Берасьцейцы пачалі здымаць «сталкерскі» сэрыял пра Чарнобыль

Кадар з сэрыялу «Чарнобыль — любоў мая»

Студыя «Літр» зь Берасьця пачала на расейскім краўдфандынгавым сайце Planeta.ru збор грошай на фантастычны кінасэрыял «Чарнобыль — любоў мая».

На сэрыял зьбіраюць 160 тысяч расейскіх рублёў — каля 5500 беларускіх. На момант публікацыі сабрана 14 тысяч расейскіх рублёў. За 100 расейскіх рублёў прапануюць проста згадку ў тытрах, за 1000 — імя на афішы, за 5000 — названага ў гонар ахвяравальніка пэрсанажа, за 35 тысяч — магчымасьць выканаць ролю ў сэрыяле.

Здымкі пачаліся ўжо 30 верасьня, зацьверджаны сцэнар першага сэзону. Здымаюць у Беларусі, у тым ліку на былой ракетнай базе «Белы лес». Выпусьціць першы сэзон аўтары разьлічваюць да наступнай гадавіны Чарнобыльскай катастрофы.

Аўтары кажуць, што сэрыял спалучае аповесьць братоў Стругацкіх «Пікнік на ўзбочыне» і ўкраінскую сэрыю відэагульняў S.T.A.L.K.E.R. У кнізе (і фільме «Сталкер» Андрэя Таркоўскага па матывах кнігі) дзеяньне адбываецца ў выдуманай краіне, а анамаліі выкліканыя ўмяшаньнем іншаплянэтнікаў, якія наведалі Зямлю, паляцелі прэч, але пакінулі пасьля сябе «зоны» зь незразумелымі людзям зьявамі і рэчамі.

Адсылка да Чарнобылю зьяўляецца толькі ў відэагульнях, афіцыйна не зьвязаных з кнігай, а толькі натхнёных «Пікніком». У гульнях (як і ў будучым сэрыяле) анамальныя зоны ўтварыў другі выбух на ЧАЭС.

Сярод выдаткаў на фільм аўтарскія выплаты праваўладальнікам «Пікніка» ці «Сталкера» не пазначаныя.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.