Шырокая прэм’ера фільму «Вартавая застава» (укр. «Сторожова застава») па матывах аднайменнай кнігі Ўладзімера Руткоўскага прайшла ва Ўкраіне 11 кастрычніка. Гэта першы ўкраінскі фільм у жанры фэнтэзійнага баевіка, калі не лічыць за фэнтэзі фільмы-казкі ці містыку.
Паводле сюжэту, у час сонечнага зацьменьня ў сучасным сьвеце адкрываецца магічны партал, і звычайны ўкраінскі хлопец Віцька трапляе ў 1020 год — у Кіеўскую Русь. Там ён сустракаецца з героямі старажытнай Русі Ільлём Мурамцам, Дабрынем Нікіцічам і Алёшам Паповічам, змагаецца зь сіламі зла, чорнай магіяй і монстрамі.
Бюджэт «Заставы» склаў каля 1,6 млн даляраў. Дзеля фільму ўкраінцы збудавалі цэлую драўляную крэпасьць на ўзор сапраўдных крэпасьцей Кіеўскай Русі і цэлую вёску, якую спалілі на камэру; уручную вырабілі паўсотні строяў. Фільм здымалі ў Кіеве, у Карпатах, у кар’еры на Жытоміршчыне, выкарыстоўвалі сучасныя спэцэфэкты. Першыя водгукі ўкраінскіх СМІ на фільм даволі пазытыўныя.
Як сказалі Свабодзе ў менскім «Кінавідэапракаце», у Менску «Вартавая застава» будзе ісьці ад 30 кастрычніка ў кінатэатрах «Аўрора», «Беларусь», «Камсамолец» і «Кіеў». Ці плянуюцца паказы ў іншых гарадах, пакуль невядома. Сетка прыватных кінатэатраў Silverscreen паказваць фільм пакуль не плянуе.
Адначасова з украінскай «Заставай» у Беларусі будуць паказваць фэнтэзі-фільм «Последний богатырь» — ужо трэці расейскі фільм студыі Walt Disney Pictures.
Правы на паказ «Заставы» ўкраінцы зьбіраюцца прадаць у Віетнам, Гішпанію, Індыю, Італію, Кітай, Нямеччыну, Малайзію, Францыю, Японію і іншыя краіны. Для тэлевізійных паказаў фільм мяркуюць перамантаваць у 4-сэрыйны міні-сэрыял.