На цэнтралізаванае тэставаньне ў Беларусі запісаліся 82 471 абітурыентаў, піша Tut.by. Гэта на амаль 10 тысяч меней, чым летась. Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў пакуль не публікаваў дакладных лічбаў.
Першы тэст, беларускую мову, абітурыенты будуць здаваць 12 чэрвеня, 14-га — расейскую. Апошні асноўны дзень тэстаў — 2 ліпеня, калі будуць здаваць усясьветную гісторыю. Для здачы тэстаў таксама ёсьць рэзэрвовыя дні, на іх можна запісацца з 30 чэрвеня па 3 ліпеня. Сэртыфікаты маюць пачаць выдаваць ад 10 ліпеня, прымаць дакумэнты ў ВНУ будуць ад 12 ліпеня.
Як і ў мінулым годзе, абітурыенты маглі запісацца на тэсты і па беларускай, і расейскай мовах. Раней можна было выбраць толькі адну зь дзяржаўных моваў і здаваць толькі тры тэсты, цяпер можна здаць чатыры тэсты, зь якіх пры падачы дакумэнтаў адзін будзе лішнім. На чатыры тэсты замест абавязковых трох запісалася каля паловы абітурыентаў.
Гэта не адзіная «навінка» ўступнай кампаніі. Сёлета крыху падвысілі мінімальныя балы па тэстах, рэзка «ўрэзалі» набор платнікаў, сабраліся набраць менш эканамістаў, больш аграрыяў і сілавікоў.
Доля «беларускамоўных» вырасла ўпершыню за доўгі час
Беларускую і расейскую вырашылі здаваць каля 9,5 тысячы чалавек — 11,5% абітурыентаў. Менавіта беларускую сабраліся здаваць больш як 25 тысяч абітурыентаў — каля 30,3%. На ЦТ па расейскай мове запісаліся больш як 67 тысяч чалавек — 81,2%.
У параўнаньні зь мінулым годам зьмены па «моўным разьмеркаваньні» абітурыентаў невялікія: у 2017 годзе 28,5 тысячы (30,9%) запісаліся на беларускую, 75,4 тысячы (81,7%) на расейскую, 11,6 тысячы (12,6%) на абедзьве.
Але прынамсі з 2010 году (за ранейшы час у публічным доступе няма дакладнай статыстыкі) адсотак тых, хто запісаўся беларускую мову, падаў штогод. У 2010-м годзе тэст па беларускай зьбіраліся здаваць 38,9% абітурыентаў, у 2016-м — 21,6%. У 2017-м тых, хто запісаўся толькі на беларускую, было яшчэ меней — 18,3% (але на беларускую і расейскую — яшчэ 12,6%). Сёлета толькі на беларускую запісаўся крыху большы адсотак абітурыентаў — 18,8%.
Пры гэтым адчувальна вырасла доля тых, хто запісаўся на ЦТ па ангельскай мове: сёлета такіх 27,7 тысячы або 33,6%, летась было больш за 29 тысяч або 31,4%. Найменш папулярныя тэсты з усіх прапанаваных сёлета — па кітайскай і гішпанскай мовах, на іх запісаліся адпаведна 37 і 222 чалавакі. З замежных моваў здаюць таксама нямецкую і францускую, але лічбы не называюцца. Самы папулярны прадмет пасьля абавязковага моўнага тэсту — матэматыка, на якую запісалася больш як 45 тысяч чалавек (54,5%).