Пытаньне аб унясеньні ў Рэпрэзэнтатыўны сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва Будслаўскага фэсту — галоўнага сьвята каталікоў Беларусі ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай — адкладзенае. Пра гэта стала вядома па выніках сэсіі Міжурадавага камітэту па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, якая праходзіла ў Адыс-Абэбе ў Этыёпіі 28 лістапада - 2 сьнежня.
Дасье будзе разгледжана ў наступным намінацыйным цыкле ў сувязі з заўвагамі экспэртнай рады, якая запатрабавала дадатковую інфармацыю, у прыватнасьці, аб захадах па ахове традыцыі. Таксама экспэрты папрасілі падрабязьней раскрыць ролю пілігрымаў і мясцовых жыхароў у інвэнтарызацыі і захаваньні гэтай культурнай каштоўнасьці.
У Будславе — мястэчку ў Мядзельскім раёне Менскай вобласьці — штогод у пачатку ліпеня зьбіраюцца тысячы пілігрымаў, многія зь якіх прыходзяць пешшу з розных куткоў Беларусі, для ўдзелу ў сьвяце ў гонар Дзевы Марыі.
Акрамя Будслаўскага фэсту наступны раз Беларусь прадставіць да занясеньня ў сьпіс таксама старадаўні абрад «Юраўскі карагод», які мае як паганскія, так і хрысьціянскія карані і праходзіць у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці.
Сярод намінацый, якія ў гэты раз ўнесьлі ў сьпіс — культура піва ў Бэльгіі, сьвята агню Фальяс ў гішпанскай Валенсіі, фэстываль румбы на Кубе, сьвяткаваньне Новага году (Наўруз) ў Афганістане, Азэрбайджане і іншых азіяцкіх краінах, узбэцкі плоў, румынска-малдаўскае ткацтва, фэстываль віна ў Вэвэ ў Швэйцарыі ды іншае.