Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень волі. Пярэпалах улады

абноўлена

Напярэдадні акцыі 25 сакавіка сілавыя структуры шукаюць, затрымліваюць і папярэджваюць дэмакратычных актывістаў.

21:20 Франак Вячорка піша ў сваім Фэйсбуку: «Мяне пару хвілін таму выпусьцілі з пастарунку. мяне дапытвалі 6 гадзінаў. На сьцяне вісеў вялікі партрэт Фэлікса Дзяржынскага. Мяне затрымалі ў 14:30 дваццаць міліцыянтаў у кавярні ў цэнтры Менску»

18:00 У Магілёве міліцыянты затрымалі намесьніка старшыні магілёўскай суполкі Партыі БНФ Зьмітра Салаўёва, карэспандэнта БелаПАН Уладзімера Лапцэвіча, грамадзкага актывіста Аляксандра Сілкова і маладафронтаўца Зьміцера Пасрэднікава. Пра гэта паведаміла «Свабодзе» Надзея Салаўёва.

Спадарыня Надзея кажа, што міліцэйскі аўтобус спыніўся ля групы людзей, якія мірна гутарылі на вуліцы Ленінскай. Міліцыянты падышлі да іх і загадалі прайсьці ў аўтобус. Зьміцер Салаўёў запатрабаваў ад міліцыянтаў тлумачэньня. Замест гэтага людзі ў пагонах заламалі яму рукі і пацягнулі волакам. Тое ж зрабілі і зь іншымі. Гэты гвалт адбываўся на вачах 6-гадовай дачкі Салаўёва. Некаторыя мінакі спрабавалі спыніць затрыманьне, але міліцыянты крычалі, што «і на вашы рукі надзенем кайданкі».

На 18 гадзіну Надзея Салаўёва яшчэ не даведалася, куды міліцыянты завезьлі яе мужа і іншых актывістаў апазыцыі.

17:40 У Віцебску зьбілі журналіста Ўладзіслава Стараверава. Ён прыйшоў на плошчу Свабоды ў Віцебску зь відэакамэрай, каб пазьней здымаць ускладаньне кветак да дошкі Васілю Быкаву і помніка Караткевічу. Яго павалілі ня зямлю людзі ў цывільным, якія прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі.



16:45 Праход у скэр Янкі Купалы перакрыты міліцыянтамі. «Ёсьць прычыны, па якіх туды лепш не хадзіць», — сказаў адзін зь іх. У самім сквэры стаяць міліцэйскія машыны. На Камуністычнай вуліцы 5 аўтазакаў, 3 вайсковыя грузавікі, хуткая дапамога.
Далей — Дзень волі. Онлайн.

16:40 Гарадоцкага актывіста кампаніі «Гавары праўду» Леаніда Аўтухова спынілі мясцовыя міліцыянты, калі ён ішоў на аўтавакзал, каб ехаць у Віцебск. Яму патлумачылі, што паступіла апэратыўная інфармацыя пра тое, што ён мае намер узяць удзел у несанкцыянаванай акцыі. У Віцебск ён зьбіраўся паехаць, каб ускласьці кветкі да мэмарыяльнай дошкі ў гонар Васіля Быкава і да помніка Ўладзімеру Караткевічу.

На прыпынку грамадзкага транспарту недалёка ад дома міліцыянты затрымалі Тацяну Севярынец, маці зьняволенага ў СІЗА КДБ Паўла Севярынца. Яна таксама меркавала ўзяць удзел ва ўскладаньні кветак. Аднак міліцыянты павезьлі яе ў Першамайскі РАУС, заявіўшы, што яна падобная «да злачынцы, якая зьдзейсьніла сэрыю крадзяжоў у раёне вуліцы Чкалава».

15:30 Слонімскага актывіста затрымалі ў шпіталі. Барыс Кучынскі знаходзіўся па справах у шпіталі. Там да яго падышлі міліцыянты і запатрабавалі паказаць дакумэнты, а потым загадалі прайсьці зь імі.

Актывіст Іван Бедка, які паведаміў нашаму радыё гэтую інфармацыю, кажа, што Барыса Кучынскага нібыта павялі ў міліцыю для высьвятленьня ягонай асобы, хаця той паказаў міліцыянтам свой пашпарт. Ягоны тэлефон зараз не адказвае.

