Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менш эканамістаў, больш аграрыяў і сілавікоў набяруць у ВНУ. Платнікаў «урэжуць»


Выява ў вялікім разрозьненьні

У Беларусі 2 траўня пачалася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставаньне — першы этап уступнай кампаніі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Істотных зьменаў у правілах паступленьня сёлета няма, але ёсьць шэраг дробных. ЦТ сёлета пачнецца 12 чэрвеня з выпрабаваньняў па беларускай мове, 14 чэрвеня пройдуць тэсты па расейскай мове, 16 чэрвеня — па грамадазнаўстве, 18 чэрвеня — па матэматыцы, 20 чэрвеня — па біялёгіі, 22-га — па замежных мовах, 24-га — па хіміі, 26-га — па фізыцы, 28-га — па гісторыі Беларусі, 30 чэрвеня — па геаграфіі. Завершыцца ЦТ 2 ліпеня экзамэнам па сусьветнай гісторыі.

Сёлетняя ўступная кампанія адрозьніваецца тым, што абітурыенты, якія летась здавалі ЦТ, але нікуды не паступілі, могуць цяпер скарыстаць леташнія сэртыфікаты, калі ў іх балы лепшыя за атрыманыя сёлета. Замест трох тэстаў у час цэнтралізаванага тэставаньня можна будзе здаваць чатыры тэсты. Для паступленьня ў ВНУ будзе дастаткова ведаць мову на 10 балаў са 100. Астатнія мінімальныя балы крыху павысілі. Можна будзе мець да трох рэзэрвовых дзён тэстаў (для тых, хто ня змог здаць тэст у асноўны дзень з уважлівай прычыны) замест цяперашняга аднаго дня.

Паступіць завочна ў магістратуру можна будзе толькі пасьля 10 месяцаў працы. Выпускнікі пэдагагічных клясаў будуць паступаць на дзённае бясплатнае навучаньне ў ВНУ па выніках гутаркі, але мусяць адпрацаваць па разьмеркаваньні ня меней за 5 гадоў.

Набор у ВНУ зьменшылі — гэта тлумачаць зьмяншэньнем колькасьці абітурыентаў у выніку ваганьня нараджальнасьці. З 2010 году колькасьць студэнтаў у беларускіх ВНУ зьнізілася амаль удвая: з 442,9 тысячы да 284,3 тысячы.

Але асноўнае зьмяншэньне набору адбываецца за кошт платных месцаў. Летась набіралі 61,8 тысячы студэнтаў, цяпер плянуецца набраць толькі 54,5 тысячы. На бюджэтную форму аплаты плянуюць прыняць каля 26,5 тысячы студэнтаў (папярэднія пяць гадоў колькасьць бюджэтнікаў паступова зьніжалася з 31,7 тысячы ў 2012 годзе, 28,3 тысячы ў 2013-м), але на платную форму набор скароціцца амаль на 20% — такое рэзкае зьмяншэньне было ў 2012 годзе. Калі ў тым 2012-м «платнікаў» было 65,6% ад усіх набраных студэнтаў, цяпер мае быць толькі 51,4%.

Абедзьве выявы адной карцінкай у вялікім разрозьненьні

За апошнія 5 гадоў прыкметна зьмянілася разьмеркаваньне студэнтаў па спэцыяльнасьцях: набіраюць меней на права, эканоміку і кіраваньне, на пэдагогіку, на архітэктуру і будаўніцтва; адчувальна болей — на сельскую гаспадарку, ахову здароўя, гуманітарныя навукі і на спэцыяльнасьці, зьвязаныя са службамі бясьпекі.

«Адкасіць» ад абавязковага разьмеркаваньня бюджэтнікам усё цяжэй: у 2015 годзе «свабодны дыплём» атрымалі 4,9% выпускнікоў, у 2016-м — 4,2%, у 2017-м — толькі 1,1%.

Прапанова месцаў навучаньня ў ВНУ наўрад ці цалкам задаволіць попыт на іх: сёлета на ЦТ чакаюць 90 тысяч чалавек, раней на большасьць спэцыяльнасьцей быў конкурс. Але ў мінулыя гады быў і шэраг спэцыяльнасьцяў, на якія не хацелі паступаць нават пры адсутнасьці конкурсу, у ліку такіх былі і пэдагагічныя.

Ва ўстановы прафэсійна-тэхнічнай адукацыі сёлета плянуюць набраць крыху больш студэнтаў, чым летась: 31 тысячу супраць 29,7 тысячы (сёлета 29,7 тысячы на бюджэтную форму). На сярэднюю спэцыяльную адукацыю — амаль столькі ж: 39 тысяч чалавек супраць 38,3 тысячы (24,5 тысячы на бюджэтную форму).

Яўгенія Пастарнак пра 5 праблем беларускай адукацыі, якія трэба вырашаць неадкладна

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG