Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менск-2»: гібрыдны мір


Які плён будуць мець менскія пагадненьні па Ўкраіне, падпісаныя на гэтым тыдні? Ці зьменяць яны стасункі Расеі з Захадам, у прыватнасьці, з Эўразьвязам? Як правядзеньне «нармандзкага» саміту ў Менску паўплывае на адносіны паміж Менскам і Брусэлем?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць дырэктар Інстытуту ўкраінскай палітыкі Косьць Бандарэнка, старшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў і дырэктар дасьледчых праграмаў Фінскага інстытуту міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошас.

Цалкам перадачу вы можаце паслухаць тут

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:18 0:00
Наўпроставы лінк
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:40 0:00
Наўпроставы лінк

Прапануем вам тэкст дыскусіі ў скароце.

«Менск-2» і «Менск-1»: падабенства і адрозьненьні

Дракахруст: Новыя менскія пагадненьні, заключаныя пасьля шматгадзінных перамоваў у беларускай сталіцы, мала чым адрозьніваюцца паводле зьместу ад менскіх пагадненьняў, дасягнутых у верасьні летась. Дык які плён далі гэтыя шматгадзінныя перамовы, ці могуць новыя дамоўленасьці хоць неяк зьмяніць сытуацыю?

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

Мельянцоў: Пагадненьні «Менск-2» адрозьніваюцца ад пагадненьняў «Менск-1» 11-м пунктам: там прапісанае патрабаваньне канстытуцыйнай рэформы, фактычнай аўтаноміі для сэпаратысцкіх рэгіёнаў.

Я мяркую, што 10 гадзінаў удзельнікі перамоваў вырашалі, як захаваць твар Парашэнку, каб ён мог вярнуцца ў Кіеў.

Косьць Бандарэнка
Косьць Бандарэнка

Бандарэнка: У цяперашнім пагадненьні няма мэханізмаў іх выкананьня.

Неабходныя яшчэ дадатковыя перамовы паміж Кіевам і Данецкам / Луганскам, Кіевам і Масквой, паміж Масквой і Вашынгтонам.

Я спадзяюся, што ўсталёўваецца хаця б кароткатэрміновае перамір’е, што 15 лютага жыхары Данецку і Луганску змогуць заснуць спакойна.

Украіна ўзяла на сябе абавязкі па рэфармаваньні Канстытуцыі. Я мяркую, што Ўкраіне патрэбная больш збалянсаваная Канстытуцыя.

Аркадзь Мошас
Аркадзь Мошас

Мошас: Я ня ўпэўнены, што гэтыя пагадненьні прывядуць нават да спыненьня агню.

Гэтае пагадненьне значна менш выгаднае для Ўкраіны, чым «Менск-1».

У параўнаньні зь верасьнем 2014 году зьмяніўся кантэкст. Сёньня Ўкраіна не пацярпела ваеннага разгрому, зьмены ва ўкраінскім ваенным мэханізьме ідуць у станоўчым накірунку.

Сёньня расейская эканоміка зусім ня ў тым стане, у якім была 5 месяцаў таму.

МВФ нездарма менавіта цяпер абвясьціў пра маштабную дапамогу Ўкраіне. У эканамічным сэнсе Захад ня дасьць Украіне разваліцца, а што будзе з Расеяй, ня вельмі зразумела.

Сёньня Захад значна больш кансалідаваны, чым быў падчас падпісаньня «Менск-1».

Ужо пасьля падпісаньня дамоўленасьцяў «Менск-2» была заява Мэркель, што санкцыйны ціск будзе працягвацца.

Расея і Захад пасьля «Менску-2»

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: На ваш погляд, ці зьменяць новыя менскія дамоўленасьці адносіны паміж Расеяй і Захадам, ў прыватнасьці, паміж Расеяй і Эўразьвязам?

Мошас: У верасьні 2014 году пасьля «Менску-1» былі дыскусіі — уводзіць новыя санкцыі ці не. У студзені спадарыня Магерыні распаўсюдзіла дакумэнт, паводле якога ў стасунках з Расеяй трэба вяртацца да формулы «бізнэс як звычайна». Нічога гэтага сёньня няма.

Я ня думаю, што Грэцыя накладзе вэта. Ня ў яе сытуацыі гэта рабіць.

У тактычным пляне могуць быць крокі насустрач Маскве. Але ў стратэгічным пляне нічога не зьмянілася, давер не адноўлены.

Крызіс не ва Ўкраіне, а крызіс вакол Украіны, крызіс з нагоды Ўкраіны. Сыстэмны канфлікт паміж Расеяй і Захадам захаваецца.

Мельянцоў: Давер ня проста падарваны, яго проста няма.

Працэс кансалідацыі Захаду — не аднамомантны, ён працягваўся ўсе гэтыя паўгода.

У Захада ёсьць гісторыя супольнага посьпеху, я маю на ўвазе санкцыі.

Самі па сабе апошнія менскія пагадненьні не прывядуць да зруху ў стасунках паміж Захадам і Расеяй.