14:40
Полацкага актывіста Віктара Калесьніка міліцыянты затрымалі, спыніўшы маршрутку «Полацак-Менск». Затрыманьне адбылося за дзесяць кілямэтраў ад Полацку. Актывіста перасадзілі у службовую машыну, не патлумачыўшы прычын затрыманьня. Куды вязуць і навошта, не паведамілі таксама.

14:07 Як паведаміў «Свабодзе» Вінцук Вячорка, у кавярні ў ГУМе ў цэнтры Менску былі затрыманыя Франак Вячорка, Павал Прывалаў з Гомелю і яшчэ адзін маладзён з Гомелю. Затрымліваў міліцыянт Дзем’янкоў Уладзімер Пятровіч, на падставе «падабенства зь людзьмі, якія ўчынілі злачынства». Якое злачынства, міліцыянт ня здолеў сказаць. Пасьля некалькіх хвілінаў размовы падышлі людзі ў цывільным і забралі ў Франака тэлефон

13:25 Актывісты «Гавары праўду» Сяргеенка Аляксандр і Тацяна Ласкавец затрыманы ў кватэры. Без усякіх тлумачэнняў затрымалі актывістаў і павезлі ў Завадскі РУУС, паведамляе zapraudu.info

13:15 Віцебскага кіраўніка «Моладзі БНФ» Аляксандра Кузьняцова хацелі гвалтам адвесьці на дактыляскапію.

Да актывіста прыйшоў супрацоўнік Першамайскага РАУС маёр Старадуб і сказаў, што хлопец мусіць паехаць зь ім, каб здаць адбіткі пальцаў. Заадно, сказаў міліцыянт, з Аляксандрам Кузьняцовым будзе праведзена прафіляктычная гутарка.

Хлопец адмовіўся ісьці ў пастарунак бяз позвы. Тады міліцыянт правёў «прафіляктыку на даму»: сказаў, каб актывіст ня ўдзельнічаў сёньня ні ў якіх акцыях, бо «інакш адбіткі пальцаў возьмуць у іншым месцы»


13:00 Сёньня раніцай у Гомелі затрыманы прадпрымальнік, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Няпомняшчых. Пра гэта паведаміла жонка прадпрымальніка Алена:

«Уладзімер выправіўся а шостай гадзіне на вакзал, каб ехаць у Менск. Але пасьля гэтага ягоны мабільны тэлефон не адказваў. І вось толькі зараз мне патэлефанавалі зь міліцыі й паведамілі, што муж затрыманы на двое сутак і зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня на вуліцы Міжгародняй. Чаму й за што — не сказалі».

На запытаньне дзяжурны ізалятара адказаў, што Ўладзімера Няпомняшчых у дадзены момант у ізалятары няма.

12:50
Астравец: Іван Крук зьбіраецца ў Дзень Волі пісаць скаргу ў пракуратуру

Яго абурыла тое, што учора ўвечары да яго на кватэру прыходзіў участковы міліцыянт і без яго прысутнасьці распытваў ягоную жонку аб плянах мужа на 25 сакавіка. А сёньня ў двары дома, са слоў Івана Круку, ён заўважыў супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, якія яўна за ім сачылі.

Астравецкі актывіст АГП Іван Крук сказаў нашаму радыё, што ў Дзень Волі напіша скаргу пракурору на супрацоўнікаў міліцыі, паколькі лічыць дзеяньні участковага міліцыянта умяшаньнем у ягонае асабістае жыцьцё.

Сёньня ж, яшчэ да аднаго актывіста АГП з Астравецкага раёна, Мікалая Ўласевіча, наведаўся міліцыянт з тым, каб спраўдзіць, як ён захоўвае і абыходзіцца з паляўнічай стрэльбай. Мікалай Уласевіч лічыць, што такое супадзеньне невыпадковае.

12:10
Актывістку «Маладога фронту» Ганну Шарубу супрацоўнікі міліцыі выманілі з кватэры і адвезлі ў Цэнтральны РУУС Менска. Прычына затрыманьня пакуль невядомая, паведамляе «Вясна-96».

12:00 Берасьцейскаму прадпрымальніку Віктару Чайкоўскаму на сёньня падаткоўцы ўручылі дзьве позвы зьявіцца на 14 гадзіну ў падатковую інспэкцыю. Паводле словаў прадпрымальніка, позвы яму ўручылі ў паліклініцы:

«Я апошнія некалькі дзён маю праблемы са здароўем. Але падаткоўцы мяне знайшлі нават у чарзе да ўрача ў бальніцы. Лічу, што гэта палітычнаматываваны перасьлед. Не магу сказаць, ці зьвязаны ён непасрэдна зь Днём Волі, але гэта вынік маёй палітычнай дзейнасьці».

