Смаленск ніколі ня быў чужым для беларусаў, нягледзячы на тое, што апынуўся за мяжой. Блізкі ад беларускай мяжы горад на шляху ў Маскву і цяпер актыўна прыцягвае беларусаў — бізнэсоўцаў, гандляроў, будаўнікоў, турыстаў.
Цэнтральная вуліца Смаленску засталася Вялікай Савецкай, але яна вядзе да храма — вялізнага Ўсьпенскага сабору.
Гэты сабор — помнік абароны Масковіі ад войска Рэчы Паспалітай у 1609–1611 гадах. У ім разьмешчаная славутая ікона Маці Божай Смаленскай.
Смаленскі Крэмль цяпер крыюць дахоўкай, каб зьберагчы для будучых пакаленьняў.
Будынак абласной адміністрацыі. Тут мірна ўжываюцца двухгаловы арол і помнік Леніну. Як і ўсюды ў Расеі.
Помнік паэту Аляксандру Твардоўскаму і ягонаму герою Васілю Цёркіну ўсталяваны за народныя ахвяраваньні.
Савецкая тапаніміка ў горадзе амаль ня зьмененая. А часамі тут выяўляецца нават нейкая савецкая настальгія: смаляне і турысты могуць схадзіць у кальянную залю ў кавярні «СССР» альбо паўдзельнічаць у «піянэр-паці».
Смаленскі касьцёл пакуль не вярнулі вернікам, але абяцаюць. Зараз у будынку, які патрабуе капітальнага рамонту, месьціцца архіў. Каталікам, сярод якіх нямала выхадцаў зь Беларусі, аддалі пакуль што плябанію, дзе і правіцца імша.
Цэнтар падтрымкі беларускага прадпрымальніцтва ў Смаленску — непадалёк ад касьцёла, у будынку Дома культуры таварыства глухіх.
Даволі прыметная прысутнасьць у Смаленску тавараў беларускай прамысловасьці: касмэтыка, мэбля, абутак, малочныя, мясныя і рыбныя прадукты… У буйнейшых супэрмаркетах прадстаўленая беларуская гарэлка «Бульбаш». Беларускія тавары актыўна рэклямуюцца. Мясцовыя турфірмы прапануюць тур «Замкі Беларусі».
Шыльда на будынку Смаленскага ўнівэрсытэту нагадвае, што тут у 1934 годзе свае вершы чытаў Янка Купала.