18 траўня ў Менску ў межах кніжнага фэсту «Горад і кнігі» прайшла прэзэнтацыя беларускага перакладу раману «Байцоўскі клюб» Чака Паланюка. А 31 траўня на фэсьце «Прадмова» будзе прэзэнтаваны беларускі пераклад раману «Пэнэляпіяда» Маргарэт Этвуд.
Гэта другая і трэцяя кнігі сэрыі «Амэрыканка», якую зладзіла Марыя Мартысевіч. Распачаў жа «Амэрыканку» пры канцы 2017-га раман Кена Кізі «Палёт над гняздом зязюлі», а завершыць напрыканцы лета «Чытво» Чарлза Букоўскага. Хаця, як кажа ініцыятарка і рэдактарка, кропкі ня будзе. Будзе працяг.
Ініцыятарка і рэдактарка сэрыі перакладаў амэрыканскай літаратуры на беларускую мову Марыя Мартысевіч распавядае Свабодзе пра сакрэты посьпеху выдавецкага праекту «Амэрыканка».
Кен Кізі — найлепшы беларускі пісьменьнік
«Найбольш прыемным для мяне як рэдактаркі новай кніжнай сэрыі беларускіх перакладаў былі прамінулыя Каляды, калі ў нашай мэдыйнай прасторы пачалі падводзіць вынікі і нехта жартам назваў «Амэрыканку» жанчынай 2017 году. Неўзабаве, аднак, жарты скончыліся, і я са зьдзіўленьнем і трыюмфам пабачыла, што за раман Кена Кізі «Палёт над гняздом зязюлі», які мы прэзэнтавалі напрыканцы сьнежня, пачалі галасаваць у фэйсбуку як за «кнігу году». Нікому і да галавы не прыйшло паставіць абмежаваньне: маўляў, галасуйце толькі за айчынных пісьменьнікаў. І ў выніку амэрыканец Кен Кізі заняў у онлайн-галасаванцы першае месца, абышоўшы «нашых».
Для мяне гэта было сьведчаньнем таго, што ўдалося дасягнуць мэты — адной з многіх, якія мы ставілі перад сабою, запускаючы кампанію «Лета з „Амэрыканкай“» у чэрвені 2017-га. Удалося прыцягнуць увагу да перакладной кнігі, зрабіць так, каб пра яе пачалі гаварыць, каб найлепшыя творы ўсясьветнай літаратуры чыталі і абмяркоўвалі ў Беларусі і па-беларуску.
Кінуць «вечны плач аб старонцы»
Яшчэ адной мэтай «Амэрыканкі» было ўнесьці ў размовы пра разьвіцьцё кніжных праектаў больш пазытыўных інтанацый. Кінуць «вечны плач аб старонцы» і нарэшце загаварыць пра мэты і пэрспэктывы, пра пошук рашэньня праблемаў.
Было няпроста прасоўваць кніжны праект у сучасных мэдыйных умовах, калі ўсё вырашае колькасьць праглядаў. Некаторыя парталы проста адмаўляліся выстаўляць нашы матэрыялы — маўляў, вы ж пішаце пра кніжкі, а на матэрыялы пра кніжкі ніхто ня клікае. Гэта мяне па-сапраўднаму раззлавала. Ня хочаце чытаць пра кніжкі? Тады мы пакажам кіно! І пра экранізацыі кніг амэрыканскіх аўтараў усе адразу хуценька напісалі. Агулам за год мы зладзілі 5 кінапаказаў у Менску і 3 у Горадні.
За год нам удалося сабраць грошы на друкарскія паслугі і макеты чатырох кніг аўтараў ЗША і Канады:
- Кен Кізі. «Палёт над гняздом зязюлі».
- Чак Паланюк. «Байцоўскі клуб».
- Чарлз Букоўскі. «Чытво».
- Маргарэт Этвуд. «Пэнэляпіяда».
Тры з чатырох кніг, поруч зь перадзамовамі, на краўдфандынгу атрымалі і сваіх галоўных мэцэнатаў. Раман Кена Кізі падтрымаў прадпрымальнік Ігар Жабароўскі, раман Чарлза Букоўскі падтрымлівае праграміст Міхась Баўдзей, а раман Маргарэт Этвуд атрымаў цэлую калегію выдатных патронаў — сябраў Вашынгтонскай філіі BAZA (Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня).
Тры з чатырох кніг надрукаваныя, «Чытво» Букоўскі мы неўзабаве здаём у друк. І калі ранейшыя прэзэнтацыі мы арганізоўвалі самастойна, як кніжная сэрыя «Амэрыканка», то травень у нас выйшаў багаты на запрашэньні і супольныя праекты.
«Мой пераклад лепшы за расейскія». Знаткевіч пра першае беларускае выданьне культавай кнігі Кена Кізі
18 траўня ўжо адбылася «містычная размова» зь беларускім перакладчыкам Чака Паланюка Сержам Мядзьведзевым у межах фэсту «Горад і кнігі».
31 траўня — прэзэнтацыя раману Маргарэт Этвуд «Пэнэляпіяда» ў межах фэсту інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», які пройдзе ў культурніцкай прасторы «ОК 16». І нам вельмі прыемна, што гэтую дзею арганізатары назвалі «Лета з „Амэрыканкай“» — у гонар нашага праекту. Атрымаецца сымбалічна: падчас гэтай імпрэзы мы сапраўды ўсе разам сустрэнем лета.
І нарэшце, 2 чэрвеня падчас фэсту нацыянальных культур у Горадні «Амэрыканка» зладзіць чытаньні, прэзэнтацыі, літаратурныя віктарыны на «Літаратурным падворку» ў этна-краме «Цудоўня» (вул. Кірава, 3).
Баімся рабіць анонс «Чытва» Чарлза Букоўскі, празь нюансы друкарскай справы. Але мы абавязкова прэзэнтуем і гэтую кнігу пасьля летніх вакацый, адзначыўшы дзень народзінаў Бука 16 жніўня.
Наша будучыня з «Амэрыканкай»
«Амэрыканка» плянуе выдаваць новыя кнігі і разьвівацца, але наступную выдавецкую сэсію лічыць мэтазгодным адкласьці прыкладна на паўтара-два гады. Найбліжэйшая мэта — рэалізаваць наклады ўжо выдадзеных кніг, каб з дапамогай атрыманых грошай выплаціць аўтарскія правы амэрыканскім выдавецтвам за дзьве кнігі з чатырох (гэта тое, на што сабраных у інтэрнэце грошай не хапіла).
Наступны сэзон, верагодна, пачнецца зь перавыданьня «Бойні нумар пяць» Курта Вонэгута ў перакладзе Паўла Касьцюкевіча, бо на гэтае выданьне атрыманая ўгода пра аўтарскія правы. Да Вонэгута далучацца яшчэ новыя пазыцыі, якія да заключэньня кантрактаў з замежнымі праваўладальнікамі агучваць ня хочацца, каб не сурочыць.
Паміж сэзонамі ёсьць вялікае жаданьне зладзіць вялікі фэстываль англамоўнай літаратуры з майстар-клясамі і конкурсамі для перакладчыкаў, канцэртамі сьпяванай паэзіі і іншымі гучнымі цікавінкамі. Бо ў «Амэрыканкі» ёсьць яшчэ адна важная мэта — расказваць маладым творцам, што перакладаць добрыя кнігі на беларускую мову — гэта патрэбна, карысна і вельмі важна для нашай культуры».