Беларускія сьляды лібійскай вайны

Агенцыя Reuters спаслалася на сакрэтную справаздачу групы экспэртаў ААН, паводле якой у 2014 годзе Беларусь паставіла зброю паўстанцам у Лібіі.

Справаздача экспэртаў Рады бясьпекі ААН, на якую спасылаецца Reuters, дагэтуль засакрэчаная. Калі верыць журналістам, гаворка ў ёй ідзе пра пастаўкі 3 тысяч тон боепрыпасаў цягам 2013–2014 гадоў у межах пагадненьня з урадам Лібіі. Пастаўкі гэтыя былі санкцыянаваныя ААН, але ў экспэртаў нібыта ўзьніклі падазрэньні, што частка беларускай зброі дасталася ўзброеным групоўкам, якія не кантралююцца ўладамі. Вось вытрымка з сакрэтнай справаздачы.

Як паведамляе крыніца, «у лютым 2014 году большая частка грузу зь Беларусі ня толькі была перанакіраваная не паводле прызначэньня ў аэрапорце Трыпалі брыгадамі, якія яго кантралявалі, але некаторыя з паставак, па ўсёй імавернасьці, былі зроблены наўпрост аўтаномным узброеным групам».

Экспэрты ААН кажуць яшчэ пра 15 рэйсаў самалётаў з боепрыпасамі зь Беларусі. Гэтыя боепрыпасы, магчыма, дасталіся няўрадавым групоўкам.

Наколькі гэта верагодна?

МЗС Беларусі абверг абвінавачаньні ў незаконным продажы беларускіх ваенных грузаў лібійскім баевікам.

«У адпаведнасьці з рэзалюцыямі Рады бясьпекі ААН 2009 (2011) і 2095 (2013) Беларусь у 2013 годзе ўзгадніла з Камітэтам Рады бясьпекі ААН па Лібіі пастаўку партыі матэрыяльных сродкаў ваеннага прызначэньня дзеля патрэбаў лібійскага ўраду ў сфэры бясьпекі.

Пастаўкі ажыцьцяўляліся зь Беларусі на адрас канчатковага карыстальніка — Міністэрства абароны Лібіі. За ўвесь пэрыяд выкананьня кантракту лібійскае Мінабароны не інфармавала Рэспубліку Беларусь пра тое, што нейкая частка маёмасьці трапіла „не па прызначэньні“, і ўвогуле не выстаўляла якіхсьці прэтэнзіяў беларускаму боку.

Больш за тое, у адпаведнасьці з умовамі дамовы Мінабароны Лібіі прадставіла беларускаму боку легалізаваныя сэртыфікаты дастаўкі, якія пацьвярджаюць дастаўку ўсёй адгружанай маёмасьці».

Начальнік управы інфармацыі МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык заявіў карэспандэнту Радыё Свабода, што ніводнага разу чуткі пра тое, што Беларусь нібыта гандлюе зброяй насуперак забароне ААН, не пацьвердзіліся, і ААН нават прыносіла выбачэньні за падобныя абвінавачаньні.

Паводле зьвестак, якія пацьвердзіў беларускі МЗС, усяго ў Лібію было пастаўлена 3000 тон боепрыпасаў. Ці можа груз такіх аб’ёмаў недзе згубіцца?

Незалежны вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін падлічыў, што калі 3000 тон грузу перавозілі транспартнымі чаўнакамі «Іл-76», якія аднаразова бяруць на борт каля 35 тон, то для перавозкі такой колькасьці боепрыпасаў трэба было каля 100 рэйсаў.

Аляксандар Алесін

«Такі паток добра кантралюецца, і нешта звыш таго, што ідзе па дакумэнтах, правезьці складана. Да таго ж — навошта? Беларусі цяпер патрэбны крэдыт МВФ, зь цяжкасьцю, але крыху наладжваюцца адносіны з ЗША. Ня думаю, што каб зарабіць крыху больш грошай, чым дазволена, у нас сталі б рызыкаваць гэтымі стасункамі», — мяркуе Аляксандар Алесін.

