Самаабвешчанае Прыднястроўе рыхтуецца да адключэньня электраэнэргіі. Спыняецца прамысловасьць

Тыраспаль, архіўнае фота

Сэпаратысцкі рэгіён Малдовы, які тры дзясяткі гадоў падтрымліваецца Расеяй, перажывае маразы з адключэньнямі электраэнэргіі.

Прыднястроўе рыхтуецца да дадатковых адключэньняў электраэнэргіі і закрыцьця прадпрыемстваў пасьля спыненьня паставак расейскага прыроднага газу 1 студзеня з-за заканчэньня кантракту з Украінай, піша малдаўская служба Свабоды.

Паколькі у сэпаратысцкім рэгіёне моцныя халады, улады Прыднястроўя заявілі, што 5 студзеня пэрыядычныя адключэньні электрычнасьці будуць доўжыцца чатыры гадзіны, з 8 раніцы да поўдня па мясцовым часе, у тым ліку ў рэгіянальнай сталіцы Тыраспалі.

Урад сэпаратыстаў папярэдзіў, што адключэньне электраэнэргіі можа працягнуцца, і прапанаваў жыхарам нарыхтоўваць дровы для ацяпленьня.

У рэгіёне з насельніцтвам каля 450 000 чалавек людзі сутыкнуліся з адключэньнямі на адну гадзіну 3 студзеня і на тры гадзіны 4 студзеня. Па словах чыноўнікаў, на раніцу 4 студзеня зафіксавалі як мінімум 157 аварыйных адключэньняў электрычнасьці.

Большасьць вытворчасьцяў, за выключэньнем харчовых, спыненыя. 4 студзеня закрыліся мэталюргічны завод і хлебазавод у горадзе Рыбніца з насельніцтвам каля 48 000 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Малдове пасьля спыненьня паставак газу з Расеі павялічылі цэны на электрычную і цеплавую энэргію

Сэпаратысцкія ўлады абвясьцілі аб мерах дапамогі пажылым людзям, паколькі чакаецца, што ўначы тэмпэратура апусьціцца да мінус 10 па Цэльсію.

«Увядзеньне рухомых разрэзаў 3 студзеня было выпрабаваньнем. І яно пацьвердзіла, што гадзіннага перапынку для падтрыманьня электразабесьпячэньня недастаткова», — напісаў у Telegram фактычны кіраўнік Прыднястроўя Вадзім Краснасельскі.

«Выпрацаваная электраэнэргія не пакрывае рэзка ўзрослага попыту».

Ён паведаміў, што «1,5 тысячы шматпавярховых дамоў не маюць ацяпленьня і гарачай вады. Амаль 72 тысячы прыватных домаўладаньняў ня маюць газу. Адключана 150 газавых кацельняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Прыднястроўі праз спыненьне падачы газу з Расеі спыніліся ўсе прамысловыя прадпрыемствы

Улады фэдэральнай сталіцы Кішынёву пацьвердзілі, што Малдова забясьпечвае Прыднястроўе электрычнасьцю пасьля таго, як электрастанцыя, якая абслугоўвае рэгіён, перайшла на працу на вугалі.

Паводле публічных дадзеных, у сталіцы Прыднястроўя Тыраспалі ёсьць запасы каля 70 тысяч тон вугалю, якія маглі б пакрыць спажываньне рэгіёну на 30-50 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спыненьне транзыту газу з Расеі: што гэта зьменіць для Ўкраіны, Беларусі і Эўропы