Кабэльныя апэратары задумалі стварыць беларускамоўны тэлеканал, шукаюць кантэнт

Алена Анісім, архіўнае фота

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім расказала пра сустрэчу з апэратарамі кабэльнай тэлевізіі, зацікаўленымі ў стварэньні кабэльнага каналу па-беларуску.

Як кажа Алена Анісім Свабодзе, тыя маюць ідэю стварыць адмысловы недзяржаўны тэлеканал, на якім распаўсюджваць беларускамоўны кантэнт — мастацкія і дакумэнтальныя фільмы і мультфільмы, навукова-папулярныя перадачы і іншае, як арыгінальна беларускае, так і ў перакладзе.

«Апэратары маюць пэўныя цяжкасьці з напаўненьнем кантэнтам на беларускай мове, — распавядае Анісім Свабодзе. — Ідэя ў тым, каб мець магчымасьць карыстацца тым, што ўжо напрацавана па-беларуску».

Тых, хто мае беларускамоўны кантэнт або можа такі ствараць, дэпутатка просіць зьвяртацца да яе праз пошту alenaanisim@gmail.com або праз старонку на Facebook, каб наладзіць сувязь з апэратарамі, а тыя ўжо будуць разьбірацца з аўтарскімі правамі і рыхтаваць кантэнт да трансьляцыі.

Анісім сьцьвярджае, што канал ствараецца ня як канкурэнт «Белсату» (адзінаму на сёньня недзяржаўнаму беларускамоўнаму тэлеканалу), а дзеля пашырэньня «беларускай прасторы» на тых, для каго «Белсат» недаступны.