Алена Анісім кажа, што яе найперш цікавіла моўная сытуацыя ва Ўкраіне:
«Я пабачыла вельмі шмат інфармацыі менавіта на ўкраінскай мове. Гэта тычыцца і назваў вуліц, і рэклямы, і аб’яў. Расейскую мову я чула толькі ў адэскім транспарце і крамах. Але гэта былі пераважна турысты. Самі ж адэсіты ўсё больш актыўна пераходзяць на ўкраінскую мову.
Калі мы з унучкай купаліся ў моры, то трымаліся бліжэй да іншых дзяцей, каб і ёй было весялей. Я заўважыла: маладыя сем’і зь дзецьмі размаўляюць выключна ўкраінскай мовай. Мне цяжка меркаваць, наколькі яна 100-адсоткава літаратурная. Але тое, што такая тэндэнцыя існуе і яна прыкметная, гэта адназначна.
І я пазайздросьціла ўкраінцам. Нам трэба яшчэ шмат чаго зрабіць, каб і беларуская мова гучала ў Беларусі гэтаксама часта, як украінская ва Ўкраіне».
Са свайго месячнага адпачынку Алена Анісім змагла выкраіць толькі адзін тыдзень:
«На жаль, цяпер, нягледзячы на лета, набралася столькі спраў, што больш за тыдзень не змагла сабе дазволіць, — расказала спадарыня Анісім. — Сёньня я еду ў сваю акругу. Там у Стоўбцах у другой палове дня зьбяруцца дэпутаты ад гэтага рэгіёну ўсіх узроўняў, пачынаючы ад Савету Рэспублікі да мясцовых саветаў».
А ўчора Алена Анісім у Палаце прадстаўнікоў удзельнічала ў пасяджэньні рабочай групы, якая рыхтуе да другога чытаньня праект закону «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь». Яна зацікаўленая ў тым, каб заканадаўства на беларускай мове было юрыдычна правамоцным. Таму і прапанавала падрыхтаваць да другога чытаньня гэты нарматыўны акт ня толькі на расейскай, але і на беларускай мове. Каб гэта былі аўтэнтычныя тэксты, якія падчас другога чытаньня можна было б прыняць адначасова.