Валютны крызіс і яго наступствы

У Беларусі працягваецца валютны крызыс. Як можна пракамэнтаваць заяву Нацыянальнага банку ад 31 сакавіка? Ці ёсьць рознагалосьсі паміж Нацбанкам і ўрадам адносна валютна-фінансавай палітыкі? Як уплывае валютны крызіс на эканамічнае жыцьцё краіны?
Удзельнікі: экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук і журналіст «Белгазеты» Сяргей Жбанаў.

Сяргей Жбанаў
Зьміцер Крук
Валер Карбалевіч

Наколькі адэкватныя дзеяньні Нацбанку?


Валер Карбалевіч: «Суб’екты гаспадараньня, інвэстары і проста шараговыя грамадзяне імкнуцца зразумець, што адбываецца на валютным рынку і якія яго пэрспэктывы. Наколькі адэкватныя ў гэтай сытуацыі паводзіны Нацбанку? Як можна пракамэнтаваць заяву Нацыянальнага банку ад 31 сакавіка?»

Зьміцер Крук: «Заява Нацбанку 31 сакавіка легалізавала тое становішча на валютным рынку, якое склалася цяпер. Выйсьце банк бачыць у атрыманьні расейскага крэдыту.

Калі ж інтэрпрэтаваць пазыцыю Нацбанку глыбей, то, каб пазбавіцца адмоўнага сальда, патрэбна ня толькі дэвальвацыя, а зьмена фіскальнай, манэтарнай палітыкі, скарачэньне фінансаваньня дзяржпраграм. Нацбанк не жадае браць адказнасьць за дэвальвацыю толькі на сябе. Калі няма палітычнай волі да рэформаў, то праводзіць адну дэвальвацыю бессэнсоўна».

Карбалевіч: «А тое, што Нацбанк дазволіў адхіляцца пазабіржаваму курсу рубля на 10% — хіба гэта не дэвальвацыя дэ-факта?»

Крук: «Не. Калі б Нацбанк на афіцыйных таргах зьнізіў курс, то тады б гэта была дэвальвацыя дэ-факта. Тое, пра што вы кажаце, — гэта дэ-факта замацаваньне множнасьці абменных курсаў.

Дасюль банкі прадавалі валюту па вышэйшым курсе, маскіруючы гэта нейкімі камісійнымі і іншымі плацяжамі. Цяпер сваім рашэньнем такое становішча Нацбанк зрабіў паўлегальным».

Сяргей Жбанаў: «Калі валютныя рэсурсы абмежаваныя, то ёсьць два спосабы рэагаваньня. Альбо трэба здымаць усе абмежаваньні і ўсё аддаць на волю свабоднаму рынку. Аднак такая палітыка не карыстаецца падтрымкай прэзыдэнта.

Альбо ўводзіць абмежаваньні. Але гэта не вырашае праблему забесьпячэньня эканомікі валютай. Як у 1999–2001 гадах, трэба браць крэдыты (у Расеі ці МВФ) і адпускаць курс. Трэба паказаць удзельнікам рынку, што які б ні быў попыт, Нацбанк сваімі інтэрвэнцыямі зможа яго забясьпечыць і ўтрымаць курс на эфэктыўным узроўні. Без такіх рэсурсаў застаецца толькі дзяліць валютную пайку».

Рознагалосьсі паміж урадам і Нацбанкам


Карбалевіч: «З заявы віцэ-прэм’ера Беларусі Румаса можна зразумець, што пазыцыя ўраду не супадае з пазыцыяй Нацбанку. Ці так гэта? У чым сутнасьць рознагалосьсяў?»

Крук: «Так, рознагалосьсі пасьля заявы сп. Румаса сталі відавочнымі. Таму што ў Нацбанку і ўраду розныя функцыі. Перад урадам пастаўлена задача забясьпечыць рост валавога ўнутранага прадукту. А пры цяперашніх валютных абмежаваньнях і множнасьці курсаў вырашыць гэтую задачу цяжка. Таму ўрад і крытыкуе Нацбанк. То бок урад і Нацбанк спрабуюць перанесьці адказнасьць адзін на аднаго».

Жбанаў: «Сапраўды, у кожнага ведамства свае інтарэсы і функцыі. Дэфіцыт валютных рэсурсаў, іх абмежаваньне зьніжае тэмпы росту. І ўрад гэтым незадаволены, ён падштурхоўвае Нацбанк да больш рынкавага курсу.

І наадварот, Нацбанк не адказвае за інфляцыю. А вось Румас кажа, што інфляцыя будзе на прагнозным узроўні. А яна за няпоўныя тры месяцы складае 5,4%. Гэта больш як палова прагнозу за год».

Пэрспэктывы выхаду з крызісу


Карбалевіч: «Якія наступствы валютнага крызісу для эканомікі краіны? Вось паніжаецца міжнародны крэдытны рэйтынг Беларусі, растуць цэны, паралізуюцца некаторыя сфэры эканамічнага жыцьця. Вось, напрыклад, прыйшло паведамленьне, што дылеры пакуль спыняюць увоз новых аўтамабіляў».

Крук: «Найбольш імаверны такі сцэнар. Калі не ўмяшаецца нейкі палітычны чыньнік, то цягам 2–3 тыдняў Беларусь атрымае расейскі крэдыт і крэдыт ЭўрАзЭС. Гэта на пэўны пэрыяд (6–12 месяцаў) стабілізуе сытуацыю. Будуць уведзеныя абмежаваньні на імпарт, найперш спажывецкі. Зьніжэньне рэальных даходаў за кошт росту цэнаў таксама скароціць імпарт.

Але ж такім шляхам немагчыма вырашыць праблему беларускай эканомікі канцэптуальна. І праз год мы можам вярнуцца да сёньняшняй сытуацыі. То бок адкладаем вырашэньне праблемы. Гэта небясьпечны сцэнар, бо праз год сытуацыя будзе цяжэйшая.

Сёньняшняя сытуацыя шмат у чым нагадвае становішча ў 2008 годзе. Але тады дамінавалі вонкавыя чыньнікі, а цяпер на першы плян выйшлі чыньнікі ўнутраныя.

Каб кардынальна разьвязаць праблему, неабходная зьмена эканамічнай палітыкі. Трэба скараціць фінансаваньне дзяржпраграм. Мінфін пра гэта кажа, але ёсьць сумнеў, што гэта адбудзецца. Затым трэба скараціць структурны дэфіцыт у эканоміцы, які ствараецца за кошт прамежкавых тавараў. Але гэты сцэнар, які быў бы станоўчым для эканомікі, менш імаверны».

Карбалевіч: «Калі Беларусь атрымае расейскі крэдыт, то ці захаваецца множнасьць курсаў?»

Курс: «Калі гэта будзе толькі расейскі крэдыт у памеры 1 млрд. даляраў, то ёсьць пытаньні. А калі Беларусь атрымае яшчэ крэдыт і ад ЭўрАзЭС — 2 млрд. даляраў, то множнасьці абменных курсаў ня будзе. На пэўны час».

Жбанаў: «Ці хопіць гэтых крэдытаў для аднаўленьня сытуацыі на валютным рынку? І на які час? А множнасьць курсаў можна ліквідаваць і цяпер, усталяваць адзіны курс. Пытаньне ў іншым: ці будзе па такім курсе валюта на рынку, у абменных пунктах? Цяпер яе там ня будзе».