11:50 Каля будынка КДБ затрымалі актывіста «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева, які перадаваў кветкі сваякам палітвязняў.

11:20 У кватэру, якую здымае актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Ірына Пчолкіна спрабуюць патрапіць міліцыянты. У кватэры знаходзяцца таксама актывісты Сяргей Гумінскі, Андрэй Кастусёў, Кася Іерусалімская, Руслан Канавалаў і Зміцер Якубоўскі, які і паведаміў у праваабарончы цэнтар «Вясна-96» пра здарэньне.

10.55 У 7.20 міліцыянты прыходзілі дадому да бацькоў Тацяны Шапуцькі. Казалі, што яна ім патрэбная з нагоды крымінальнай справы, якой — не патлумачылі. Самой Тацяны дома не было.

10:40 Кіраўніку Бабруйскай гарадзкой арганізацыі АГП Віктару Бузінаву сёньня зранку невядомыя прабілі ўсе чатыры колы ва ўласным аўто. Віктар неаднойчы прымаў удзел у акцыях у Менску, паведамляе сайт АГП.



10:30 Моладзевы актывіст АГП Аляксандар Сцепаненка сёньня ў 8 гадзіне быў дастаўлены ў РУУС Савецкага раёну нібыта на прафіляктычную гутарку. Больш за дзьве гадзіны сувязь з ім адсутнічае.

10:10 Сёньня а 8 раніцы ўчастковы міліцыянт прыйшоў у дом, дзе пражывае пад падпіскай аб нявыезьдзе рэдактар сайту Хартыя97 Натальля Радзіна.
Супрацоўнік міліцыі параіў Натальлі Радзінай сёньня не пакідаць дом, паколькі да яе павінен прыехаць сьледчы Камітэта дзяржбясьпекі.
Нагадаем, Натальля Радзіна вымушана жыць у горадзе Кобрыне пад падпіскай аб нявыезьдзе. 28 студзеня яна была выпушчаная з СІЗА КДБ, дзе правяла больш за месяц. Журналістку абвінавачваюць у арганізацыі і ўдзеле «ў масавых беспарадках».

9:20 Актывіста «Гавары праўду» Леаніда Аўтухова з Гарадка вартуе міліцыя. Машыну з супрацоўнікамі міліцыі насупраць свае хаты ён заўважыў яшчэ 24 сакавіка. Зьмяняючыся «на варце», некалькі супрацоўнікаў міліцыі на розных машынах пільнавалі яго ўсю ноч. А 25 сакавіка да яго паабяцаў прыехаць сьледчы КДБ.

Ня ехаць на акцыю і Менск ці Віцебск спадара Аўтухова ўгаворваў 24 сакавіка і начальнік мясцовага райадзьдзела міліцыі.

Зранку 25 сакавіка сачэньне за хатай апазыцыянэра працягваецца.


9:00 Жодзінскі маладафронтавец Раман Васільеў атрымаў позву на 25 сакавіка 14:00. Юнака выклікаюць як сьведку, але ў позьве не пазначана, па якой справе. Адсутнічае таксама нумар позвы.

Хлопец лічыць, што гарадзкія ўлады хочуць такім чынам яго ізаляваць і перашкодзіць патрапіць на Дзень Волі ў Менску, паведамляе сайт Маладога Фронту

8:45 Працягваецца гісторыя з пошукам міліцыянтамі Франака Вячоркі, якія прыйшлі на кватэру, дзе жыве палітык Вінцук Вячорка. Міліцыянты ў цывільным працягваюць стаяць у пад’езьдзе. Калі 13-гадовая дачка Вінцука Ружана пайшла ў школу, міліцыянты дапыталі яе, дзе Франак.

8:00 На Плошчы Якуба Коласа і суседніх вуліцах ужо з ранку супрацоўнікі ДАІ вызваляюць аўтастаянкі і прылеглыя тэрыторыі ад аўтамабіляў.

07:48 Міліцыянты шукаюць Франака Вячорку

У 7:15 міліцыянты прыходзілі ў кватэру да бацькоў актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Паўла Юхневіча. Паўла там не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG