«Мы ўдзячныя за незалежную пазыцыю Беларусі» — аўтар рэзалюцыі пра ўзнаўленьне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны

Артур Герасімаў, архіўнае фота

Расейская дэлегацыя была адзінай, што выступіла супраць прыняцьця рэзалюцыі «Ўмацаваньне ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў імя міру і росквіту ў рэгіёне АБСЭ». У ёй, сярод іншага, прызнаецца, што «пэўныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей» знаходзяцца пад кантролем «расейскіх гібрыдных сіл».

Большасьцю галасоў рэзалюцыя была прынятая на паседжаньні 26-й сэсіі ПА АБСЭ ў Менску 7 ліпеня.

Беларуская дэлегацыя на галасаваньні была прадстаўленая адным дэлегатам — старшынём пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валерам Варанецкім. Пры галасаваньні ён устрымаўся.

«Як краіна, якая зьяўляецца пляцоўкай перамоваў, мы ня можам станавіцца ані на чый бок», — патлумачыў Валер Варанецкі пазыцыю беларускай дэлегацыі.

Аўтар рэзалюцыі, украінскі дэлегат Артур Герасімаў, у камэнтары Радыё Свабода падзякаваў беларусам за «незалежную пазыцыю» і ацаніў аргумэнты расейскіх калегаў:

«Сёньня пераважнай большасьцю дэлегацый ПА была падтрыманая ўкраінская рэзалюцыя, якая жорстка асуджае расейскую агрэсію ва Ўкраіне і акупацыю Расеяй Крыму. Пры ўхваленьні рэзалюцыі адзіныя, хто выступаў супраць, былі расейцы. Усе іншыя выразна падтрымлівалі пазыцыю Ўкраіны, якая патрабуе толькі аднаго — спыніць забойства ўкраінцаў расейскімі рэгулярнымі войскамі і тэрарыстамі, якіх падтрымлівае Расея. І аднавіць тэрытарыяльную цэласнасьць украінскіх тэрыторый, украінскай зямлі — на Данбасе і ў Крыме.

Я хачу зьвярнуць увагу на вельмі важны выступ аўстрыйскага дэпутата, які правёў дакладныя паралелі паміж сытуацыяй сёньня і 1938 годам, калі нацысцкая Нямеччына захапіла Аўстрыю. Было выразна сказана, што калі сёньня міжнародная супольнасьць не адрэагуе належным чынам на тое, што робіць Расея ў цэнтры Эўропы, то гэта можа прывесьці да вельмі кепскіх наступстваў».

Артур Герасімаў назваў супрацоўніцтва паміж беларускай і ўкраінскай дэлегацыямі «шчыльным».

«Беларуская дэлегацыя не галасавала супраць рэзалюцыі ў падтрымку Ўкраіны супраць расейскай агрэсіі. Беларуская дэлегацыя цалкам падтрымала ўкраінскую рэзалюцыю, якая тычыцца энэргетычнай бясьпекі Эўропы, хоць расейцы галасавалі супраць, — кажа Герасімаў. — Я б хацеў сказаць, што мы ўдзячныя за незалежную пазыцыю Беларусі ў ПА АБСЭ, мы за яе вельмі ўдзячныя».

Пры абмеркаваньні рэзалюцыі расейскія дэлегаты актыўна выказваліся супраць. Ацэньваючы аргумэнты расейскіх калегаў, Артур Герасімаў кажа:

Калі шчыра, мне вельмі непрыемна, што на міжнародных форумах такога ўзроўню ёсьць людзі, якія адкрыта падманваюць

«Калі шчыра, мне вельмі непрыемна, што на міжнародных форумах такога ўзроўню ёсьць людзі, якія адкрыта падманваюць. Вось канкрэтныя прыклады. Яны прыводзілі ў прыклад так званы рэфэрэндум, які быў праведзены ў Крыме ў 2014 годзе, як цалкам легальны і адпаведны міжнароднаму праву. Я ім задаў вельмі простае пытаньне: „Зь якога моманту рэфэрэндум пад дуламі аўтамата Калашнікава лічыцца міжнародна прызнаным?“. Адказу я не атрымаў.

Яны каторы раз сказалі: „Ведаеце, расейскага войска няма на Данбасе. Расейскай тэхнікі няма на акупаваных тэрыторыях. І нават маніторынгавая місія АБСЭ ў сваіх справаздачах пра гэта ня піша“. На гэта я разгарнуў афіцыйныя справаздачы маніторынгавай місіі і задаў ім вельмі простыя пытаньні: „Што такое „Р330-Житель“ і цяжкая агнямётная сыстэма „Бураціна“, якія былі знойдзеныя на акупаваных тэрыторыях Данбасу маніторынгавай місіяй?“. А я вам патлумачу: гэта найноўшыя ўзоры эксклюзіўнай расейскай зброі, якая ёсьць толькі ў расейскага войска і ніколі не прадавалася ў іншыя краіны сьвету».

7 ліпеня Парлямэнцкая асамблея АБСЭ на сэсіі ў Менску прыняла рэзалюцыю з палажэньнямі ў падтрымку Ўкраіны, нягледзячы на пратэсты Расеі.

У рэзалюцыі «Ўмацаваньне ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў імя міру і росквіту ў рэгіёне АБСЭ», сярод іншага, прызнаецца, што «пэўныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей» знаходзяцца пад кантролем «расейскіх гібрыдных сіл».