Беларусы, якіх запісалі ў «брусэльскія сьмяротнікі», абверглі Свабодзе сваю датычнасьць да тэрактаў

Халід Доўбаш. Фота з старонкі «Ўкантакце»

Свабодзе ўдалося праз сацыяльныя сеткі зьвязацца зь дзьвюма асобамі, якіх некаторыя расейскія і беларускія СМІ абвінавацілі ў датычнасьці да сёньняшніх брусэльскіх тэрактаў.

Аднаго з карыстальнікаў сацсеткі завуць Сулейман Доўбаш, другога — Халід Доўбаш.

Сулейман пацьвердзіў, што ягонае беларускае імя — Іван.

Абодва адказалі на пытаньні карэспандэнта Свабоды наконт іх магчымай датычнасьці да сёньняшніх тэрактаў у Брусэлі.

Сулейман Доўбаш напісаў:

«Гэтыя артыкулы — чарговая жоўтая прэса і бяздумныя спробы ўбогіх журналістаў атрымаць чарговую „зорачку“. Першы артыкул выйшаў 14 сакавіка. Нас там запісалі ў сьмяротнікі, пры гэтым нас не шукала паліцыя, нам ніхто нават не тэлефанаваў. Ня лічыце дзіўным? Інфармацыя ж ад спэцслужбаў правераная. Акрамя таго, для супрацоўнікаў паліцыі не складзе цяжкасьці праверыць, выяжджалі мы ў Сырыю ці не.

На дадзены момант мы зьвярнуліся ў спэцслужбы па тлумачэньне сытуацыі. Там нам адказалі, што нічога падобнага ім не вядома і супраць нас яны нічога ня маюць.

І самае галоўнае, калі мы сьмяротнікі — чаму мы жывыя цяпер? Калі мы тэрарысты — чаму нас не арыштавалі?»

Халід Доўбаш адказаў на пытаньне, ці ведае ён Марата Юнусава:

Халід Доўбаш. Фота з старонкі vk.com

«Дзякуй за ваш клопат, у вашай шчырасьці я ані не сумняваюся. Зразумейце адно важнае правіла — я ня буду апраўдвацца перад вашымі здагадкамі. Калі ў вас ёсьць доказы, што я нейкім чынам зь ім зьвязаны, або ўваходзіў зь ім у кантакт, ці стаяў зь ім на адной вуліцы, і вы яго прадставіце мне, тады я буду лічыць дарэчным вам адказаць... А паколькі ў вас такой інфармацыі няма і ніколі яе ў вас ня будзе, я ня стану апускацца на ўзровень абвяржэньня вашых выдумак».

Абодва заявілі, што жывуць у Бэльгіі і ніколі ня мелі праблемаў зь мясцовымі спэцслужбамі.

Расейскія СМІ пісалі 14 сакавіка пра двух беларусаў-братоў, якія нібыта рыхтуюць тэракты ў Бэльгіі.

Беларускі партал TUT.BY напісаў, што двух беларусаў правяраюць на датычнасьць да тэрактаў у Брусэлі.

«Гэтыя асобы КДБ вядомыя, у дачыненьні да іх праводзіцца праверка», — сказаў Радыё Свабода прэсавы сакратар КДБ Дзьмітры Пабяржын.