Спачатку гэта быў інтэрнэт-праект, інтэрнэт-правакацыя, — згадвае рэжысэр Андрэй Курэйчык. — Мы зьнялі фільм у чэрвені мінулага году за чатыры здымачныя дні, у нас здымаліся нашыя цудоўныя рокеры Саша Кулінковіч і Юра Навумаў, а таксама прафэсійныя артысты, многія зь якіх здымаліся на чыстым энтузіязьме, нават калі мы прапаноўвалі нейкія ганарары».
Увосень 2015 году фільм паказваўся на кінафэстывалі «Лістапад», чаму, згадвае Курэйчык, не было рада Міністэрства культуры. Курэйчык і каманда фільму жорстка крытыкавалі праект указу пра абавязковае ўзгадненьне сцэнараў і здымак кіно зь Міністэрствам культуры — і крытыка, мяркуе ён, прынамсі адтэрмінавала прыняцьце ўказу на год. Але праз гэта фільм на «Лістападзе» «ня вельмі чакалі». Курэйчыка прасілі не прыходзіць на цырымонію адкрыцьця, але той прыйшоў усё роўна.
«ГараШ» сабраў 300 млн у 38 кінатэатрах
На «Лістападзе» месца ўсім ахвочым паглядзець «ГараШ» не хапіла, прыйшлося рабіць дадатковыя паказы. Потым, у лютым 2016 году, фільм дазволілі паказаць у палове краіны (але ня ў Гомелі і не ў Магілёве, а ў Менску — толькі ў «аналягавым» кінатэатры «Перамога» ды ў прыватных Silverscreen і «Арт-кінатэатры»). І то пасьля «бітвы за кожную асобную залю». Героем гэтай бітвы Курэйчык называе прадусара фільму Дзьмітрыя Фрыгу.
І калі спачатку залі былі напаўпустыя, пасьля стартавага ўік-энду «ГараШ» зьбіраў у сярэднім 70–80% залі. Фільм паглядзелі каля 10 тысяч гледачоў у 38 кінатэатрах («Авэль» набраў у Расеі толькі 6 тысяч гледачоў пры 500 залях), ён сабраў у пракаце больш за 300 млн рублёў і акупіўся ўтрая. Сабраныя з пракату грошы раздалі здымачнай камандзе і акторам.
Разам з навіной пра бясплатны прагляд фільма «ГараШ» у інтэрнэце Курэйчык анансаваў новы фільм — камэдыю пад працоўнай назвай «Партызан-фільм».