У намінацыйнае дасье для сьпісаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны UNESCO ўвайшлі:
1) Праспэкт Незалежнасьці ў Менску ў якасьці сэрыйнай транспамежнай намінацыі «Пасьляваенная сацыялістычная архітэктура краін Усходняй і Цэнтральнай Эўропы».
2) Урачыстасьць у гонар іконы Маці Божай Будслаўскай («Будслаўскі фэст»).
3) Культура дуды.
4) Лясное бортніцтва.
Такое рашэньне прыняла сёньня Нацыянальная камісія Беларусі ў справах UNESCO.
Напярэдадні Свабода прапанавала наведнікам нашага сайту назваць свае варыянты. І вось якія адказы мы атрымалі:
- Наваградзкi замак.
- Наваградзкi фарны касьцёл.
- Наваградзкi дом-музэй Адама Мiцкевiча.
- Аўгустоўскі канал і Горадня.
- Косаўскі замак.
- Замак у Ружанах.
- Замак у Гальшанах.
- Сынкавіцкая царква і Каложа. Мураванская царква.
- Спасаўская царква ў Полацку і яе фрэскі.
- Беларуская мова.
- Беларускае ткацтва.
- Слуцкія паясы...»
Пакуль у сьпісы UNESCO ўключаны пяць беларускіх абʼектаў:
- Белавеская пушча,
- Мірскі замак,
- Нясьвіскі палацава-паркавы комплекс,
- геадэзічная дуга Струвэ,
- абрад «Калядныя цары».
Сёньня Нацыянальнай камісіі быў прадстаўлены праект «Спадчына Францыска Скарыны», які будзе на працягу году рэалізаваны Дзяржаўным мастацкім каледжам імя Глебава ў Беларусі і за мяжой пры падтрымцы UNESCO.
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, які ачольвае нацыянальную камісію, сказаў, што ў гэтым праекце «ўдала спалучаецца нацыянальнае і міжнароднае вымярэньне знакавай для Беларусі падзеі. Тое, што галоўныя ўдзельнікі праекту — дзеці і моладзь, выгадна падкрэсьлівае гістарычнае значэньне Скарынавай спадчыны і яе скіраванасьць на будучыню».