Паводле Reuters, падзеі, калі нейкая частка боепрыпасаў зь Беларусі магла трапіць не па прызначэньні, адбываліся ў тым ліку ў лютым 2014 году ў аэрапорце Трыпалі. Між тым, як вынікае са зьвестак з гэтай афрыканскай краіны, у той час сталіца яшчэ была пад кантролем ураду, які прызнаецца ў сьвеце. Збройны канфлікт паміж урадам і ісламістамі пачаўся ў траўні 2014 году, а аэрапорт у сталіцы краіны Трыпалі ісламісты захапілі ў жніўні.

Экспэрт Аляксандар Алесін пры гэтым адзначае, што ў Лібіі супроць ураду даўно дзейнічае не адзін узброены апанэнт, а шмат, і пра кантроль над тэрыторыяй краіны адной сілы нельга казаць з 2011 году, калі быў забіты былы дыктатар Муамар Кадафі.

«Паводле знаўцаў, Лібія заўсёды была вельмі аморфнай дзяржавай. Каго подкупам, каго сілай, каго праз сваяцкія адносіны — Кадафі зрабіў з разрозьненых плямёнаў дзяржаву, якой там ніколі не было. І цяпер, каб паўтарыць гэты манэўр, ня ведаю, што трэба зрабіць. Не магу ўявіць, калі там усё супакоіцца».

У жніўні 2011 году пасьля падзеньня рэжыму Муамара Кадафі стала вядома, што ў палон да ўрадавых войскаў трапіла больш за 20 вайсковых спэцыялістаў з краін СНД, у тым ліку 3 беларусы. Зь Лібіі Валер Гардзіенка, Ігар Едземічаў і Фёдар Труфанаў вярнуліся толькі ў жніўні мінулага году, пасьля суду і трох гадоў палону ды турмы.

Алег Воўчак

Праваабаронца, былы «аўганец» Алег Воўчак згадаў, як у 2011 годзе, калі яму праз эўрапейскіх калегаў перадалі інфармацыю пра знаходжаньне ў Лібіі беларускіх вайсковых спэцыялістаў і ён апублічыў гэтыя зьвесткі, улады Беларусі доўга іх абвяргалі. Ці не паўторыцца тое самае і з «чуткамі» пра беларускую зброю для ісламістаў?

«Тады таксама ўсё было вельмі закрыта. Нават калі мы выйшлі на сваякоў нашых палонных, яны спачатку пайшлі на размову, але потым раптам спынілі ўсе кантакты. Так можа быць і тут. Лічу, калі ААН пра гэта заяўляе, то гэта невыпадкова, гэта ня проста размовы. Дыму без агню не бывае. Хаця, канечне, трэба дачакацца агалошваньня справаздачы ААН і прааналізаваць, колькі насамрэч было грузу, куды ён пайшоў і каму дастаўся».

Беларусь не ўпершыню становіцца аб’ектам пільнай увагі міжнародных структураў адносна незаконных паставак зброі ў зоны канфліктаў. Раней падазрэньні гучалі адносна Іраку, Сырыі, Судану. На некаторыя беларускія арганізацыі, якія прадавалі зброю, былі накладзеныя санкцыі. Гэтак у 2010 годзе пад санкцыі ЗША трапіў асноўны на той момант «гандляр» беларускай зброяй — фірма «Белтэхэкспарт», уладальнік якой Уладзімер Пефціеў лічыўся тайным «кашальком» Аляксандра Лукашэнкі. Праз год Уладзімер Пефціеў прадаў кампанію, як было абвешчана, расейскаму бізнэсмэну Дзьмітрыю Гурыновічу, а яшчэ праз год санкцыі зь «Белтэхэкспарту» ЗША зьнялі. Між тым пра новага ўладальніка кампаніі Дзьмітрыя Гурыновіча неўзабаве стала вядома, што раней ён працаваў дарадцам Пефціева, калі той кіраваў кампаніяй сувязі Velcom, і што ён пляменьнік Надзеі Ермаковай, тагачаснай старшыні Нацыянальнага банку Беларусі.

Незалежныя экспэрты адзначаюць, што беларускія алігархі «добра навучыліся выводзіць свае актывы з-пад замежных санкцыяў».

Беларускія дыпляматы пакінулі Трыпалі ўлетку 2014 году.