Каманда маладых творцаў зь Менску пачала здымаць першы вэб-сэрыял жахаў на беларускай мове. Неўзабаве ён мае зьявіцца ў свабодным доступе.
Сюжэт сэрыялу «Заклятыя скарбы» заснаваны на традыцыйных беларускіх легендах і паданьнях. І хоць праект трымаецца збольшага на энтузіязьме стваральнікаў, удзел у ім бяруць сапраўдныя прафэсіяналы кіно.
Аўтар ідэі, прадусар і рэжысэр Серж Аўсяньнік доўгі час працаваў на Белсаце над перадачай «Прыват», якую вядзе журналістка Валярына Кустава.
— А ў 2015 годзе нам зь сябрамі прыйшла думка: а чаму б не экранізаваць вядомую кнігу «Заклятыя скарбы» — зборнік беларускіх паданьняў, часам жахлівых, але вельмі цікавых, самабытных. Памятаю гэтую кнігу яшчэ зь дзяцінства, асабліва ілюстрацыі, — сказаў Серж Аўсяньнік у інтэрвію Свабодзе.
Паводле рэжысэра, галоўнай крыніцай натхненьня для яго стала экранізацыя «Дзікага паляваньня караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча.
— Колькі чалавек цяпер працуе над праектам?
— Дзесяць. Сярод іх — сцэнарысты, апэратары, гукаапэратары. І гэта без уліку актораў — іх будзе прыкладна столькі ж. На дадзены момант двое ўжо пацьвердзілі свой удзел: акторы Алеся Грыбок і Васіль Бойдак. Вельмі шмат рэзюмэ прыходзіць з Расеі і Ўкраіны, там таксама хочуць здымацца ў сэрыяле.
— Але галоўная ваша «фішка» — у беларускай мове, так?
— Для мяне прынцыпова, каб сэрыял быў па-беларуску, бо на іншай мове проста немагчыма перадаць усю прыгажосьць, таямнічасьць, жахлівасьць нашага фальклёру. Але, натуральна, будзе дадатковая агучка на ангельскай і расейскай, арыентаваная на замежную аўдыторыю. Можа, калі-небудзь нам удасца трапіць на фэстывалі.
— Якім чынам каманда знайшла рэсурсы для рэалізацыі праекту? Колькі сёньня каштуе зьняць сэрыял?
— Частку грошай сабралі з дапамогай краўдфандынгавай плятформы, астатняе перадалі сябры зь Нямеччыны. Але нам з Валярынай Куставай даводзіцца ўносіць грошы і з уласнай кішэні. На адну 12-хвілінную сэрыю трэба прыкладна 10 тысяч даляраў. Самае дарагое — гэта абсталяваньне, бо мы здымаем выключна на прафэсійныя кінакамэры.
— А колькі ўсяго будзе сэрый?
— Будзе некалькі сэзонаў, цяпер мы здымаем першы. У яго ўвойдуць 8 сэрый. Ужо да чатырох зь іх сцэнар гатовы. Сэрыял павінен атрымацца вэртыкальны — значыць, сэрыі не зьвязаныя паміж сабой сэнсава, можна пачынаць глядзець зь любой.
Да выхаду «Заклятых скарбаў» засталося тры месяцы. Чакаецца, што ўжо ўвесну першыя сэрыі зьявяцца ў адкрытым доступе на сайце сэрыялу skarby.by.