Літоўцы ня хочуць суседзтва зь Беларускай АЭС

Расея выкарыстоўвае праект пабудовы Беларускай АЭС у палітычных мэтах. З такой заявай выступіў намесьнік міністра энэргетыкі Літвы Ромас Швэдас.

«Яны выкарыстоўваюць гэта ў палітычных мэтах, каб дамінаваць у рэгіёне», — прыводзіць яго словы брытанская газэта The Financial Times у артыкуле аб праблемах энэргетычнай галіны Літвы.

«Беларусь — вялікая краіна. Пабудуйце станцыю дзе-небудзь яшчэ», — сказаў Швэдас.
Беларусь — вялікая краіна. Пабудуйце станцыю дзе-небудзь яшчэ.


Беларуская АЭС мае разьмясьціцца ля мяжы зь Літвой, паблізу Вільні, і гэта, на думку аўтара артыкула, «будзе падтрымліваць неспакой наконт таго, што літоўцы могуць жыць у цені станцыі, якая дзейнічае ў адпаведнасьці з сумнеўнымі стандартамі».

Разам з тым літоўцы падазраюць расейцаў у намеры стрымліваць інвэстыцыі ў АЭС у Вісагінасе і захоўваць энэргетычную залежнасьць Літвы ад Расеі, гаворыцца ў артыкуле.

Тым часам у парлямэнце Літвы прайшлі сакрэтныя слуханьні наконт магчымых пагрозаў ад Калінінградзкай і Беларускай АЭС.