У Менску адбылася сустрэча прадстаўнікоў Нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» з эўракамісарам па эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні Эўразьвязу Ёганэсам Ганам і прадстаўнікамі службы зьнешніх дзеяньняў ЭЗ і Эўракамісіі.
На сустрэчы абмяркоўваліся адносіны Эўразьвязу і Беларусі, праблема палітзьняволеных, выкананьне правоў чалавека, узаемадзеяньне з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.
Зь беларускага боку ў сустрэчы бралі ўдзел нацыянальны каардынатар форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» па Беларусі Андрэй Ягораў, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Цэнтар Супольнасьць» Сяргей Мацкевіч, старшыня Гомельскага дэмакратычнага форуму Пётар Кузьняцоў, старшыня каардынацыйнага камітэту Нацыянальнай плятформы Сьвятлана Каралёва, каардынатар таварыства «Зялёная сетка» Яраслаў Бекіш.
Пра вынікі сустрэчы распавёў Свабодзе Андрэй Ягораў:
«Камісар Ган адзначаў, што сытуацыя, зьвязаная з правамі чалавека і палітзьняволенымі, — гэта тое, што перашкаджае сёньня разьвіцьцю адносінаў, і гэта галоўнае пытаньне, якое ёсьць. І калі яно будзе вырашана, можна будзе рухацца да больш шчыльнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю і імкнуцца дасягаць нейкіх зьменаў, перш за ўсё ў тых галінах супрацоўніцтва, дзе ёсьць інтарэс беларускіх уладаў і ёсьць інтарэс Эўразьвязу ў каапэрацыі.
Акрамя таго, эўракамісар Ган адзначаў, што ўключэньне грамадзянскай супольнасьці ўва ўсе працэсы ўзаемадзеяньня — гэта натуральны падыход, які выкарыстоўвае Эўрапейскі Зьвяз у сваіх дачыненьнях. І таму яны б віталі магчымасьць шырэйшага ўдзелу грамадзянскай супольнасьці».
Андрэй Ягораў кажа, што нейкіх абавязковых да выкананьня рашэньняў на такіх сустрэчах не прымаецца, але гэта дадатковы фармат камунікацыяў, які прадугледжаны «Ўсходнім партнэрствам» для высокіх эўрапейскіх чыноўнікаў:
«І зноў-такі, гэта месца, дзе можна паразмаўляць пра існуючыя праблемы, падыходы да іх вырашэньня ў такім фармаце, дзе няма вызначальных рашэньняў, але, тым ня менш, гэта дастаткова добры фармат, які дазваляе больш адкрыта адносіцца да супрацоўніцтва зь іншымі суб’ектамі, падключаць, да прыкладу, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, прадстаўнікоў бізнэсу. На маю думку, гэта карысная рэч».