Бандарэнка: Захад будзе глядзець скрозь пальцы на тое, як будуць выконвацца менскія пагадненьні.

Прэсавага сакратара дзярждэпартамэнту ЗША Сакі спыталі, ці будуць санкцыі супраць Украіны, калі яна парушыць менскія пагадненьні. Яна адказала: «Я ня думаю, што будуць нейкія санкцыі адносна Ўкраіны».

Ва ўкраінскім грамадзтве няма адзінства адносна менскіх пагадненьняў.

У нас пагадненьні «Менск-1» і «Менск-2» часта параўноўваюць зь Берасьцейскім мірам і пазыцыяй Леніна па гэтым міры.

Цікава, што партнэры кіроўнай партыі па кааліцыі — прэм’ер Арсені Яцанюк, лідэр Радыкальнай партыі Алег Ляшко — крытыкуюць Пятра Парашэнку за гэтыя пагадненьні, а «Апазыцыйны блёк» падтрымаў прэзыдэнта ў гэтым пытаньні. Словам, «все смешалось в доме Облонских».

Беларусь і Захад пасьля «Менску-2»

Дракахруст: Якія наступствы для Беларусі, для беларускага лідэра будзе мець сам факт правядзеньня ў Менску перамоваў такога ўзроўню, і іх вынікі? Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей у кулюарах саміту сказаў, што Менск ня зьвязвае сваю пазыцыю па ўкраінскім пытаньні з праблемай паляпшэньня стасункаў з ЭЗ. Паводле яго, беларуская пазыцыя па ўкраінскім крызісе дыктуецца нацыянальнымі інтарэсамі, а не жаданьнем спадабацца Эўразьвязу. Хаця міністар выказаў спадзеў, што гэтая пазыцыя Беларусі па Ўкраіне паўплывае на атмасфэру перамоваў паміж Беларусьсю і ЭЗ. Канкрэтныя пытаньні: на ваш погляд, ці будуць зьнятыя санкцыі зь Беларусі, ці вызваляць палітвязьняў, ці паедзе ў траўні Аляксандар Лукашэнка на саміт «Усходняга партнэрства»?

Мельянцоў: Я мяркую, што сам працэс, калі Беларусь спрабуе адыгрываць міратворчую ролю, сам факт, што саміт такога ўзроўню адбываецца ў Менску, вельмі важны.

Апошнім часам даводзіцца шмат размаўляць з заходнімі дыпляматамі і палітыкамі. Яны мяркуюць, што Беларусь з «апошняй дыктатуры Эўропы» трансфармуецца ў міратворца, зь якім можна і прынята размаўляць.

Зь іншага боку, нельга чакаць, што «менскі працэс» радыкальна паўплывае на стасункі Беларусі з Эўразьвязам. Цяпер ёсьць лепшая атмасфэра, акно магчымасьцяў, але гэта не азначае, што Менску ўсё прынясуць на талерачцы. Ад Менску чакаюць жэстаў добрай волі: вызваленьня палітвязьняў, выкананьня правоў чалавека. Бяз гэтага стасункі Беларусі з Эўразьвязам і ЗША істотна палепшыцца ня могуць.

Мошас: Зьмена ў стасунках зь Беларусьсю ўжо адбылася. Яна пачалася яшчэ падчас падрыхтоўкі Віленскага саміту «Ўсходняга партнэрства» 2013 году.

Пазыцыя Беларусі па Крыме і Данбасе, Менск як пляцоўка перамоваў, адрозьненьне яго пазыцыі ад пазыцыі Расеі — за гэта ўсё былі пастаўленыя «птушачкі» ў пазытыўны бок балянсу.

Але Беларусь дагэтуль успрымаецца, як краіна пад дамінаваньнем Расеі, краіна ў моцнай эканамічнай залежнасьці ад Расеі, замяніць якую ЭЗ не гатовы, ня хоча і напэўна не хацеў бы пры іншых палітычных адносінах.

Таму будзе працягвацца такое млявае балянсаваньне.

Мне цяжка прагназаваць, ці паедзе Лукашэнка на саміт у Рыгу, але нешта падказвае мне, што хутчэй не.

Дракахруст: У свой час прэзыдэнт Юшчанка быў адным з самых адданых адвакатаў Лукашэнкі на міжнароднай арэне. Ці будзе выконваць падобную ролю прэзыдэнт Парашэнка?

Бандарэнка: Кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка ў свой час быў паслом Украіны ў Беларусі. У яго асабістыя сяброўскія стасункі з Аляксандрам Лукашэнкам, і многія пытаньні вырашаюцца па лініі Налівайчанка-Лукашэнка.

Юшчанка разглядаў Беларусь як надзейнага партнэра найперш у эканамічнай сфэры.

Беларусы і ўкраінцы — два самыя блізкія народы. Да 1918 году яны ўвесь час жылі ўвесь час у межах супольных дзяржаваў. Ім наканавана быць разам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG