Дзень волі. Онлайн

Арганізатары сьвяткаваньня Дня волі ў Менску згоды адносна месца збору і формы сьвяткаваньня не знайшлі. Адныя зьбіраліся адзначыць 25 сакавіка ў сквэры імя Янкі Купалы, іншыя — на плошчы Якуба Коласа.


20:40 Як паведаміў Радыё Свабода праваабаронца Валянцін Стэфановіч, усяго ў Дзень Волі затрымалі больш за 50 чалавек. Прозьвішчы 26 вядомыя, астатнія ўдакладняюцца. Сярод іх Віктар Івашкевіч, Мікола Дземідзенка, Франак Вячорка, грамадзянін Польшчы Кшыштаф Кірджык.

Аўтазакі зьяжджаюць.



19:55 У раёне Кастрычніцкай плошчы маладыя людзі разгарнулі некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў. Але людзі ў цывільным сьцягі адразу ж выхапілі. Актывісты ўцяклі.




19:50 Пад пагрозай затрыманьняў людзі пачалі разыходзіцца, ідуць у бок станцыі мэтро Кастрычніцкая.




19:48 Намесьнік начальніка ГУУС Яўсееў дае народу дзьве хвіліны на тое, каб яны вызвалілі пешаходную зону і не перашкаджалі людзям праходзіць. Гэта тычыцца і журналістаў, заўважыў спадар Яўсееў. На пытаньне, калі адкрыюць уваход у сквэр, ён адказаў, што гэта не да яго пытаньне, а да адміністрацыі сквэру.

Your browser doesn’t support HTML5

Дзень Волі. Сквэр імя Янкі Купалы


Фота ад сквэру Янкі Купалы.







19:35 У сквэр Янкі Купалы людзей па-ранейшаму не пускаюць, міліцыянты раяць прыйсьці з кветкамі заўтра. Людзі пакуль не разыходзяцца.




19:20 Наста Палажанка паведамімла, што многія людзі прыйшлі да сквэру Янкі Купалы з плошчы Якуба Коласа, каб ускласьці кветкі. Партрэты Дашкевіча і Лобава зьніклі, ружы яшчэ ляжаць. Наста Палажанка назвала сёлетні Дзень Волі днём няволі.


Моладзь ля сквэру Янкі Купалы скандуе «Жыве Беларусь!»

19:15 Плошча Якуба Коласа. Удзельнікі акцыі разышліся.

Вуліца Янкі Купалы. Наста Палажанка і Тацяна Шапуцька паклалі да ног міліцынтаў ля ўваходу ў сквэр Янкі Купалы партрэты Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава і букеты бел-чырвона-белых ружаў.

Наста Палажанка ўскладае кветкі.


19:10 Мастак Аляксей Марачкін, моладзевыя актывісткі Наста Палажанка і Тацяна Шапуцька таксама прыйшлі з кветкамі. У сквэр Янкі Купалы па-ранейшаму не пускаюць.

Да помніка Якубу Коласу падысьці ўдалося, некаторыя паклалі кветкі. Міліцыя не замінала — усяго на пляцы было некалькі соцень чалавек, сярод іх шмат журналістаў, а таксама міліцыянатаў у цывільным. Выхады з мэтро перакрылі — больш людзей не прыйшло. Супрацоўнік гарадзкой управы міліцыі абвясьціў у мэгафон, што акцыя не адбылася, і заклікаў разыходзіцца.
Людзі стыхійна пайшлі ў бок Плошчы перамогі па двух тратуарах. Каля музэю сучаснага выяўленчага мастацтва іх спыніў кардон міліцыі ў цывільным — іх пачалі заганяць назад на пляц Якуба Коласа, расьсьякаць, выпіхваць з пляцу. Назіраліся некаторыя лякальныя інцыдэнты, але моцных пабоішчаў не было.



На гэты момант на пляцы застаецца некалькі дзясяткаў чалавек, журналісты, міліцыянты. На зямлі ляжаць транспаранты, якія міліцыя выхапіла ва ўдзельнікаў акцыі.

Your browser doesn’t support HTML5

Дзень Волі ў цывільным


19:00 Грамадзянін, якога маладзёны ў цывільным груба кінулі на зямлю разам з сынам, піша заяву ў міліцыю пра выкарыстаньне сілы ў дачыненьні да яго.

18:45 Да Купалаўскага сквэру прыйшлі арганізатары акцыі: старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч і былы кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі.
Віталь Рымашэўскі даў камэнтар Радыё Свабода: «Улады зноў выдумляюць нейкія падставы, каб забараніць людзям ускласьці кветкі да помніка Купалу, зноў зьяўяляюцца казкі пра нейкія бомбы ці невядомыя прадметы. Сказалі б ужо шчыра і адкрыта, што ня хочуць гэтага».

Янукевіч і Рымашэўскі ўсклалі кветкі да ўваходу ў сквэр. Людзі таксама зрабілі, як яны.

18:45 Міліцыянты выціскаюць людзей з плошчы Якуба Коласа, груба штурхаюць, некаторыя падаюць.


18:40 З плошчы Якуба Коласа каля 200 чалавек пайшлі ў бок цэнтру. Кардон міліцыі перакрыў ходнікі і спыніў шэсьце ў раёне музэю сучаснага мастацтва. Адціскаюць маніфэстантаў назад. Вырываюць транспаранты.




18:35 Міліцэйскі начальнік падышоў да людзей, якія сабраліся каля плошчы Якуба Коласа, і папрасіў разыходзіцца, папярэдзіўшы, што ніякай акцыі тут няма і ня будзе. На пытаньне журналістаў, колькі чалавек ужо затрымалі, ён адказаў, што такой інфармацыяй не валодае.


