Раптоўна памёр магілёўскі актывіст Алесь Сілкоў

Алесь Сілкоў. Архіўнае фота

У Магілёве 3 студзеня раптоўна пайшоў з жыцьця 55-гадовы мясцовы палітычны і грамадзкі актывіст Алесь Сілкоў.

Інфармацыя пра гэта зьявілася ў сацсетках. «Позірку» ўдалося яе пацьвердзіць.

Сілкоў у мінулыя гады быў нацыянальным каардынатарам кампаніі электаральнага назіраньня «Права выбару», сябрам рады на сёньня дэ-юрэ ліквідаванага руху «За свабоду», у пэўны пэрыяд — яго магілёўскім абласным каардынатарам.

Алесь Сілкоў уручае сэртыфікат пераможца «Падзеі году» дырэктару Музэю гісторыі Магілёва Аляксею Бацюкову. 2013 год.

У горадзе ён быў кіраўніком і адным з заснавальнікаў ініцыятывы «Грамадзкі магістрат», якая ў гадавіну наданьня гораду магдэбурскага права ўзнагароджвала асобу і ініцыятыву году ў Магілёве.

Сілкова неаднаразова затрымлівалі з палітычных матываў.