Беларускі стрыт-арт-праект Signal, які стаіць за фэстывалем Urban Myths, запусьціў на сайце mustact.by збор грошай на новыя працы вулічных мастакоў. Пры гэтым грошы прапануецца ахвяраваць не на цэлы праект, а адрасна — канкрэтнаму мастаку, які спадабаўся.
На сайце можна прагледзець папярэднія працы мастакоў, на якіх цяпер зьбіраюць грошы, і ананімна перавесьці сродкі аднаму зь іх. Цяпер прапануецца даць грошы беларусам Mutus і Predok, расейцу Qbic і гішпанцу Sabek.
На старонцы кожнага мастака прыводзіцца падрабязны каштарыс будучай працы: столькі рублёў на фарбы, столькі на арэнду тэхнікі, столькі на транспарт і пражываньне, калі аўтар замежны. Самы дарагі праект, на які цяпер зьбіраюць грошы, — 7400 рублёў, самы танны — 1700. Калі зьбярэцца 100% бюджэту, мастак прыступіць да працы.
Куратар Signal Алег Ларычаў тлумачаць Свабодзе: мастакоў у праект абіраюць, «улічваючы асаблівасьці нашай краіны» — і гэтых мастакоў знаёмяць з асаблівасьцямі Беларусі. Эскізы яны ствараюць пасьля «дасьледаваньня» гораду, дзе будзе малявацца праца. Калі раптам эскіз ня ўхваляць мясцовыя ўлады, дык можна абраць і іншую сьцяну, і іншы горад, кажа ён. Але абяцае дамагацца, каб эскізы мастакоў прымаліся.
«Праекты Signal ніколі не фінансаваліся дзяржавай, нашы праекты абсалютна незалежныя, — кажуць стваральнікі сайта. — Толькі дзякуючы падтрымцы прыватных мэцэнатаў нашай камандай было створана больш за 30 унікальных мастацкіх фрэсак. Пры гэтым ніводзін з рэалізаваных манумэнтальных росьпісаў ня мае рэклямнай накіраванасьці. Толькі чыстае мастацтва і свабода самавыяўленьня!»
У межах Urban Myths намаляваныя ў тым ліку скандальны «Чалавек бяз твару», 30-мэтровая дзяўчына ў вышыванцы, «сэрца гораду ў нэгатыве», «хіпстэр-Ярыла», «легенда пра Нямігу» і іншыя манумэнтальныя працы.