Рэспубліканская экспэртная камісія ў пытаньнях прадухіленьня прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці забараніла арганізатарам VI фэстывалю новага беларускага кіно Bulbamovie паказваць кароткамэтражную стужку Валерыі Целяшэўскай «Яечня па-беларуску».
Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі 13 кастрычніка ў Менску сказаў праграмны дырэктар кінафэстывалю Максім Жбанкоў.
Фільм мелі паказаць у рамках конкурснай праграмы мастацкага кіно, паведамляе БелаПАН.
У экспэртным заключэньні камісіі гаворыцца, што гэты фільм «зьмяшчае шматлікія сцэны жорсткасьці», а таксама — што «паказаныя дачыненьні паміж людзьмі наводзяць на думку аб аднамернай антыгуманнай жыцьцёвай пазыцыі». «Дэманстрацыя на тэрыторыі Беларусі гэтага твору забароненая», — сьцьвярджаецца ў дакумэнце.
Максім Жбанкоў пракамэнтаваў рашэньне камісіі ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды:
«Наагул я не лічу сыстэму забаронаў спрыяльнай для разьвіцьця культуры. Я паважаю эмацыйную крытыку, але агучаныя ў гэтай паперцы фармулёўкі ня ёсьць рацыянальнымі і прафэсійнымі. Збольшага гэта эмацыйныя рэакцыі, якія не пераконваюць. Таму гэтыя рэчы, гэтая цэнзура ў культуры не захоўвае здароўе нацыі, а хутчэй наадварот. Таму гэта ня сродак і не фармат дзеяньняў».
«Яечня па-беларуску» — гэта адзін зь пяці эпізодаў кінапраекту «Танатас і Эрас», зьнятага творчай групай «Хранатоп» пад кіраўніцтвам рэжысэра Андрэя Кудзіненкі. Гэты праект стаў працягам кінапраекту «Хранатоп», прысьвечанага сучаснай беларускай міталёгіі. Новыя эпізоды тычацца тэмы сьмерці і любові.