18:30 Затрыманыя моладзевыя актывісты, якія несьлі невялікія бел-чырвона-белыя сьцяжкі. Як толькі яны падышлі да ўваходу ў сквэр Янкі Купалы, іх схапілі міліцыянты ў цывільным даволі жорстка і груба і пацягнулі ў аўтобус, які знаходзіцца ў самім сквэры. Людзей у сквэр дагэтуль не пускаюць, некалькі дзясяткаў чалавек стаяць каля ўваходу. З арганізатараў да сквэру пакуль што ніхто не падыйшоў.


18.25 Праход на плошчу Якуба Коласа закрыты, не спыняецца грамадзкі транспарт. Заблякаваныя выхады з мэтро «Плошча Якуба Коласа».

Your browser doesn’t support HTML5

Дзень Волі, 25 сакавіка 2011



18:10 Валер Каліноўскі: «На пляцы Якуба Коласа вельмі шмат спэцыяльных машын, аўтазакаў, шмат спэцназу, міліцыянтаў апранутых у форму і ў цывільным. Аднак людзі па пляцы ходзяць. Некалькі чалавек усклалі кветкі да помніка Якуба Коласу. Людзі зьбіраюцца на тым месцы, куды іх заклікаў МФ. Аднак, лідэрам «Маладога Фронту» уваход сюды, відаць, забаронены. Нядаўна некалькі міліцыянтаў кінуліся на Міколу Дземідзенку, падхапілі яго на рукі і занесьлі ў машыну. Схапілі і яшчэ некалькі членаў кіраўніцтва «Маладога Фронту». Іншыя ж людзі стаяць, перамаўляюцца, за імі назіраюць супрацоўнікі міліцыі і спэцслужбаў у цывільным і з рацыямі. Людзей на пляцы я б падзяліў на тры часткі. Удзельнікі, міліцыянты і журналісты. Удзельнікаў на пляцы чалавек 200».

18:05 Алесь Дашчынскі: «Я знаходжуся каля ўваходу ў сквэр Янкі Купалы. Акцыя, аднак, не пачалася. Міліцыя перакрыла ўсе ўваходы ў сквэр. Людзі зь бел-чырвона-белымі букетамі кветак ня могуць прайсьці ў сквэр. Міліцыянты кажуць, што знайшлі падазроны прадмет з дратамі. Пасьля яго праверкі, маўляў, людзей пусьцяць. Некаторыя людзі кладуць букеты проста ля ўваходу ў сквэр. Іншыя пайшлі ў бок пляца Якуба Коласа, каб ускласьці кветкі там. Сквэр цалкам бязьлюдны. Там зусім нікога няма. Ужо ў 16:45 туды не пускалі. Нікога не прапускаюць і цяпер. Наконт пакладзеных ля ўваходу кветак. Я сустрэў спадарыню Вольгу Кароль, якая бачыла, як пакладзены ля ўваходу ў сквэр букет міліцыянт падняў, паламаў і выкінуў у сьметніцу».

Галіна Сіўчык з сынам папрасілі міліцыянтаў пакласьці кветкі да помніка, як яна выказалася, «арыштаванага Янкі Купалы». Міліцыянты кветкі адкінулі ў бок, а жанчыне прыгразілі, што калі будзе выступаць, яе забяруць.

18:00 На плошчы Якуба Коласа затрымалі Міколу Дземідзенку, намесьніка старшыні зарэгіставанага ў Чэхіі «Маладога фронту». Міліцыянты панесьлі яго літаральна на руках. Людзі скандуюць «Ганьба!»


Затрыманьне Міколы Дземідзенкі

Затрыманьне на плошчы Якуба Коласа.


17:45 Міліцыянты заявілі, што ў сквэры імя Янкі Купалы знойдзены падазроны прадмет з правадамі. Зараз ідзе праверка. Пасьля гэтага яны паабяцалі пусьціць народ у сквэр. Каля цэнтральнага ўваходу стаяць некалькі дзясяткаў чалавек з кветкамі.

17.25 На плошчы Якуба Коласа шмат міліцэйскіх машын, аўтазакаў, карэта хуткай дапамогі. Шмат аўтазакаў і на вуліцы Дарашэвіча. Доступ на плошчу Якуба Коласа на гэты час вольны.

17:10 Групе журналістаў, што прыйшлі да ўваходу ў сквэр Янкі Купалы, параілі прыйсьці пасьля 20-й. У сквэр не пусьцілі.

Каля цырка затрымалі лідэра маладых дэмакратаў Алега Корбана і яшчэ 15 моладзевых актывістаў, якія зьбіраліся ўскласьці кветкі да помніка Янку Купалу.

16:45 Праход у сквэр Янкі Купалы перакрыты міліцыянтамі. «Ёсьць прычыны, па якіх туды лепш не хадзіць», — сказаў адзін зь іх. У самім сквэры стаяць міліцэйскія машыны. На Камуністычнай вуліцы 5 аўтазакаў, 3 вайсковыя грузавікі, хуткая дапамога.

Плошча Якуба Коласа. 25 сакавіка, перад 17-й гадзінай.

Міліцыянты на плошчы Якуба Коласа

Аўтазакі на Чырвонай вуліцы.

http://maps.google.com/maps/ms?ie=UTF8&hl=en&oe=UTF8&msa=0&msid=207034288873138439713.00049f500fca68ff60ba6&ll=53.913237,27.577486&spn=0.019969,0.045147&z=14&output=embed
Разгарнуць мапу Дня Волі на ўвесь экран.


Дзень волі. Пярэпалах улады

Дзень Волі ў сьвеце