Міністэрства энэргетыкі Расеі зробіць Беларусі шэраг прапановаў наконт транспартаваньня нафтапрадуктаў праз чыгунку і порты, перадае ТАСС заяву намесьніка міністра энэргетыкі Расеі Кірыла Маладцова.
Расея, паводле Маладцова, можа зацікавіць Беларусь выгаднейшымі тарыфамі на транспарт нафтапрадуктаў расейскай чыгункай і праз расейскія порты, каб «ня гналі» нафтапрадукты праз краіны Балтыі.
Раней Уладзімір Пуцін даручаў абавязаць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы выкарыстоўваць расейскія порты для транспарту нафтапрадуктаў з расейскае нафты. Чаму цяпер гаворка вядзецца не пра прымусовы характар такога транспартаваньня, а пра магчымыя зьніжкі, не ўдакладняецца.
Транзытная пастка. Чаму Беларусі не патрэбныя расейскія порты
Кіраўніцтва Беларускай нафтавай кампаніі раней заяўляла, што тарыфы на перавозку нафтапрадуктаў у кірунку портаў іншых краінаў ніжэйшыя за расейскія нават з улікам зьніжкі, прапанаванай на чыгунку (але не на порты). Адзначаліся і «цяжкасьці» асноўных расейскіх тэрміналаў у прыманьні беларускіх грузаў, «асабліва ў зімовы пэрыяд» (калі ля шэрагу расейскіх портаў вада пакрываецца лёдам, пра што нагадваў прэм’ер-міністар Літвы).
За беларускія грузы ў сваіх портах з Расеяй канкуруюць Літва і Латвія, прычым міністар замежных справаў Літвы нават заяўляў, што Латвія адмаўляецца байкатаваць куплю электраэнэргіі зь БелАЭС з прычыны зацікаўленасьці ў праходзе грузаў зь Беларусі праз свой марскі порт у Вэнтсьпілсе, а не празь літоўскі ў Клайпедзе.
Але, як кажа экспэрт у нафтагазавай галіне Тацяна Манёнак, з прычыны зьніжэньня цэнаў на нафту Беларусь наагул вырашыла «менш экспартаваць праз порты і больш прадаваць нафтапрадуктаў на сумежных рынках, каб зьнізіць выдаткі на лягістыку».