Справу А.Бароўскага перадалі ў Вярхоўны суд

Гэта паведаміла прэсавы сакратар суду Анастасія Цымановіч. Паводле яе зьвестак, яшчэ не прызначаны судзьдзя, які будзе разглядаць справу Аляксандра Бароўскага і невядомы дзень пачатку працэсу.

Аляксандр Бароўскі быў арыштаваны ў траўні. Паведамлялася, што падчас ператрусу ў былога кіраўніка канцэрну “Белнафтахім” знайшлі вялікія сумы грошай. Абвінавачваюць Аляксандра Бароўскага ў крадзяжы маёмасьці праз службовае злоўжываньне, нанясеньні стратаў у вялікіх памерах і абнародаваньні службовай таямніцы. Крымінальны кодэкс прадугледжвае за гэтыя злачынствы да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Вядома, што сваёй віны Аляксандр Бароўскі не прызнае.

У Вярхоўным судзе не кажуць, ці будзе працэс над Аляксандрам Бароўскім закрытым.

Усё часьцей працэсы паводле спраў высокапастаўленых чыноўнікаў праходзяць за зачыненымі дзьвярыма. Нядаўна ў такім рэжыме былі разгледжаны справы аб зьбіцьці старшыні Дзяржкантроля Зянона Ломаця, працэс над былым намесьнікам начальніка ідэалягічнай ўправы адміністрацыі прэзыдэнта Уладзімерам Холадам.