«Расейскія вайскоўцы разгарнулі артылерыйскія і ракетныя пускавыя ўстаноўкі вакол Дэбальцава, адкуль вядуць абстрэл украінскіх пазыцый», паведамляе ў сваім твітэры Пасольства ЗША ў Расеі.
Мы ўпэўненыя, што гэта менавіта расейскія ваенныя сыстэмы, а не сыстэмы, што належаць сэпаратыстам.
«У прарасейскіз сэпаратыстаў цяпер армія большая (танкі, бронемашыны, цяжкая артылерыя, ракеты), чым у некаторых краінаў НАТО і Эўропы», — падсумоўвае пасольства ЗША ў Расеі.
Напярэдадні генэрал ЗША Бэн Годжэс заявіў, што расейскія войскі ўцягнутыя ў баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны, яны ваююць разам з сэпаратыстамі супраць украінскай арміі паблізу Дэбальцава. Горджэс паведаміў, што Расея сканцэнтравала 10 батальёнаў войскаў на мяжы з Украінай. (У батальён можа уваходзіць ад 300 да 800 салдат).
Тыпы ўзбраеньня, якое выкарыстоўваюць баевікі на Данбасе, сьведчаць, што гэта «прамое расейскае ўварваньне», адзначыў генэрал.
Усе доказы, наяўныя ва Ўкраіне і краінах Захаду, якія сьведчаць пра ўвядзеньне з Расеі на Данбас цяжкіх ўзбраеньняў і вайскоўцаў узброеных сіл Расеі, Масква адпрэчвае.
На сустрэчы ў Менску 12 лютага лідэры Ўкраіны, Расеі, Нямеччыны і Францыі дамовіліся пра спыненьне агню на Данбасе з 15 лютага. Акрамя таго, ад лініі судакрананьня павінна быць адведзена цяжкае ўзбраеньне. Тым часам баі працягваюцца.
Апошнія некалькі тыдняў Дэбальцава зьяўляецца адной з самых гарачых кропак на Данбасе.