Беларусь зацікаўлена ва ўдзеле ў ініцыятыве «Ўсходняе партнэрства»

Уладзімер Макей, архіўнае фота

Пра гэта сёньня заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей на прэс-канфэрэнцыі пасьля завяршэньня ў Менску пятай нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў краін, якія ўваходзяць у ініцыятыву «Ўсходняе партнэрства».

Паводле Макея, праграму «Ўсходняга партнэрства» неабходна мадэрнізаваць і карэктаваць, унесьці прынцып дыфэрэнцыяцыі. Бо не па ўсіх пытаньнях інтарэсы шасьці краін супадаюць.

У такім жа кірунку выступіў эўракамісар па эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні Эўразьвязу Яганэс Ган. Ён сказаў, што жыцьцё паказала, што трэба дыфэрэнцыяваць праграму «Ўсходняга партнэрства». Паводле Гана, гэта трэба зрабіць дзеля таго, каб «зрабіцца больш стойкімі перад пагрозамі».

Макей сказаў, што нядрэнна было б, каб ЭЗ узаемадзейнічаў і з суседзямі суседзяў, найперш з Расеяй. Ён адзначыў, што было б вельмі добра, калі б ЭЗ усталяваў стасункі з Эўразійскім эканамічным саюзам. Паводле Макея, Беларусь гатовая прадставіць пляцоўку для працы ў гэтым кірунку, паколькі наша краіна ўваходзіць і ва «Ўсходняе партнэрства», і ў Эўразійскі эканамічны саюз.

Падчас сустрэчы прадстаўнікі краін-удзельніц прадставілі сваё далейшае бачаньне ініцыятывы «Ўсходняе партнэрства» і назвалі свае прыярытэты. Так першы намесьнік міністра замежных спраў Украіны Натальля Галібарэнка сказала, што вельмі важна атрымаць доступ да рынкаў ЭЗ і паглыбіць эканамічную супрацу паміж ЭЗ і краінамі «Ўсходняга партнэрства».

Макею і эўракамісару Гану задалі адно пытаньне: чаго вы чакаеце ад новых прэзыдэнцкіх выбараў, якія, верагодна, адбудуцца ў Беларусі ў кастрычніку? Спадар Ган адказаў на гэта вельмі коратка: «Чакаем транспарэнтных і адкрытых выбараў». А спадар Макей сказаў журналісту парталу tut.by, які задаваў гэтае пытаньне, што мы не павінны прывязвацца да нейкіх падзеяў у нашых дачыненьнях з ЭЗ, са Злучанымі Штатамі і нейкімі міжнароднымі структурамі. «Галоўнае, — сказаў Макей, — каб была агульная зацікаўленасьць у разьвіцьці дачыненьняў. Мы рэалісты і разумеем, што выбары — гэта вельмі важная справа і ад іх правядзеньня шмат што залежыць. Мы зробім усё, каб пазьбегнуць той цыклічнасьці, якая была раней. Давайце пакінем яе ў мінулым».

Эўракамісару Гану было зададзена пытаньне, ці памятаюць у Брусэлі пра тое, што ў Беларусі дагэтуль ёсьць палітвязьні. Ён адказаў на гэтае пытаньне так:

«Наяўнасьць палітвязьняў уплывае на дачыненьні Беларусі з ЭЗ».

Эўракамісар сказаў, што Брусэль мае кантакты з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі. Ён адзначыў, што «ў будучым мы знойдзем пункты дотыку для вырашэньня і гэтага пытаньня».