На нашых вачах ЭЗ актывізуе дыпляматычныя высілкі на беларускім кірунку. Нядаўна дзеля ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу Менск наведалі кіраўнікі Нямеччыны і Францыі Ангела Мэркель і Франсуа Алянд. Упершыню зладзіў візыт у Беларусь прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Сума Чакрабарці. Менск наведаў міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс, адбылася ягоная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Існуе імавернасьць, хоць пакуль і невялікая, што беларускую дэлегацыю на Рыскім саміце праграмы «Ўсходняе партнэрства» можа ўзначаліць беларускі лідэр.
Усё гэта сьведчыць пра тое, што стаўленьне ЭЗ да Беларусі паступова мяняецца. Хоць праблемы з правамі чалавека ў краіне хутчэй пагоршыліся, чым палепшыліся. Пытаньне пра дэмакратызацыю Беларусі перастае быць першым пунктам парадку дня ў дачыненьнях паміж Менскам і Брусэлем. У чым прычыны такой перамены?
Галоўным чыньнікам, які паўплываў на пазыцыю ЭЗ, стаў украінскі крызіс. Усе праблемы цяпер Захад разглядае скрозь прызму падзеяў ва Ўкраіне.
Па-першае, у час вострага геапалітычнага супрацьстаяньня, міжнароднага крызісу, абвастрэньня адносін паміж Захадам і Расеяй на першы плян у вонкавай палітыцы выходзяць пытаньні геапалітыкі, а тэма каштоўнасьцяў (правоў чалавека, дэмакратыі, палітзьняволеных) адсоўваецца крыху ўбок. Дык вось, якраз у найважнейшым геапалітычным пытаньні сёньняшняга дня — стаўленьні да расейска-ўкраінскага канфлікту — Беларусь спрабуе захоўваць нэўтралітэт. Што аказалася даволі нечаканым для Захаду, улічваючы той факт, што Беларусь — найбліжэйшы саюзьнік Расеі. І гэты нэўтралітэт заходнія краіны ацэньваюць станоўча.
Па-другое, ваенны канфлікт ва Ўкраіне стаў галаўным болем для ЗША і Эўропы. Узьнікае пагроза для транзыту газу ў краіны ЭЗ праз украінскую тэрыторыю. І на гэтым фоне беларуская стабільнасьць падвышаецца ў цане ня толькі для саміх беларусаў, але і для заходніх суседзяў. Беларусь не стварае для Захаду праблемаў. На тле Ўкраіны — гэта вялікі плюс.
Па-трэцяе, нават з чыста гуманітарнага гледзішча на фоне штодзённых ахвяр ваеннага канфлікту ва Ўкраіне беларускі палітычны рэжым пачаў выглядаць у вачах эўрапейцаў не такім адыёзным, як раней. Так, ёсьць палітвязьні, але ж нікога ж не забіваюць (ва ўсялякім разе, апошнія паўтара дзесяцігодзьдзя).
Па-чацьвёртае, Лукашэнка на фоне Пуціна ўжо ня самы «дрэнны хлопец», не «апошні дыктатар Эўропы». Гэтую ролю ўзяў на сябе расейскі прэзыдэнт. Усё пазнаецца ў параўнаньні.
Па-пятае, відавочна, што любыя палітычныя перамены ў Беларусі будуць праходзіць вельмі канфліктна. Дэмакратызацыя, магчымая зьмена беларускага рэжыму выкліча вельмі адмоўную, а праўдападобна, што і сілавую, рэакцыю Расеі. Ці патрэбен ЭЗ яшчэ адзін галаўны боль? Пытаньне рытарычнае.
Захаваньне статус-кво ў Беларусі — гэта на сёньня не найгоршы варыянт для ЭЗ
Па-шостае, беларуская сацыяльная мадэль вычарпала свой рэсурс і на парадку дня стаіць пытаньне пра эканамічныя і палітычныя рэформы, мадэрнізацыю краіны. І ўзьнікае праблема, якая паўстала перад Украінай, спарадзіўшы цяперашні крызіс. Яе можна сфармуляваць так: дзе ўзяць, як знайсьці рэсурсы для мадэрнізацыі? Бо рэформы патрабуюць значных грошай.
Мадэрнізацыю Заходняй Эўропы пасьля Другой усясьветнай вайны ў значнай ступені фінансавалі ЗША паводле «Пляну Маршала». Рэформы ў постсацыялістычных краінах Цэнтральнай Эўропы ішла пры падтрымцы ЭЗ.
Расея гатовая была фінансаваць захаваньне статус-кво ва Ўкраіне, сёньня яна плаціць за захаваньне дзейнай сацыяльнай мадэлі ў Беларусі. А хто фінансава падтрымае рэформы? ЭЗ да гэтага не гатовы. Досьвед Украіны гэта яскрава паказвае.
Па-сёмае, беларускі народ ня надта сам імкнецца да дэмакратызацыі. Ва ўсялякім разе, ніякіх прыкметаў гэтага не відаць. Вось калі б у Беларусі нешта адбывалася, насельніцтва масава патрабавала палітычных свабодаў, тады б Захад актыўна гэта падтрымаў. Дый апазыцыя адносна прэзыдэнцкіх выбараў паводзіць сябе надта няўцямна.
Таму цяпер пазыцыя Захаду палягае ў тым, каб Лукашэнка правёў прэзыдэнцкія выбары ня лішне брутальна. Каб не павялічылася колькасьць палітзьняволеных, бо гэта стварыла б пэўную нязручнасьць, стала б перашкодай для працэсу размарожваньня адносін з афіцыйным Менскам. Захаваньне статус-кво ў Беларусі — гэта на сёньня не найгоршы варыянт для ЭЗ.