У панядзелак Рада Бясьпекі ААН ухваліла рэзалюцыю аб увядзеньні дадатковых санкцый у дачыненьні да Паўночнай Карэі. Рэзалюцыя прадугледжвае абмежаваньні на закуп Пхэньянам нафтапрадуктаў, сырой нафты, забарону на пастаўкі ў КНДР звадкаванага прыроднага газу і газавага кандэнсату. Уводзіцца таксама поўная забарона на экспарт з Паўночнай Карэі тэкстыльнай прадукцыі, што стане даволі адчувальным ударам па эканоміцы краіны: у 2016 годзе экспарт тэкстылю прынёс эканоміцы КНДР 752,5 мільёна даляраў. Акрамя таго, краінам забараняецца выдаваць новыя дазволы для працоўных з Паўночнай Карэі.
Пхэньян, у сваю чаргу, называе новы пакет санкцый спробай «задушыць дзяржаву і яе грамадзян», паведамляе Міністэрства замежных спраў КНДР.
МЗС Беларусі выказвае глыбокую заклапочанасьць тым, што паўночнакарэйскі бок правёў выпрабаваньні тэрмаядзернай бомбы. Такія заявы беларускі МЗС выпускае пэрыядычна.
Дыпляматычныя стасункі паміж Рэспублікай Беларусь і КНДР былі ўсталяваныя ў 1992 годзе. У сакавіку 2015 году з афіцыйным візытам у Беларусь прыяжджаў міністар замежных спраў КНДР Лі Су Ён.
«Падчас перамоваў бакі абмеркавалі пытаньні супрацоўніцтва на міжнароднай арэне, актывізацыі беларуска-паўночнакарэйскіх адносін. Дасягнута дамоўленасьць аб прапрацоўцы асобных напрамкаў гандлёва-эканамічнага блёку», — паведамляў тады сайт МЗС.
У СМІ гэты візыт асьвятляўся даволі сьціпла — паведамлялася толькі пра наведваньне афіцыйнай дэлегацыяй Менскага трактарнага заводу і МАЗа.
У верасьні 2016 году КНДР адкрыла амбасаду ў Менску. Будынак знаходзіцца ў прыватным сэктары па адрасе: 1 Сморгаўскі завулак, 16 (у раёне Даўгінаўскага тракту). Аднак паўнавартаснага дыппрадстаўніцтва КНДР у Беларусі няма. Амбасадар не акрэдытаваны, запыту на агрэман не было, паведамляў тады беларускі МЗС. У амбасадзе КНДР у Беларусі працуюць два чалавекі — часовы павераны Пак Ен Сік (Pak Yong SIK) і гандлёвы прадстаўнік Лю Чол Хун.
Асноўны гандлёвы партнэр КНДР — Кітай (81%), за ім ідуць Эгіпэт (9,6%), Індыя (1,1%), Расея (0,8%).
Некалькі гадоў таму Паўночная Карэя купляла ў Беларусі трактары, грузавыя аўтамабілі і камплектуючыя, а пастаўляла ў Беларусь акумулятары. Як паведамілі Свабодзе ва Ўпраўленьні Азіі, Аўстраліі і Акіяніі МЗС Беларусі, цяпер экспарт у Паўночную Карэю нулявы, імпарт адтуль — вельмі нязначны.
Некалькі гадоў таму Свабода перадавала, што ў Беларусі працавала прыкладна сотня будаўнікоў з КНДР — у сталічным будаўнічым трэсьце № 7.
У асноўных кірунках разьвіцьця адносін Беларусі зь іншымі краінамі, двухбаковага супрацоўніцтва, наладжваньня дыялёгу, актыўнага выхаду на рынак — КНДР не фігуруе.